Лёсы розныя, прафесія і радзіма – адна
Микашевичи

Лёсы розныя, прафесія і радзіма – адна

Мікашэвічы – унікальнае месца, дзе культура, звычаі і традыцыі мясцовых жыхароў цесна перапляліся з прадстаўнікамі самых розных нацыянальнасцей былога СССР. Невялікіпалескі горад стаў другой радзімай для рускіх, украінцаў, прыбалтаў, казахаў і іншых народнасцей дзякуючы будаўнічай галіне, у якой яны знайшлі прымяненне сваім ведам і ўменням. Невыпадкова прафесійнае свята працаўнікоў гэтай сферы, якое сумясцілі з Днём горада, тут адзначаецца з асаблівым размахам.

…А характар мацней, чым граніт!

Праграма ў гонар Дня будаўніка, якая сабрала калектыў РУВП «Граніт» у Палацы культуры прадпрыемства, нагадала аб значнасці адной з самых мірных прафесій. Пачалася яна з цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу «Лепшы па прафесіі». Спецыяльныя пасведчанні, падарункі і кветкі з рук генеральнага дырэктара Эдуарда Гаўрылковіча і яго намесніка Маргарыты Сераокай атрымалі 32 прадстаўнікі розных падраздзяленняў і дапаможных службаў: некаторыя сталі ўладальнікамі ўзнагарод не ў першы раз.

Ушанаванне пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства кожны раз уражвае, як і людзі, чые характары дзесяцігоддзямі гартаваліся ў няпростых умовах працы. Яны хваляваліся ад цёплых і простых слоў падзякі, дружных апладысментаў калег, родных і сяброў. Дарэчы, прыемным дадаткам да традыцыйных падарункаў сталі каляровая брашура «Лепшы па прафесіі-2017» і сувенірнае 2-томнае выданне кнігі «РУВП «Граніт»: час і людзі».

Затым урачыстасць перамясцілася ў канцэртную залу. Гранітаздабытчыкаў павітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, які падзякаваў за якасную работу, актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні і іншых праектах рознай накіраванасці ў родным горадзе, палескім краі і ўсёй Беларусі. Калектыў павіншавалі генеральны дырэктар Эдуард Гаўрылковіч, старшыні: прафкама прадпрыемства – Таццяна Гарбенка і гарвыканкама – Галіна Сыцэвіч. Яны ўручылі працаўнікам граматы і абвясцілі падзякі розных узроўняў. Сярод узнагарожданых – намеснік начальніка кар’ера Мікалай Крукоўскі, які  атрымаў знак «Ганаровы будаўнік» і кіраўнік прадпрыемства Эдуард Гаўрылковіч, узнагароджаны Ганаровай Граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Амаль дзве гадзіны яркімі і арыгінальнымі нумарамі працаўнікоў і гасцей РУВП «Граніт» радавалі харэагра-фічны ансамбль «Эдэльвейс», калектыў эстрадных спеваў «M.RED», танцавальнае аб’яднанне «Мікадэнс», вакалісты Раман Даніловіч, Эрыка Дземідовіч, Маргарыта Вакуліч і Ксенія Калошыц.

 

Горад, заснаваны будаўнікамі

Другі дзень святочнай праграмы пачаўся з ушанавання на летняй сцэне Палаца культуры лепшых працаўнікоў ААТ «Спецжалезабетон» і БУ-63. Памятнымі падарункамі адзначылі і прадстаўнікоў тых прадпрыемстваў, хто актыўна ўдзельнічаў у навядзенні парадку на тэрыторыі горада і спрыяў паляпшэнню ўзроўню аблугоўвання насельніцтва.

Удзельнікі мерапрыемства шчыра жадалі моцнага здароўя 98-гадовай гараджанцы Таццяне Шчур і інваліду Вялікай Айчыннай вайны Пятру Сельвічу, які ў студзені сустрэў свой 95-ы дзень нараджэння. Званне «Дом узорнага парадку» атрымаў Віктар Мурын з вуліцы Светлая. Пераможцамі ў конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне сярод прадпрыемстваў і арганізацый розных формаў уласнасці сталі калектывы РУВП «Граніт», філіяла №1 «Мікашэвіцкая бальніца» і індывідуальны прадпрымальнік Вольга Трус.

Выступленні артыстаў мастацкай самадзейнасці Лунінеччыны і ўзорна-паказальнага аркестра Брэсцкай пагранічнай групы сталі фінальным акордам афіцыйнай віншавальнай часткі.

Вялікую цікавасць выклікала выстава тэхнікі РУВП «Граніт», асабліва аўтамабіль «БелАЗ» грузападымальнасцю 90 тон. Нязменнай папулярнасцю карысталіся экскурсіі на РУВП «Граніт»: для землякоў арга-нізавалі тры паездкі. Падчас наведвання вытворчасці дарослыя і дзеці пабывалі на назіральнай пляцоўцы кар’ера, а таксама ўбачылі работу магутных самазвалаў на тэхналагічнай лініі. Госці па вартасці ацанілі сучаснае абсталяванне электрацэха і бытавыя ўмовы, створаныя для працаўнікоў.

Аматарам актыўнага ладу жыцця прапанавалі выявіць лепшых у тэнісным турніры і падтрымаць удзельнікаў футбольнага матча «Любань» –»РУПВ «Граніт» у рамках чэмпіянату раёна, у якім госці перамаглі з лікам 3:0. Сумеснаму сямейнаму адпачынку спрыялі разнастайныя атракцыёны. Папоўніць жа запас энергіі можна было ў палатках выязнога гандлю.

Вячэрнюю праграму склалі лазернае шоу, феерверк і канцэрт. Са святочнай праграмай прыехалі Жанэт, калектывы «Малако», «Правакацыя», «Да Вінчы» і іншыя беларускія артысты.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть