Калектыў «Церніца» выступіў у Мікашэвічах
Микашевичи

Калектыў «Церніца» выступіў у Мікашэвічах

Нацыянальны брэнд, візітоўка краіны, скарбніца вуснай народнай паэзіі  – якімі толькі прыгожымі эпітэтамі не характарызавалі за час існавання творчасць ансамбля беларускай песні “Церніца” Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення чыгункі.  А нядаўна заслужаны аматарскі калектыў цяпло сустракалі жыхары Мікашэвіч.

Майстэрства сталічных гасцей, прадэманстраванае на летняй сцэне Палаца культуры РУВП “Граніт”, шыкоўныя касцюмы, непаўторнае гучанне народных інструментаў павялічылі колькасць прыхільнікаў самабытнага ансамбля. Расказвае Іосіф Несцяровіч – адзін з яго нязменных  мастацкіх кіраўнікоў:

–  Калектыў складае моладзь ва ўзросце 18-30 гадоў. У рэпертуары, а ім у асноўным займаецца заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Галіна Несцяровіч,  – народныя танцы і песні, абрады, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі і іншае. Цудоўным дадаткам да яго з’яўляецца аркестровая група з цымбал, жалейкі, баяна, барабана, скрыпкі, дудкі і кантрабаса, якая робіць гучанне каларытным і арганічным.  Паспяхова складваецца лёс і «малодшай сястры» «Церніцы» – дзіцячага ансамбля беларускай песні “Цернічка”. За два дзесяцігоддзі свайго існавання падрыхтавана многа юных талентаў.

Дзякуючы свайму асабліваму падыходу да беларускага фальклору, хараство якога “Церніца” дэманструе па-майстэрску, калектыў запатрабаваны як у Беларусі, так і за мяжой. Яго ўдзельнікі прадстаўлялі нацыянальнае мастацтва ў Германіі, Польшчы, Іспаніі, Італіі, Аўстрыі, Нідэрландах, Егіпце, Ізраілі, Лівіі, Літве, Латвіі, Эстоніі і іншых краінах. А яшчэ тут шмат увагі надаюць захаванню і развіццю беларускай песні, таму ансамбль з’яўляецца базай для павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў аматарскіх калектываў. Дарэчы, сваю назву вядомы гурт атрымаў па першай песні. “Церніца” – так па-беларуску завецца прылада для апрацоўкі льну.

Нашы артысты таксама вядуць актыўную канцэртную дзейнасць  у межах Беларусі, адчуваючы сябе ўтульна і ў зале Белдзяржфілармоніі, і на невялікай сцэне ўстановы культуры маленькага населенага пункта.  Для тых, у каго няма магчымасці наведаць нашы выступленні, падрыхтавалі і выпусцілі пяць дыскаў. У склад апошняга з іх – «Вянок сяброў»  –  увайшлі беларускія, украінскія, рускія, яўрэйскія песні.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть