«ДОБРЫ ДЗЕНЬ, ЧАРАЎНІК, ЦАР ВІХУР І ЗАВЕЙ…»
Микашевичи

«ДОБРЫ ДЗЕНЬ, ЧАРАЎНІК, ЦАР ВІХУР І ЗАВЕЙ…»


Хто кожны год прыносіць у мяшку шчасце? Хто ажыццяўляе навагоднія мары? Хто не дае нам развітацца з дзяцінствам, дазваляючы хоць на некалькі імгненняў вярнуцца ў гэты цудоўны бестурботны час, і ахутвае смугой чараўніцтва і магіі? Правільна, Дзядуля Мароз. Першы ў гісторыі Мікашэвіч парад казачных герояў прайшоў у мінулыя выхадныя.
Галоўная гарадская вуліца Першамайская даўно не бачыла такой колькасці жыхароў! Нягледзячы на мароз, палюбавацца святочным шэсцем выйшла шмат дарослых і дзяцей. І, трэба сказаць, яны не пра-лічыліся. Удзельнікі парадавалі разнастайнасцю касцюмаў і саміх персанажаў. Практычна кожны Дзед Мароз паклапаціўся пра світу – снягурак, ведзьмаў, скамарохаў, снегавікоў і іншых герояў, якія перасоўваліся на печы (пераабсталяваныя санкі), конскай запрэжцы і іншым транспарце. Не засталіся ў баку ад свята і супрацоўнікі ДАІ. За рулём машыны суправаджэння таксама сядзеў Дзед Мароз, а на пасажырскім сядзенні – яго ўнучка Снягурка!
Не менш людзей сустракала калону на плошчы каля Палаца культуры РУВП «Граніт», дзе паміж Дзядамі Марозамі  разгарнулася сапраўдная барацьба, а для народа – свята. Амаль тры гадзіны сем канкурсантаў спаборнічалі ў мастацтве і уменні падаваць сябе, арганізоўваць і праводзіць розныя гульні і віктарыны. Прычым, не толькі з дзецьмі, але і дарослымі. А перапынкі паміж выступленнямі запаўнялі канцэртныя нумары мясцовых артыстаў мастацкай самадзейнасці. 
Арганізатар мерапрыемства – прафкам гранітаздабываючага прадпрыемства –  паклапаціўся не толькі аб прызах для ўдзельнікаў гульнявых праграм, але і аб гарачым чаі, якім можна было сагрэцца ў фае. Там жа дзеці мелі магчымасць пагутарыць з «ДАІшным» Дзедам Марозам і Снягуркай аб правілах паводзін на вуліцы і атрымаць у падарунак цукеркі і флікеры.
З-за мінусавой тэмпературы паветра не ўсе наведвальнікі навагодняга шоу змаглі дачакацца яго заканчэння. Аднак самыя цярплівыя і загартаваныя былі ўзнагароджаны. Конкурсная праграма Сяргея Лахава (упраўленне), які з дапамогай аблівання халоднай вадой і арыгінальнай харэаграфіі прадэманстраваў перавагі здаровага ладу жыцця, нікога не пакінула абыякавым. Менавіта яму і прысуджана званне «Крэатыўны Дзед Мароз». Прыхільнікам лепшых традыцый прызнаны працаўнік гранітнага кар’-ера Мікашэвічы Сяргей Таболіч. Слесар па рамонце аўтамабіляў аўтатранспартнага прадпрыемства Сяргей Марачкоўскі, які на час свята ператварыўся ў абаяльнага снегавіка, сабраў максімальную колькасць галасоў гледачоў. Уладальнікам жа галоўнага тытула – «100-працэнтны Дзед Мароз» – стаў вадзіцель калоны №2 Уладзімір Дарафей. А ў ролі Снягуркі яму дапамагала тэхнік па ўліку Кацярына Таболіч. Не засталіся ў накладзе астатнія ўдзельнікі. Усе яны атрымалі прэміі ад прафкама прадпрыемства.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть