Калектыў аўтапарка №6 атрымаў пяць новых “БелАЗаў”
Микашевичи

Калектыў аўтапарка №6 атрымаў пяць новых “БелАЗаў”

белазы2У аўтапарку №6 г. Мікашэвічы гэтай падзеі чакалі з нецярпеннем. Да яе рыхтаваліся, верачы і не верачы ў цуд, які павінен быў адбыцца. Жарт сказаць: адразу пяць новенькіх 30-тоннікаў павінны былі папоўніць зношаны парк транспартнага прадпрыемства.

2 красавіка магутныя прыгажуны выстраіліся на лінейцы гатоўнасці на тэрыторыі аўтапрака. З прывітальным словам (а сабраўся на пляцоўцы перад адміністрацыйным будынкам ледзь не ўвесь калектыў) да прысутных звярнуўся генеральны дырэктар ААТ “Брэстаблаўтатранс” Ананій Хвасцюк. Ён адзначыў, што сённяшняя падзея – першы крок да прыкметнага тэхнічнага пераўзбраення аўтапрака №6. Прычым ёсць намер набываць не толькі тэхніку для грузаперавозак, але і спецыяльную, якую можна будзе выкарыстоўваць на добраўпарадкаванні маладога горада. Пакуль жа дасягнута дамоўленасць з кіраўніцтвам беларускага аўтагіганта аб паўгадавой адтэрміноўцы плацяжоў за “БелАЗы”.

Упэўненасць у тым, што аўтапарк адновіць слаўныя традыцыі флагмана транспартнай галіны не толькі раёна, але і вобласці, прагучала ў словах старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча. Адначасова Васіль Міхайлавіч выказаў удзячнасць калектыву РУВП “Граніт”, якое падствіла надзейнае плячо сваім вытворчым партнёрам.

белазы4Генеральны дырэктар гранітаздабываючага прадпрыемства Эдуард Гаўрылковіч таксама не хаваў задаволенасці ад усяго, што адбывалася ў гэты дзень. Ён ведае, што абнаўленне парку аўтамабіляў – упэўнены крок у будучае, дзе ўжо яскрава акрэслены перспектывы распрацоўкі новага Сітніцкага месцанараджэння будаўнічага каменю.

Дырэктар аўтапарка №6 Валянцін Калбоўскі з новымі аўтамабілямі, кошт якіх перабольшвае 8 мільярдаў рублёў, звязвае лепшыя спадзяванні, перш за ўсё, на дзень сённяшні. Па яго словах, гэта істотнае павелічэнне аб’ёмаў грузаперавозак і, адпаведна, рост заработнай платы. Такая акалічнасць дазволіць паступова вырашыць і праблему кадравага голаду. Не сакрэт, што пакуль найбольш старанныя вадзіцелі імкнуцца ўладкавацца да заможных і фінансава стабільных суседзяў – на РУВП “Граніт”.

Зрэшты, у аўтапарку таксама ёсць адданыя прадпрыемству і прафесіі людзі. Менавіта ім вырашана даверыць новыя “БелАЗы”. Пасля таго, як атрымаў з рук А.А. Хвасцюка сімвалічны ключ, сапраўдныя В.І. Калбоўскі ўручыў Мікалаю Поуху, Мікалаю Кібзюку, Фёдару Германовічу, Сцяпану Купрыяновічу, Уладзіміру Віскову, Міхаілу Пашкевічу, Андрэю Валодзька, Уладзіміру Маламу, Генадзю Ярмолічу і Васілю Кішкевічу. Пакуль гэта няпоўны пералік усіх, хто будзе працаваць на 30-тонніках. Мяркуецца, што ў кожным экіпажы будзе па 4 чалавекі. З канчатковым саставам экіпажаў у аўтапарку плануюць вызначыцца ў бліжэйшыя дні.

белазы3Урачыстасць была багатай на традыцыйныя, і ўсё ж прачулыя моманты. Новыя аўтамабілі асвяціў настаяцель мясцовага храма ў гонар Ражства і Прадцечы Хрысціцеля Гасподняга Іаана протаіерэй Стэфаній Масейчук. Вадзіцелі ж у імкненні забяспечыць доўгую і шчаслівую дарогу новым машынам разбілі аб крыло адной з іх бутэльку шампанскага. У думках кожны з іх несумненна пажадаў, каб гэта была адзіная сур’ёзная “аварыя” на іх шляху.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ Фота аўтара.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть