Новы УЗІ-апарат набыў «Граніт» для мясцовай бальніцы
Микашевичи

Новы УЗІ-апарат набыў «Граніт» для мясцовай бальніцы

Днямі ў філіяле №1 «Мікашэвіцкая бальніца» адбылося ўрачыстае адкрыццё кабінета ўльтрагукавой дыягностыкі. З гэтай нагоды ўстанову аховы здароўя наведалі старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, кіраўнік дэпутацкага корпуса Лунінеччыны Віктар Рафаловіч і генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч, які, уласна кажучы, і стаў ініцыятарам аказання фундатарскай дапамогі.

Як расказала галоўны ўрач Лунінецкай ЦРБ Святлана Хлебус, сучасны японскі апарат ультрагукавой дыягностыкі, які каштуе 116,5 тысячы беларускіх рублёў, набыты за сродкі РУВП «Граніт». Ён адносіцца да абсталявання высокага класа. У Беларусі зараз падобная апаратура ёсць толькі ў рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах і некаторых прыватных медыцынскіх установах.

Магчымасці ў новага абсталявання вялікія. Можна выконваць поўнае комплекснае даследаванне па ўсіх сасудах, кардыялогіі, акушэрству, гінекалогіі, малочнай і слінных залоз, суставаў і г.д. У планах на бліжэйшы час – навучанне мікашэвіцкіх спецыялістаў па УГД сасудаў шыі і ніжніх канечнасцей, сонных і пазваночных артэрый,  правядзенне іншых працэдур, якія раней выконваліся на раённым і абласным узроўнях. Гэта дазволіць мясцовым медыкам дасягнуць «залатога» стандарту ўльтрагукавой дыягностыкі – так знаўцы завуць сучаснае комплекснае медыцынскае абследаванне. Дарэчы, апарат УГД, які быў на ўзбраенні філіяла ў апошнія гады, перадалі ў жаночую кансультацыю, што палепшыць узровень абслугоўвання насельніцтва.

Намеснік загадчыка філіяла №1 «Мікашэвіцкая бальніца» Вольга Вайцяхоўская адзначыла, што РУВП «Граніт» і кіраўнік Эдуард Гаўрылковіч, які з’яўляецца таксама дэпутатам гарадскога, раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў, трэці год дапамагаюць установе аховы здароўя па ўмацаванню яе дыягнастычнай базы. Напрыклад, у 2016-ым набылі па 2 апараты манітарыравання – холтэраўскага ЭКГ і сутачнага артэрыяльнага ціску на суму 22,5 тысячы рублёў. Сёлета ў ліпені – праграмнае забеспячэнне для велаэргаметрычанага комплексу. У верасні арсенал абсталявання жаночай кансультацыі папоўніў новы кальпаскоп нямецкай фірмы «Lessing» коштам 14 тысяч беларускіх рублёў для дыягностыкі фонавых захворванняў рака шыйкі маткі. А фетальны манітор будзе актыўна выкарыстоўвацца для прафілактыкі гіпаксіі плода ў цяжарных. У канцы лістапада чакаецца дастаўка сучаснага відэакалонаскопа «Olympus» (Японія), набыццё якога абышлося ў 69 тысяч беларускіх рублёў. Ён дазволіць яшчэ на ранніх стадыях выяўляць рак тоўстага кішэчніка, акрамя таго, зробіць гэту працэдуру больш камфортнай.

Пасля кароткага візуальнага знаёмства з японскім апаратам, якое правяла ўрач Таццяна Фіцнер, удзельнікі мерапрыемства скарысталіся магчымасцю напрамую пагутарыць з кіраўніцтвам  раёна, дэпутацкага корпуса і медыцынскай службы.  Людзі цікавіліся камплектацыяй штата філіяла спецыялістамі, забеспячэннем лекамі, арганізацыяй харчавання хворых і іншым. На ўсе пытанні атрыманы грунтоўныя адказы ад старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко, старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Рафаловіча і галоўнага ўрача ЦРБ Святланы Хлебус.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть