Мудрасць роднай зямлі
Микашевичи

Мудрасць роднай зямлі

11З Мікашэвічамі лёс звязаў Мікалая ГАЛАВАЧА амаль чатыры дзесяцігоддзі таму. За гэты час ён набыў нямала сяброў, абзавёўся ўласным домам і выгадаваў разам з жонкай двух цудоўных сыноў. Сёння з горадам гранітаздабытчыкаў яго звязвае вялікая колькасць самых разнастайных падзей, успаміны пра якія Мікалай Мікалаевіч беражліва захоўвае ў памяці. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, пры знаёмстве ён з гонарам адзначыў: «я – гарадчук!»

Давыд-Гарадок – адно са старажытных паселішчаў Століншчыны. Яго жыхары заўсёды славіліся гаспадарлівасцю і гандлёвай хваткай, забяспечваючы дабрабыт сваімі працоўнымі рукамі. Вось і ў родзе суразмоўцы былі выдатныя рамеснікі. Бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Дзень Перамогі сустрэў у Берліне. Ён шмат гадоў працаваў у прамбыткамбінаце, а вольны час праводзіў за пашывам хромавых ботаў. Абутак быў такім якасным, што заказчыкі з’язджаліся з усяго рэгіёна. Дзядзька вырабляў розныя рэчы са шкур авечак і іншых жывёлін. Мама разводзіла разнастайныя расліны і прадавала людзям насенне кветак і агародніны.

У любові і павазе да працы выхоўваўся і Мікалай з сёстрамі. Нават цяпер, на старасці год, ён з асаблівай цеплынёй успамінае, колькі значнасці яму, зусім яшчэ хлапчуку, надала сумесная работа з бацькам над абуткам. Старэйшы даручаў сыну выточваць драўляныя калодкі для ботаў.

 – Усю работу заўсёды выконвалі з вялікім задавальненнем і ў вызначаны тэрмін. І не бяда, што з раніцы ў школу на заняткі без праблем уставаў яшчэ зацемна. Любоў да жывёлы адыграла вызначальную ролю пры выбары прафесіі – у 1973 годзе скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут па спецыяльнасці  «зоаінжынерыя», – расказвае Мікалай Мікалаевіч.

Атрымліваючы практычныя навыкі ў калгасе «1-ае Мая» на Жлобіншчыне, ён апантана марыў укараніць аналагічныя ідэі ў жывёлагадоўлі на малой радзіме. Гаспадарка ў той час была адной з лепшых у Гомельскай вобласці, яе фермы радавалі наяўнасцю сучасных халадзільнікаў, малако збіралася цэнтралізавана, выкарыстоўваліся агрэгаты па вырабу вітамінізаванай мукі. Аднак юнацкія планы не здзейсніліся. Пасля тэрміновай службы Мікалай вярнуўся на Століншчыну, дзе накіравалі на работу ў сельскагаспадарчую арганізацыю вёскі Семігосцічы. А пазней – складанасці працы, жаніцьба на мясцовай дзяўчыне, пераезд у Мікашэвічы.

Яшчэ доўгі час Мікалая Мікалаевіча запрашалі ў тагачасны калгас «Дружба». Але ён так і не адважыўся вярнуцца ў сельскую гаспадарку з-за пэўнага расчаравання ў прафесіі. А можа і таму, што стаў сямейным чалавекам: неабходна было ўлічваць інтарэсы жонкі Марыі Аляксееўны і двух маленькіх сыноў.

Працаваў на будаўніцтве завода жалезабетонных вырабаў, а калі вытворчасць запусцілі, уладкаваўся на прадпрыемства. Слесар, стропальшчык, токар, фрэзероўшчык… За тры дзесяцігоддзі, праведзеныя ў рамонтна-механічным цэху ААТ «Спецжалезабетон», ён не толькі на «выдатна» асвоіў розныя віды станкоў, але і стаў аўтарам многіх рацыяналізатарскіх прапаноў па ўдасканаленню гэтых прылад.

– У свой час у інстытуце атрымаў добрую адукацыю, а веды па механізацыі сельскай гаспадаркі спатрэбіліся мне і ў прамысловасці. Акрамя таго, наша пакаленне з юнацтва вучылі клапаціцца пра вытворчасць. Заўсёды з разуменнем ставіўся да неабходнасці работы пасля завяршэння змены ці ў выхадныя дні. Маё стаўленне да службовых абавязкаў падзялялі Юрый Лахманенка, Анатоль Якушэнка, Васіль Флар’яновіч і іншыя калегі па «Спецжалезабетону», –  гаворыць М.М. Галавач.

Некалькі год таму мой суразмоўца пайшоў на заслужаны адпачынак. Нягледзячы на гэта, ён заўсёды ў курсе ўсіх заводскіх навін і падзей. Былыя таварышы і адміністрацыя не забываюць пра ветэрана вытворчасці і падтрымліваюць з ім рэгулярную сувязь.

– Сыны выраслі. Абодва – прагра-місты: Аляксей – у сталіцы, Сяргей – на чыгуначнай станцыі Сітніца. З паўся-дзённымі клопатамі з жонкай спраўляемся самастойна. Але заўсёды прыемна пачуць  у тэлефоннай трубцы знаёмыя галасы завадчан. Для мяне гэта лепшае пацвярджэнне таго, што нездарма аддаў калектыву тры дзесяцігоддзі свайго жыцця.

Нягледзячы на сталы ўзрост, Мікалай Мікалаевіч – поўны сіл і энергіі. А ўсё дзякуючы спорту, правільнаму харчаванню і актыўнаму ладу жыцця. Дарэчы, нягледзячы на тое, што ён шмат год назад змяніў асноўную сферу дзейнасці, назаўжды з сельскай гаспадаркай не змог развітацца, перакваліфікаваўшы былую прафесію ў хобі. Доследнай базай для яго эксперыментаў стала дача, дзе на невялікім участку зямлі знайшлося месца агародніне, рэдкім раслінам і вялікай колькасці кветак.

Яшчэ адна душэўная ўцеха М.М. Галавача – вершаваныя радкі, з дапамогай якіх ён даўно спрабуе выказаць свае думкі і мары. Аднак, як чалавек сціплы па натуры, ён і сёння не адносіць сябе да паэтаў. І няхай яго творы не заўсёды дасканалыя, але колькі шчырасці і захаплення родным краем у кожным радку!

– Паэзія – гэта мелодыя сэрца. Услухайцеся, нават само слова гучыць нібы музыка. У залежнасці ад стану душы вершы дораць людзям заспакаенне і лірычны настрой, а часам заклікаюць да дзеяння. Вось і мне яны дапамагаюць выказаць гонар сваёй рэспублікай і народам, які ніколі не пасаваў у цяжкія часы. А  яшчэ – знайсці аднадумцаў і слухачоў сярод наведвальнікаў паэтычнай гасцёўні мікашэвіцкай бібліятэкі, дзе я часты госць.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть