Микашевичи

Пара пачуццяў і летуценняў

Дзень памяці Уладзіслава Нядзведскага сабраў у гімназіі настаўнікаў, школьнікаў, аматараў роднай мовы і літаратуры з усёй Лунінеччыны.

Творчасць земляка, імя якога носіць элітная ўстанова горада, шматгранная і дае магчымасці для даследаванняў і адкрыццяў. Вядучыя – гімназісты Ганна Бурык і Арцём Глушань – пазнаёмілі гледачоў з малавядомымі фактамі з дзіцячых, школьных і студэнцкіх гадоў паэта. А Канстанцін Салановіч, Дзіяна Глушань, Аляксандра Крывулец і іншыя навучэнцы дэкламацыяй вершаў, выкананнем песень на словы Уладзіслава Ня-дзведскага нібы перанеслі ў юнацтва аўтара – пару першых творчых проб. Тым не менш, гэта быў шчаслівы час надзей, пачуццяў і летуценняў. Мабыць, менавіта таму з такім нецярпеннем усе чакалі абвяшчэння лаўрэатаў прэ-міі Ул. Нядзведскага. Сёлета за ўдалыя першыя пробы пяра былі адзначаны Лізавета Фіцнер, Марына Хвісцік, Анастасія Меркушава, Аляксандра Карышава і Валерый Саўчук. Граматы і грашовыя прэміі пачынаючым літаратарам уручылі дырэктар навучальнай установы Сяргей Высоцкі і паэт-бард Эдуард Акулін. Дарэчы, госці са сталіцы завіталі не з пустымі рукамі. Намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Бібліятэка прапануе» Людміла Несцяровіч перадала Па-дзячны ліст за актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Чытаем па-беларуску», якім адзначана гімназічная бібліятэка. З задавальненнем дзеці і дарослыя прынялі ўдзел у літаратурнай віктарыне па творах беларускіх класікаў: ніводзін з канкурсантаў не застаўся без памятных падарункаў і сувеніраў ад мінчан.

Хаця Эдуард Акулін у гімназіі не першы раз, усе, затаіўшы дыханне, слухалі яго выступленне. Паэт пазнаёміў з творамі Анатоля Сыса, які таксама рана пайшоў з жыцця. А яшчэ прадставіў новы часопіс «Верасень», у адным з нумароў якога выйшаў матэрыял выпускніцы-2011 мікашэвіцкай СШ №2 Юліі Гаўрыленка.

Выканаўшы некалькі вакальных нумароў, ён запрасіў на сцэну лаўрэата міжнародных конкурсаў аўтарскай песні Таццяну Беланогую. Яе расповяд быў невялікім, але насычаным: вершы ўласныя і іншых беларускіх паэтаў, бардаўскія нумары, якія, дзякуючы выдатнаму голасу, набывалі непаўторную арыгінальнасць і адметнае зачараванне…

Пасля завяршэння музычна-літаратурнай імпрэзы гледачы доўга не пакідалі залу, выкарыстоўваючы магчымасць пагутарыць з гасцямі з Мінска, набыць навінкі беларускай літаратуры. Балазе, іх было шмат.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть