Микашевичи

Рабатка, ракарый і кантры-стыль

Калі вы не можаце вызначыцца з азеляненнем зямельнага ўчастка, абавязкова пабывайце ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзведскага. Адносна невялікую па плошчы тэрыторыю элітнай установы ўпрыгожваюць рабаткі, ракарыі, кветкавыя партэры і фантаны, бардзюры, альпійскія горкі і іншыя элементы ландшафтнага дызайну. Нягледзячы на тое, што адносяцца яны да розных стыляў, тут гэтыя малыя архітэктурныя кампазіцыі гарманічна дапаўняюць адна другую і спалучаюцца ў адзінае цэлае.

– Аснову цяперашняга азеляняльнага комплексу нашай гімназіі закладвалі ўсе, – расказвае дырэктар Сяргей Высоцкі. Педагогі, тэхнічны персанал, навучэнцы, бацькі і проста неабыякавыя гараджане падзяліліся асабістымі запасамі насення і расадай кветак, шматгадовымі раслінамі.  Значная частка з іх і цяпер радуе нас сваім цвіценнем і зелянінай, нагадваючы аб нашых памочніках у справе добраўпарадкавання.

Менавіта ў той перыяд у гімназіі пачалі вырошчаць для ўласных патрэб расаду аднагадовых кветак. Яе лішкі вырашылі прадаваць. Грашовыя сродкі  былі патрэбны для ўмацавання вучэбна-матэрыяльнай базы ўстановы адукацыі, рамонта кабінетаў, набыцця камп’ютарнай тэхнікі і камплектуючых, розных дапаможнікаў і г.д.

Сёння тэрыторыя гімназіі нагадвае дагледжаны, зялёны астравок горада, а сярод пастаянных пакупнікоў расады – Мікашэвіцкая жыллёва-камунальная гаспадарка, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, РАНС, іншыя прадпрыемствы і арганізацыі Лунінеччыны. Зрэшты, тут заўсёды рады новым заказчыкам.

З кожным працуюць індывідуальна. У выпадку папярэдняй замовы абмяркоўваем колькасць, гатункі кветак  – насенне закупляем у прафесійных вытворцаў. Калі кліент звярнуўся ў разгар веснавога сезона, то прапануем выбраць з таго асартыменту, што ёсць у наяўнасці. Сёння гэта гваздзіка турэцкая, сальвія, гацанія, агератум, астры, цынія, аксаміткі і іншыя аднагадовыя.

У добраўпарадкаванні і азеляненні роднай установы адукацыі ўдзельнічаюць і дарослыя, і дзеці. Разам паліваюць і пікіруюць  расаду кветак, высаджваюць дрэўцы, сочаць за чысцінёй на тэрыторыі. А яшчэ кожная клумба замацавана за пэўным класам. Такое стаўленне да справы вучыць гімназістаў працавітасці, выхоўвае любоў да прыроды і развівае экалагічную адукацыю.

Зазірнула ў цяпліцу. Яе летась набылі на сродкі ад продажу расады кветак. Сёння ў ёй набірае сілы і энергію новая партыя розных раслін. Калі вы жадаеце, каб ваша арганізацыя ператварылася ў квітнеючы аазіс, трэба звярнуцца непасрэдна ва ўстанову або па тэлефоне прыёмнай: 68-400. Вам не толькі з радасцю дапамогуць падабраць неабходныя гатункі кветак, але  і дэталёва раскажуць аб асаблівасцях догляду.

НА ЗДЫМКАХ: рабатка – кветнік у выглядзе вузкай паласы ўздоўж будынка гімназіі з некалькімі гатункамі раслін; ракарый – участак тэрыторыі, пры афармленні якога актыўна выкарыстоўваюцца камяні, а таксама кветкі ці іншыя дэкаратыўныя расліны; кампазіцыі ў кантры-стылі надалі ўчастку асаблівую ўтульнасцьі натуральнасць.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть