Родны горад — любоў мая!
Микашевичи

Родны горад — любоў мая!

микашевичи день городаГісторыю любога населенага пункта, яго аблічча ствараюць людзі. Менавіта таму Мікашэвічы сустрэлі ў мінулыя выхадныя свае галоўныя святы — Дзень горада і Дзень будаўніка — такімі прыгожымі, маладымі, яркімі.

Стала добрай традыцыяй сумяшчаць галоўныя для Мікашэвіч святы. Сёлета іх адкрыла выстава будаўнічай спецыялізаванай тэхнікі на вуліцы Першамайская насупраць Палаца культуры РУВП «Граніт». Дарослыя і дзеці маглі на некалькі імгненняў не толькі адчуць сябе ў ролі вадзіцеля БеАЗа, вялікагрузнага пагрузчыка ці крана, але і даведацца пра асаблівасці таго ці іншага аўтамабіля ў людзей, якія кожны дзень працуюць на іх. Не менш цікаўных сабралі экспазіцыі фатаграфій з гарадскімі пейзажамі розных гадоў і дэкаратыўна-прыкладных работ мясцовых рамеснікаў, а таксама швейных вырабаў РУВП «Уніформ». Паклапаціліся арганізатары свята і пра юных наведвальнікаў. Акрамя розных атрак-цыёнаў, да іх паслуг былі шматлікія гульнявыя пляцоўкі. Адпачыць, падмацаваць сілы і наталіць смагу дапамагалі выстава-продаж кулінарных і кандытарскіх вырабаў і гандаль, арганізаваны філіяламі «Грамадскае харчаванне» і «Мікашэвіцкае РГП» райспажыўтаварыства, індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Галоўныя ўрачыстасці пачаліся каля апоўдня. Пасля ўзнагароджвання генеральным дырэктарам РУВП «Граніт» Эдуардам Гаўрылковічам і яго намеснікам Маргарытай Сераокай пераможцаў штогадовага конкурсу «Лепшы па прафесіі» ў фае другога паверха Палаца культуры, свята перамясцілася ў глядзельную залу.

Уклад будаўнікоў у эканоміку рэгіёна і рэспублікі адзначылі старшыні: райвыканкама — Аляксандр Пачко, райсавета — Віктар Рафаловіч, гарвыканкама — Галіна Сыцэвіч. Здароўя, шчасця, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага пажадалі работнікам і іх сем’ям кіраўнікі: РУВП «Граніт» — Эдуард Гаўрылковіч, ААТ «Спецжалезабетон» — Васіль Басевіч, БУ-63 — Аляксандр Дудзіч. Выдатным дадаткам да віншаванняў сталі Граматы і Падзякі розных узроўняў, уручаныя лепшым працаўнікам будаўнічых арганізацый, і музычныя віншаванні ад танцавальнага клуба «Мірыданс», Ксеніі Калошыц, Ірыны Тумаковай і іншых артыстаў мастацкай самадзейнасці.

Шчыра і сардэчна гучалі з адкрытай сцэны каля Палаца культуры з вуснаў кіраўнікоў раёна і Мікашэвіч віншаванні з Днём горада, які сёлета адзначыў 230-годдзе з моманту першага згадвання ў гістарычных летапісах і 10-годдзе ў статусе горада раённага падпарадкавання. Лепшым жыхарам Мікашэвіч ўручылі ўзнагароды, а самадзейныя калектывы дарылі яркія канцэртныя нумары. Сувенірам у гэты дзень была адзначана доўгажыхарка Ганна Пашкевіч, якой у чэрвені споўнілася 99 гадоў. Даўгалецця і здароўя зычылі таксама Ірыне і Расціславу Рупічавым, якія ідуць разам па жыцці ўжо шэсць дзесяцігоддзяў. Пажаданні шчаслівага сямейнага жыцця пачулі маладажоны Сяргей і Вольга Сурабка, Андрэй і Аляксандра Адамец. Званне «Дом узорнага парадку» прысвоены ЖБВК «Случ» (старшыня Сяргей Катовіч) і прыватным сядзібам Вячаслава Шкута і Аляксандра Шуляка. Пераможцам конкурсу па добраўпарадкаванню сярод гарадскіх арганізацый сёлета стаў філіял №1 «Мікашэвіцкая бальніца». Не засталіся без памятных прызоў і ўдзельнікі конкурсу «Бабулін сад» Ева Цехановіч, Галіна Курак і Валянціна Капліч, а таксама пераможцы іншых спаборніцтваў, якія ладзіліся на працягу года па ініцыятыве гарвыканкама.

Затым былі канцэртныя праграмы гарадскога духавога аркестра з Баранавіч і зорак беларускай эстрады, святочны феерверк і дыскатэка. Нават пасля завяршэння мерапрыемстваў гараджане і госці Мікашэвіч яшчэ доўга не разыходзіліся па дамах. Атрымлівалі асалоду ад начной прахалоды, дзяліліся ўражаннямі, абмяркоўвалі планы на будучыню, пацвярджаючы: яны — не толькі землякі, яны — адна вялікая і дружная сям’я!

Наталля ЛЯЛЮК



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть