Узор дзівосны на палатне і кроснах
Микашевичи

Узор дзівосны на палатне і кроснах

 

бабули

Кожны, хто ўпершыню знаёміцца з вышытымі работамі жыхаркі вёскі Сінкевічы Марыі БАКУНОВІЧ, не хаваючы здзіўленне, цягнецца да палатна, узіраецца ў пошуках доказу рукатворнасці.

Пад магічнае зачараванне трапіла і я, убачыўшы прыгожыя вырабы на адной з выстаў народнай творчасці. Зрэшты, галоўны сюрпрыз чакаў наперадзе, калі скарысталася запрашэннем Марыі Рыгораўны і за-зірнула да яе ў госці. Вышыўка вельмі арганічна дапасавала інтэр’еру вясковай хаты – карціны, навалачкі на падушках, прадметы гардэроба, абрусы і сурвэткі. Прыгажосць дапаўнялі даматканыя палавікі, пакрывалы, ручнікі. І ўсе работы  – непадобныя і разнастайныя, як па тэхніцы выканання, так і па сюжэце: гладзь, поўны і балгарскі крыжык, французскі вузельчык, палявыя кветкі, пейзажы, партрэты, нацыянальныя арнаменты…

Свае першыя вышываныя крыжыкі Марыя Рыгораўна зрабіла раней, чым навучылася чытаць. Зрэшты, хіба магло быць інакш у родзе, жанчыны якога з захапленнем займаліся рукадзеллем з пакалення ў пакаленне.

– Адно з любімых заняткаў дзяцінства, схаваўшыся ў кутку, назіраць, як бабуля і мама вышываюць, вяжуць ці ткуць, – успамінае  майстрыха. – А потым, знайшоўшы час, калі яны заняты хатнімі клопатамі, уважліва вывучыць іх работы і працягнуць. Часам лазой атрымлівала за гэта!

Настойлівасці і цікаўнасці дзяўчынцы было не займаць, і дарослыя  ўрэшце здаліся, далучыўшы маленькую Марыю да сакрэтаў народных рамёстваў.

З той пары прайшло шмат год, аднак, мабыць, не было і дня, каб яна не займалася рукадзеллем. Творчай натуры з развітай фантазіяй ідэі для вышыўкі падказвае сама прырода.

– Гэта цяпер вялікі выбар розных часопісаў і спецыяльных прыстасаванняў для працы. У маладосці вышывалі па памяці ці перамалёўвалі сюжэты ў сябровак. А замест канвы  выкарыстоўвалі кавалак палатна з акуратна выцягнутымі  ніткамі.

Вышыўка – не адзінае захапленне жанчыны. Адна з яе даматканых работ увайшла ў зборны ручнік-абярэг, дзе прадстаўлены ўсе раёны Брэстчыны. А яшчэ М.Р. Бакуновіч шые і вяжа – выдатная дапамога для мнага-дзетнай сям’і.

Лёс прыгатаваў ёй і будучаму мужу Аляксандру нямала выпрабаванняў, перш, чым дазволіў быць разам. Маладыя людзі з гонарам вытрымалі праверку пачуццяў і ў 1969-ым зарэгістравалі сям’ю. Жылі не проста, але вельмі дружна. Разлічвалі толькі на ўласныя сілы, заўсёды шмат працавалі: муж – у мясцовым лясніцтве, мая суразмоўніца – жывёлаводам, а потым на пару – на ўласным падворку. Дарэчы, яны і сёння трымаюць вялікую гаспадарку і агарод.

– А як жа інакш – жыць у вёсцы і не мець хатняга масла ці тварагу? Ды і ўнукаў, а іх у нас з дзядулем 12, хочацца пачаставаць прадуктамі ўласнага вырабу.

Аптымізму Марыі Рыгораўны можа пазайздросціць моладзь. Здаецца, яна паспявае ўсюды – дагледзець  гаспадарку, паняньчыцца з унукамі, схадзіць у лес па грыбы ці ягады, засядзецца за поўнач за рукадзеллем, прыняць удзел у выставе дэкаратыўна-прыкладных работ… Сакрэт жыццярадаснасці майстрыхі просты і крыецца ў творчасці. Яна –  крыніца энергіі, радасці і натхнення, якімі М.Р. Бакуновіч дзеліцца з навакольнымі з дапамогай цудоўных узораў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть