МикашевичиНовости районаОбщество

Васіль Басевіч і справа яго жыцця — «Спецжалезабетон» (Лунінецкі раён)

Аўтарытэт і шырокую вядомасць сярод будаўнікоў і дарожнікаў ААТ «Спецжалезабетон» набыло дзякуючы якаснай і нават унікальнай прадукцыі пад гандлёвай маркай МікаБЕТ. А яшчэ – рэпутацыі надзейнага дзелавога партнёра. Сваёй паспяховай дзейнасцю, як і, па вялікім рахунку, фактам паяўлення, мікашэвіцкае прадпрыемства абавязана свайму нязменнаму кіраўніку – Васілю Басевічу, які ў студзені адзначыў свой 77-мы дзень нараджэння.

Дасведчаны, упэўнены і патрабавальны, у першую чаргу, да сябе, прафесіянал, інтэлігентны і добразычлівы чалавек, ён заўсёды імкнецца крочыць у нагу з часам, таму што ў яго руках не толькі вялікая справа, але і лёсы сотняў людзей. Гэта падуладна творчым, мэтанакіраваным і самадастатковым асобам.

У 1978 годзе Васіль Басевіч узначаліў дырэкцыю “Спецжалезабетона”. 33-гадоваму спецыялісту (што на той час было рэдкасцю) даверылі кіраваць адказнай будоўляй, а затым і заводам.

– У тыя далёкія часы прадпрыемства мела саюзнае падпарадкаванне і значэнне, – расказвае Васіль Паўлавіч, – так яно першапачаткова і стваралася. Мы ўваходзілі ў склад Міністэрства будматэрыялаў СССР…

Наогул, дырэктар можа гадзінамі расказваць пра “Спецжалезабетон”, прыгадваючы шматлікія сюжэты, па якіх можна нават кнігу напісаць. Так, пасля распаду СССР дзяржзаказу не стала, попыт на трубы рэзка пайшоў на змяншэнне. Пачаліся праблемы. Паўстала пытанне, што рабіць далей. Кіраўнік завода разумеў: каб не стаць заложнікам вузкай спецыялізацыі і захаваць вытворчасць, трэба шукаць альтэрнатыву. Пачалі асвойваць тратуарную плітку, падмуркавыя блокі, іншыя вырабы, запатрабаваныя на рынку.

У той час і беларускія чыгуначнікі засталіся без прамысловай базы, бо шпалы, рэйкі, вагоны выпускаліся ў іншых рэспубліках. Ініцыятыва дырэктара “Спецжалезабетона” па арганізацыі выпуску неабходнай чыгуначнай гаспадарцы прадукцыі была падтрымана. Сумесны з Упраўленнем Беларускай чыгункі буйны праект, рэалізаваны ў “цяжкія” 1990-ыя, дапамог прадпрыемству ўтрымацца на рынку…

Расказваючы пра сённяшні дзень, Васіль Паўлавіч адзначае:

– Нягледзячы на пандэмію, уведзеныя эканамічныя санкцыі ў адносінах нашай краіны, нейкіх відавочных забарон мы не назіраем. Прадпрыемства працуе ў звычайным рэжыме. Вядома, мы ацэньваем усе рызыкі і рыхтуемся да любых варыянтаў развіцця падзей. У цэлым, асноўныя эканамічныя паказчыкі выконваюцца. Прадпрыемства не збаўляе абароты і нават плюсуе, працуе рэнтабельна і прыбыткова. Так, за 11 месяцаў 2021 года экспарт у параўнанні з мінулым годам павялічыўся да 110 працэнтаў. Больш як на 40 мільёнаў рублёў выпушчана таварнай прадукцыі з улікам падатку на дабаўленую вартасць. Сярэднямесячная намінальная налічаная заработная плата – 1408 рублёў. Калісьці на заводзе працавала больш за 700 чалавек, зараз – крыху больш за 300. Аднак, калі параўнаць аб’ёмы вытворчасці тады і цяпер, то на сённяшні момант яны павялічыліся больш чым у 2 разы…

Калектыў прадпрыемства пастаянна надае вялікую ўвагу мадэрнізацыі, асвойвае новыя тэхналогіі, каб жыццё людзей было камфортным і бяспечным. Уявіць узвядзенне новага жылля немагчыма без водаправода, каналізацыі, цеплавых сетак, яны для жыццядзейнасці гарадоў і вёсак – нібы крывяносная сістэма для чалавека. “Спецжалезабетон” спецыялізуецца на выпуску шырокай наменклатуры труб (дарожных, напорных і безнапорных, для мікратунэлявання, з ахоўнай унутранай абалонкай для транспарціроўкі агрэсіўных вадкасцей), чыгуначных шпал і элементаў добраўпарадкавання.

Вытворчы патэнцыял прадпрыемства мае запас трываласці, каб паспяхова забяспечваць высакаякаснай прадукцыяй будаўнічыя і дарожныя арганізацыі Беларусі і блізкага замежжа. А што датычыць кіраўніка завода, то без перабольшвання можна сказаць: на такіх, як Васіль Паўлавіч, здольных знаходзіць выйсце з самых складаных сітуацый, захоўваючы эканамічную стабільнасць, сацыяльны дабрабыт калектыву і краіны, трымаецца наша дзяржаўнасць.

– Заўсёды трэба глядзець крыху далей за канкурэнтаў, апярэджваючы іх на паўкорпуса. Так і ў жыцці – у вялікіх і маленькіх справах павінен быць пастаянны рух наперад, – раскрыў сакрэт паспяховай дзейнасці Васіль Басевіч.

Алена ДАНІЛОВІЧ.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть