МикашевичиНовости районаОбществоПроисшествия

«Выпіў, сеў за руль…» Жыхар Мікашэвіч пакараны абмежаваннем волі і штрафам за тое, што пьяным гойсаў на аўтамабілі

«Выпіў, сеў за руль…» Здавалася б, працягам фразы, вынесенай у загаловак, павінны стаць словы «хадзі пешшу». На жаль, зусім не так думаў 28-гадовы жыхар Мікашэвіч, які стаў фігурантам крымінальнай справы па абвінавачванню ў кіраванні транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Самае прыкрае, што малады чалавек учыніў аналагічнае злачынства паўторна.

– Як асноўным удзельнікам дарожнага руху, вадзіцелям не трэба тлумачыць, што закон строга ставіцца да тых, хто яго парушае, – зазначыла старшы памочнік пракурора Ганна Пенер. – Аднак у поле зроку работнікаў праваахоўных ведамстваў ахвотнікі п’янай язды ці без правоў трапляюць рэгулярна.

Вось і наш “герой” паспеў вылучыцца на гэтай глебе. У яго паслужным спісе – некалькі судзімасцей. Тым не менш, папярэднія штрафы, арышты і забароны займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, не далі належнага эфекту, і ён зноў узяўся за старое.

Як аказалася, у карыстанні маладога чалавека быў няспраўны матацыкл, які планаваў адрамантаваць і прадаць. Пакінуўшы аб’яву на адным з сайтаў, мужчына накіраваўся ў гараж. За справамі не забываў перакуліць чарку-другую. Раптам працэс парушыў тэлефонны званок. Дамовіўшыся з патэнцыяльным пакупніком, на сустрэчу гараджанін паехаў на тым жа матацыкле. Здзелкі, аднак, не атрымалася – не сышліся ў цане, і прадавец узяў курс дадому. Вось толькі па дарозе за спіной пачуў гукі сірэны, убачыў пробліскавыя маячкі. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, ад якіх парушальнік спрабаваў уцячы, склалі пратакол і прапанавалі прайсці медыцынскі агляд. Той жа адмовіўся.

– У судзе з усімі доказамі грамадзянін К. згадзіўся і прызнаў сваю віну, – працягнула Ганна Пенер. – Яму назначана пакаранне ў выглядзе 3 год абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам 220 базавых велічынь (7 тысяч 40 рублёў) і пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на працягу 5 год. Таксама прыменена спецыяльная канфіскацыя: у даход дзяржавы вернуты матацыкл. Па заканадаўстве ў асуджанага ёсць 10 сутак, каб абскардзіць прыгавор.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть