Знаходзіць агульную размову
Микашевичи

Знаходзіць агульную размову

granit

З рабочым візітам РУВП «Граніт» наведалі пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў і старшыня Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрый Баско. У рамках паездкі госці пазнаёміліся
са здабычай і вытворчасцю шчэбеню, правялі нараду з кіраўніцтвам прадпрыемства і асабісты прыём грамадзян.

СПРАВЫ КАМУНАЛЬНЫЯ

Работа ЖКГ з’яўляецца, бадай, адной з галоўных тэм для незадаволенасці насельніцтва і зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі. Гэты прыём не стаў выключэннем. Палова з гараджан, якія запісаліся на сустрэчу, прыйшлі за дапамогай у вырашэнні камунальных праблем. Прычым, частку іх, як адзначыў В.Д. Клімаў, можна было хутка і аператыўна зняць на мясцовым узроўні. Да такіх трэба аднесці скаргу жыхароў дома №8 па вул. Першамайская ў Мікашэвічах, якія не знайшлі ўзаемаразумення з кіраўніцтвам  мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі па пытанню капітальнага рамонту шматпавярхоўкі. А дакладней, пераліку будаўніча-мантажных работ па рэканструкцыі дома, з якога, па словах прадстаўніка, выключылі добраўпарадкаванне тэрыторыі і цеплавую рэабілітацыю сцен. Як і хто пераканаў у гэтым людзей – незразумела, аднак дырэктар Мікашэвіцкай ЖКГ Мірон Літвіновіч запэўніў: увесь спіс работ падчас капітальнага рамонту выканаюць няўхільна.

Даўно можна было завяршыць і эпапею з ліўневай каналізацыяй дома па вуліцы Будаўнікоў, 6, якая цягнецца ўжо амаль шэсць год. Ці вінаватыя ў гэтым праекціроўшчыкі жыллёвага кааператыва «Мурашнік», вырашаць спецыялісты. Але менавіта пасля ўводу ў эксплуатацыю дадзенага аб’екта, па меркаванню дэлегацыі гараджан, праезная частка суседняй шматпавярхоўкі нават пасля непрацяглых ападкаў надоўга ператвараецца ў велізарную лужыну. А яшчэ дэлегацыю з трох чалавек трывожыў дрэнны тэхнічны стан уваходаў у пад’езды.

Госці з вобласці разам са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко супакоілі людзей: праблемныя ганкі старанна абследуюць кампетэнтныя спецыялісты. Што да ліўневай каналізацыі, то яе будаўніцтвам зоймуцца камунальнікі, як толькі дазволяць умовы надвор’я.

Пракурор В.Д. Клімаў і старшыня КДК Д.В. Баско падзякавалі за пільнасць наведвальніку, які звярнуўся па пытанню водаправодных калодзежаў па завулку Рудэнка ў Мікашэвічах. Усе яны, як, дарэчы, і большасць аналагічных прыстасаванняў у новых мікрараёнах індывідуальнай жылой забудовы, знаходзяцца на праезных частках значна вышэй за ўзровень дарогі, а іх вонкавы выгляд не выклікае даверу. Канчатковы вердыкт аб бяспецы агучаць кампетэнтныя службы, а пакрыццём дарогі плануюць заняцца ў рамках спецыяльнай праграмы, якую цяпер актыўна распрацоўваюць у раёне.

АД КАХАННЯ ДА НЯНАВІСЦІ – СУМЕСНАЕ ЖЫЦЦЁ

За юрыдычнымі парадамі прыйшла на прыём 40-гадовая гараджанка. У жанчыны за плячамі – няпростае сямейнае жыццё і цяжкі развод з мужам. Хоць яны даўно па дакументах чужыя людзі, але дагэтуль жывуць пад адным дахам. А ўсё таму, што ніяк не могуць вырашыць пытанне далейшага лёсу дома, які ў свой час абсталёўвалі разам. Масла ў агонь падлівае і тая акалічнасць, што мужчына злоўжывае спіртнымі напіткамі і знаходзіцца на ўліку ў наркалагічнай службе.

Д.В. Баско рэкамендаваў наведвальніцы паспрабаваць знайсці агульную мову з былым мужам у маёмасных спрэчках, паўплываць на яго праз бацькоў ці іншых сваякоў. Яшчэ адзін з выхадаў – рэальны падзел жылога будынка і зямельнага ўчастка, уладкаванне другога ўвахода і продаж часткі домаўладання.

Няпроста складваюцца адносіны з былым мужам і ў другой гараджанкі. Па словах наведвальніцы, нягледзячы на тое, што яны развяліся і раз’ехаліся па розных адрасах, ён па-ранейшаму яе тэрарызуе: чакае каля пад’езда ці ўрываецца ў кватэру, спрабуючы ў чарговы раз высветліць адносіны, абражвае. А яшчэ рэгулярна настойвае на звароце аліментаў на дзяцей, якія выплачвае па рашэнні суда.

Пракурор В.Д. Клімаў адзначыў, што ўсе агучаныя факты патрабуюць праверкі супрацоўнікамі праваахоўных службаў. Як і ў выпадку з першай наведвальніцай, параіў не зацягваць, раз і назаўжды падвесці рысу пад такімі адносінамі: афіцыйна падзяліць маёмасць, усталяваць графік наведвання дзяцей і, галоўнае, не баяцца адстойваць свае інтарэсы, у тым ліку з дапамогай супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Акрамя таго, дадзеныя звароты неадкладна папоўняць спіс адрасоў для прафілактычнай работы міліцыянераў. Пракантраляваць гэта даручана пракурору раёна Аляксандру Карлюку.

СУР’ЁЗНЫЯ ПАПРАЎКІ

Сур’езныя папраўкі давялося ўнесці ў жыццё маладому чалавеку пасля таго, як на яго склалі адміністрацыйны пратакол за кіраванне легкавым аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. З-за гэтага хлопца ад-лічылі з Акадэміі МУС. Ці зможа ён наогул калі-небудзь стаць міліцыянерам? Пракурор В.Д. Клімаў растлумачыў наведвальніку працэдуру разгляду такіх пытанняў у праваахоўнай структуры.
Яшчэ адна праблема, якая хвалявала юнака, гэта адсутнасць ваеннага білета. Для яго атрымання не хапіла менш як два месяцы «акадэмічнага стажу». Малады чалавек і рады адслужыць іх: але ніхто з прадстаўнікоў вайсковых часцей не жадае маць справы з такім навабранцам. У выніку дыялогу пытанне было вырашана станоўча.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть