Прасягнута болем вайны сэрца Міхаіла КЛІМЧУКА з Велуты (Лунінецкі раён)
Шчымлівая любоў да навакольных краявідаў і свайго дома перапаўняе сэрца 95-гадовага Міхаіла КЛІМЧУКА з Велуты. Пераехаўшы глыбокай восенню да дзяцей у Лунінец, яму з прыходам вясновага цяпла хочацца зноў вярнуцца на родную сядзібу, дзе прайшло ўсё дзяцінства, дзе ўсе фотаздымкі на сцяне, кожны куточак у двары і дрэўцы на ўзлеску нагадваюць аб нечым блізкім і дарагім…
Міхаіл Лаўрэнцьевіч – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, якая пачалася для падлетка ў акупацыйны перыяд. Жылі на аддаленым ад вёскі хутары Княжыставічы, сюды было зручна заходзіць партызанам. Пад покрывам ночы раздаваўся спецыяльны стук у шыбу. На баявыя задачы хлопца не бралі, дапамога патрабавалася ў іншым. Перадаваў неабходныя звесткі ад сувязных, паказваў дарогу да чыгункі падчас баявых аперацый.
У перыяд вызвалення ў 1944-ым юнаку споўнілася 18 год, і яго прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. З фронтавымі дарогамі ён прайшоў да Усходняй Прусіі, дзе савецкія войскі сустрэлі жорсткае супраціўленне. У крывавых сутыкненнях з ворагам кавалася загартоўка нашага земляка. Пасля цяжкіх баёў наступала зацішша, стаялі ў абароне. Але напружанасць у такія моманты толькі нарастала, бо ніхто не ведаў, якім будзе заўтрашні дзень, што рыхтуе лёс кожнаму байцу на перадавой. Знаходзіліся ў вузкіх траншэях, дзе з цяжкасцю можна было размінуцца з таварышам. Гліністую глебу размывала падчас дажджоў, даводзілася стаяць па калені ў гразкім месіве. Але ніхто не звяртаў увагі на складаныя ўмовы, не палохалі ні холад, ні вецер. Вайна блізілася да завяршэння, і гэта прыдавала сіл салдатам, якія змагаліся за знішчэнне фашызму, за свабоду для сваіх блізкіх.
Пры наступленні на тэрыторыі нямецкай вёскі Міхаіл быў паранены ў ногі. Лячэнне ў шпіталі зацягнулася на некалькі месяцаў. Там і сустрэў Вялікую Перамогу. Вельмі шкадаваў, што не змог быць разам з саслужыўцамі ў той момант. Часам здавалася, што ўжо гатовы стаць у строй, парывіста зрываўся з ложка. Толькі пранізлівы боль у ніжніх канечнасцях вяртаў у рэальнасць…
Пасля выздараўлення знаходзіўся ў запасным палку, потым накіравалі ў Беларусь праходзіць тэрміновую службу ў войсках ваенна-паветраных сіл на аэрадроме каля Бабруйска. Пра той перыяд былы вайсковец расказвае скупа. Закалка ў перыяд баявых будняў пераканала ў галоўным, што выкананне самых складаных задач у мірны час нельга лічыць цяжкім.
Дэмабілізаваўся Міхаіл восенню 1950-га. Родныя мясціны ўжо адбудаваліся ад ваеннай разрухі. Людзі перасталі баяцца гулу самалётаў, на палетках красавала жыта. Былы вайсковец засумаваў па сялянскіх клопатах, аддаваў усе сілы рабоце ў леспрамгасе. На лесахімучастку быў узрыўніком. Пілавалі сосны, што рукамі не абняць, потым пад пні закладвалі ўзрыўчатку. З тых вываратняў на смолзаводзе варылі смалу, скіпідар. Пазней працаваў уздымшчыкам жывіцы.
Ды лёс рыхтаваў маладому чалавеку цяжкія выпрабаванні ў асабістым. Стварыў сям’ю, нарадзіліся тры сыны і дачушка. Калі старэйшаму хлопчыку споўнілася дванаццаць, прыйшла бяда – памерла жонка Сцепаніда Сяргееўна. Дзеці плакалі каля труны, а дарослыя не ведалі, як супакоіць бедных сірот. Яны пасталелі раней за равеснікаў, былі дружныя, адказныя, пасільна спраўляліся з клопатамі. Але без жаночых рук вясковая гаспадарка паступова прыходзіла ў заняпад.
Міхаіл у той сітуацыі баяўся думаць пра новую сям’ю, бо разумеў, што замяніць маці чатыром дзецям няпроста, і рашыцца на гэта не кожная. Але сустрэча з Марыяй Пятроўнай з Іванаўскага раёна развеяла многія сумненні. Спачатку насцярожанасць была з абодвух бакоў – малым складана прыняць чужую жанчыну, а яна баялася не знайсці з імі разумення. Але хутка адносіны наладзіліся. Пазней у Клімчукоў нара-дзіліся яшчэ дзве дзяўчынкі.
Паступова дзеці выраслі, стварылі сем’і. Асталяваліся далёка ад роднага хутара, сюды маладых не прыцягвала аддаленасць. Сын Сцяпан і дачка Таццяна жывуць у Лунінцы, Васіль і Вольга – на Віцебшчыне, Ніна – у Камянецкім раёне, Уладзімір – у Пінскім. Яны парадавалі ўнукамі і праўнукамі.
Зноў аўдавеў Міхаіл Лаўрэнцьевіч ў 2006-ым. Больш горкіх уражанняў дадавалі апусцелыя сядзібы сусе-дзяў: некага не стала, іншых забралі нашчадкі. Урэшце ён застаўся адзіным жыхаром Княжыставіч, дзе раней было каля дваццаці абжытых дамоў.
– Восенню згадзіўся на пераезд да дачкі ў Лунінец. Думаў, зіма будзе снежная, не хацеў ствараць цяжкасці для аўталаўкі і сацыяльнага работніка, – расказвае доўгажыхар. – Зараз Таццяна паехала па сваіх справах, таму знаходжуся ў сына. Пра мяне ўсюды добра клапоцяцца, дзякуй ім. Ежа смачная, ложак чысты, адносіны цёплыя. Але ж дамоў вельмі хочацца. Буду прасіць, каб адвезлі назад. Дзеці супраць маіх планаў, хвалююцца, што застануся без падтрымкі, складана дабірацца да хутара.
Фізічна Міхаіл Лаўрэнцьевіч аслабеў, ледзь перасоўваецца з двума кіямі. Няма той сілы і моцы, дзякуючы якім самастойна ўзводзіў дом, умела апрацоўваў драўніну. Але загартоўка, атрыманая на вайне, дапамагае і зараз не звяртаць увагі на недамаганні, быць вынослівым. У свае 95 год ён мае фенаменальную памяць. Падрабязна расказвае пра ўручэнне медалёў Леніна, Жукава, “За адвагу” і “За Перамогу над Германіяй”. Не сцерліся і многія цікавыя падзеі з мірнага жыцця. Гэта радуе, але адначасова дадае нязручнасцей. Бо разам з прыемнымі доўгажыхар у думках вяртаецца ў цяжкія перыяды свайго жыцця.
Яскрава ажывае ў душы Міхаіла Лаўрэнцьевіча і прыгажосць роднай сядзібы, куды хочацца вярнуцца. А сакрэт даўгалецця, які здолеў спасцігнуць, ён бачыць у працавітасці, сумленнасці, веры ў Бога, любові да блізкіх і сваёй Радзімы.
Марыя Яраховіч