«Толькі боль у сэрцы не сціхне ніколі…» Іван Рудовіч з Лунінца
2022 – Год исторической памятиНовости районаОбщество

«Толькі боль у сэрцы не сціхне ніколі…» Іван Рудовіч з Лунінца

Мінаюць гады, але цяжкія раны Вялікай Айчыннай вайны час не можа загоіць. Яны баляць і краваточаць, не даючы спакою тым, хто прайшоў праз страшнае пекла вайны. Самымі безабароннымі ў тым вогнішчы смерці аказаліся дзеці, з якіх як толькі маглі здзекаваліся нацысты. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі бясплатнай рабочай сілай, над імі праводзілі медыцынскія эксперыменты, з іх кволых цельцаў забіралі кроў для салдатаў вермахта. Яны маўкліва і пакутліва паміралі ў канцэнтрацыйных лагерах смерці. І нібыта маленькія анёльчыкі, просячы паратунку, прасціралі з мальбой рукі да нябёсаў. Лёс быў бязлітасным і жорсткім. Дзіцячы крык, напоўнены болем і страхам, патанаў у бясконцым моры крыві і смерці.

Мноства нашых суайчыннікаў аказаліся ў больш чым 14 тысячах канцэнтрацыйных лагерах, турмах, гета, якія стварылі нацысты па ўсёй Еўропе. Міжнародны трыбунал у Нюрн-бергу прызнаў у 1946 годзе, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян, тым больш дзяцей і падлеткаў, як і выкарыстанне іх працы пад прымусам у інтарэсах Германіі, з’яўляецца не толькі ваенным злачынствам, але і супраць усяго чалавецтва. Паводле гісторыка-дакументальнай кнігі “Памяць” толькі з аднаго Лунінецкага раёна гітлераўцы вывезлі на прымусовыя, катаржныя работы ў Германію больш за дзве тысячы чалавек. На жаль, многія так і не вярнуліся на Радзіму, загінулі на чужыне ад непасільнай працы і здзекаў. А ў тых, каму пашанцавала выжыць у тым рабскім пекле, на ўсё жыццё падарвана як фізічнае, так і псіхалагічнае здароўе.

Сёння, паводле інфармацыі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на Лунінеччыне пражывае 57 вязняў. Сярод іх і Іван Рудовіч (на здымку) з Лунінца. На працягу некалькіх гадоў ён узначальваў раённую арганізацыю ГА “Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму”. Іван Іванавіч нара-дзіўся ў няволі, непадалёку ад нямецкага горада Эмдэн, што знаходзіцца на самай поўначы Германіі, куды на прымусовыя работы былі вывезены яго бацькі. 12 красавіка яму споў-ніцца 78 гадоў. Пра страшныя выпрабаванні, якія давялося перажыць у палоне, Іван Іванавіч, канечне, нічога не памятае. Яго аповяд грунтуецца на ўспамінах таты ды маці, якім пашанцавала выжыць і вярнуцца.

– Мае бацькі родам з прыгожай вёскі Дрэбск, – так пачынае свой расказ былы вязень. – Яны толькі ажаніліся. Не паспелі нават і пажыць разам, як у 1942 годзе маму паліцай занёс у спіс тых, хто павінен быў ехаць на прымусовую працу ў Германію. Тады бацька заявіў немцам: “Куды мая жонка паедзе, туды і я за ёй”. Так яны разам і апынуліся ў Нямеччыне. Мне нават цяжка ўявіць, што ім давялося перажыць, якія пакуты перанесці. У адным пашанцавала, калі можна так сказаць, што трапілі не ў канцэнтрацыйны лагер, а да баўэра. Ім не вельмі хацелася прыгадваць пра гады сваёй няволі, але я ведаю, што працавалі яны многа: ад цямна да цямна былі занятыя на розных сельгасработах. Жылі, як тая жывёла, у стайні. Для немцаў яны не былі людзьмі, а рабочым матэрыялам, бясплатнай рабсілай. Кармілі мала, але добра, што хоць кожны дзень. Баў-эр з суседняга хутара ўвогуле даваў ежу падняволеным толькі праз дзень, як мог здзекаваўся над людзьмі.

Аднаму Богу толькі вядома, як у такіх нечалавечых умовах атрымалася вынасіць і нарадзіць Ульяне дзіця. Маладой маці дазволілі месяц пабыць з сынам, а потым зноўку прымусілі працаваць. Іван Іванавіч, ледзьве стрымліваючы слёзы, расказвае, што з шасці гадзін раніцы і да абеду ён заставаўся адзін, потым прыбягала матуля, каб пакарміць свайго першынца, вярталася толькі познім вечарам. Праўда, час ад часу за ім наглядала дачка баўэра Эльза.

Доўгачаканай вясной 1945 года іх вызвалілі амерыканцы. У лагеры бацькам прапаноўвалі выехаць у Еўропу або ЗША, але тыя выказалі жаданне вярнуцца дамоў.

– Калі трапілі ў савецкую зону, тату адразу прызвалі ў Чырвоную Армію, – працягвае гаворку Іван Рудовіч. – Ён і далей служыў у Германіі, а, дзякуючы веданню нямецкай мовы, быў ардынарцам у афіцэра. Мама са мной вярнулася ў вёску.

Доўгая дарога дамоў была напоўнена перажываннямі і болем. Бязлітасны Малох вайны скалечыў, змалоў мільёны людскіх лёсаў. Уся краіна ляжала ў руінах. Пасля вайны Ульяна Іванаўна ўладкавалася ў мясцовы калгас, а Іван Сцяпанавіч – маставым раманцёрам у дыстанцыю пуці. Неўзабаве ў сям’і Рудовічаў нарадзілася яшчэ дачушка. Бацькі Івана Іванавіча пражылі годнае жыццё. Пра тыя страшныя часіны, што выпалі на іх долю, сведчаць некалькі нямецкіх дакументаў і фотаздымкі маці. У 1990-ых гадах паміж Рудовічамі і дзецьмі баўэра завязалася перапіска. Малодшая дачка гаспадыні Мелле Эльза ў сваім лісце паведамляла, што “мы былі вельмі ўзрадаваныя праз столькі часу атрымаць ад вас пісьмо”. Далей Эльза расказала, што яе бацькі памерлі яшчэ ў 70-ых гадах, а яна і старэйшая сястра Дзіні выйшлі замуж і зараз выхоўваюць дзяцей.

Іван Іванавіч гаворыць, што немцы запрашалі прыехаць і наведаць тыя мясціны, дзе ён з’явіўся на свет, але ў яго не атрымалася. Можа, так яно і лепш. Навошта вярэдзіць старыя раны? Нягледзячы на разнастайныя перыпетыі лёсу, мой суразмоўца лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Ён усяго ў жыцці дасягнуў сам. Працаваў на розных пасадах, у тым ліку і кіруючых. Мае за плячамі ні многа-ні мала, а цэлых 47 гадоў працоўнага стажу. Пабудаваў дыхтоўны дом, пасадзіў прыгожы сад, выгадаваў разам з каханай жонкай Евай Якаўлеўнай трох сыноў, а зараз радуецца ўнукам. А што яшчэ для поў-нага шчасця трэба? Адно – здароўе. Таму ад шчырага сэрца Іван Іванавіч усім жадае цудоўнага самаадчування, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.

Кацярына Яцушкевіч


Похожие статьи


Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть