Калі спявае душа больш за чвэрць стагоддзя. Генадзь Шэўчык з Лунінца
2023 - Год мира и созиданияКультураНовости районаОбщество

Калі спявае душа больш за чвэрць стагоддзя. Генадзь Шэўчык з Лунінца

Генадзь Шэўчык працуе ў галіне культуры 27 гадоў. Яго выбар будучай прафесіі быў свядомым і абдуманым.

Ён нарадзіўся ў прыгожай вёсцы з мілагучнаю назвай Любань у сям’і Фёдара і Антаніны Шэўчыкаў. З дзяцінства хлопчык чуў кранальную беларускую народную песню, што працінала да душы яго маленькую істоту. Бацькі вельмі хораша і напеўна спявалі, з’яўляліся ўдзельнікамі мясцовага хору і далучалі да сваёй творчасці старэйшага сына. У дзесяцігадовым узросце Генадзя аддалі вучыцца ў музычную школу па класе баяна. Творчыя здольнасці ў падлетка разглядзелі настаўнікі, якія і дапамаглі яму раскрыцца, далі накірунак у будучыню. Лагічным працягам стала паступленне ў Брэсцкае музычнае вучылішча на народнае аддзяленне. Юнак з палескай вёсачкі быў адным з лепшых студэнтаў, адказных, мэтанакіраваных, а самае галоўнае – душой адчуваў музыку, яе мелодыку. У 1992 годзе Генадзь атрымаў дыплом дырыжора народнага аркестра, працаваў рэжысёрам агітбрыгады Любанскага СДК, затым намеснікам дырэктара Лунінецкага ГДК, а з 2013-га загадвае гэтай установай, а яшчэ з’яўляецца мастацкім кіраўніком народнага ансамбля песні і музыкі “Шляхцічы”, які летась адзначыў сваё дзесяцігоддзе. Генадзь Шэўчык стаяў ля вытокаў стварэння гэтага самабытнага калектыву, падбіраў рэпертуар, рабіў аранжыроўку на музычныя творы. “Шляхцічы” сёння добра вядомыя далёка за межамі раёна і вобласці, паспяхова прымаюць удзел у разнастайных аглядах і фэстах, зачароўваючы гледачоў сваёй творчасцю. У іх рэпертуары як сучасныя, так і народныя беларускія і рускія песні.

Часта Генадзь Фёдаравіч выступае сольна. Яго нумары заварожваюць, прымушаюць мацней біцца сэрца, закранаючы за жывое. Глыбокі, меладычны голас пранізвае душу, яго хочацца слухаць і слухаць. Генадзю Шэўчыку вельмі падабаецца яго прафесія, нягле-дзячы на тое, што выхадных у ёй практычна не бывае.

– Уся мая работа – гэта свята, – смеючыся, гаворыць мужчына. – Калі другія адпачываюць, мы, работнікі культуры, працуем і атрымліваем вялікае задавальненне ад таго, што дорым радасць і цудоўны настрой людзям. На другім месцы, у іншай сферы дзейнасці сябе проста не ўяўляю.

Сваю бязмежную любоў да музыкі ён перадаў тром сынам, якія скончылі Лунінецкую школу мастацтваў па класе акардэона і баяна. Старэйшыя Алег і Яўген, як і бацька, вучыліся ў Брэсцкім музычным каледжы імя Рыгора Шырмы. Жэня працягнуў удасканальваць здольнасці ў Акадэміі музыкі. Зараз выкладае ў музычным каледжы пры вышэйшай установе і спявае ў мужчынскім царкоўным хоры “Усіхсвяцкі”. Гонар бацькоў. Малодшы Дзмітрый абраў прафесію перакладчыка, зараз студэнт трэцяга курса Палескага ўніверсітэта. Калі разам збіраецца сям’я за адным сталом, абавязкова бяруць у рукі музычныя інструменты і спяваюць. Дарэчы, сам гаспадар грае практычна на ўсіх інструментах, акрамя духавых. У яго руках віртуозна пяе акардэон, прыгожа гучаць гармонік з баянам і балалайка.

Усё жыццё Генадзь Шэўчык крочыць з музыкай, якая даўно стала яго прафесіяй і лёсам, прапагандуючы нацыянальную культуру, праслаўляючы родную Лунінеччыну, мілую сэрцу Любань. Таму што тут самая найлепшая ў свеце зямля, якая дорыць натхненне.

Кацярына Яцушкевіч.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram


Похожие статьи


Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть