У кожнага свой няпросты лёс | Якая яна - работа сацыяльнага работніка з падапечнымі?
У сацыяльнай службе выпадковых людзей няма і не можа быць. Сюды прыходзяць па закліку сэрца тыя, каму неабыякавыя чужыя боль і праблемы, хто гатовы ахвяраваць сабой дзеля таго, каб зрабіць старасць іншых больш камфортнай і ўтульнай. У гэтым спаўна ўпэўнілася, калі пазнаёмілася з сацыяльным работнікам Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зояй ЗУБКО з Кажан-Гарадка.
Чулая, абаяльная, ветлівая, заўсёды з чароўнай усмешкай, маладая жанчына з першых хвілін нашай размовы адразу выклікае да сябе прыхільнасць. Неўзабаве ўзнікае такое пачуццё, быццам знаёмы з ёй даўно і яна вырасла тут на Палессі.
– Не, я родам з Расіі, – кажа Зоя Данілаўна. – Бацькі напачатку двухтысячных пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў прыгожую і вельмі гасцінную Беларусь. Асталяваліся на Магілёўшчыне ў Глускім раёне, дзе я і закончыла сярэднюю школу. Потым паступіла ў Любанскае прафтэхвучылішча на аператара ЭВМ, сакратар-машыністку, але ніводнага дня па спецыяльнасці не працавала. Пайшла ў гандаль, падабаліся стасункі з людзьмі. А ў 2011 годзе выйшла замуж і прыехала на малую радзіму мужа ў старажытнае мястэчка.
Варта адзначыць, што ў дружнай сям’і Зоі і Валерыя зараз падрастаюць чацвёра цудоўных дзетак, у якіх клапатлівыя бацькі душы не чуюць. Матуля, як тая ўвішная пчолка, усюды паспявае. І дома па гаспадарцы ўправіцца, і да сваіх падапечных штодзень спяшаецца з цудоўным настроем, каб аблегчыць іх нямоглую старасць. Працаваць у сацыяльную службу яна пайшла свядома і ведала, якая гэта нялёгкая справа, таму што да кожнага чалавека патрэбна знайсці свой падыход, адшукаць ключык да душы і абагрэць цеплынёй свайго сэрца. Тут патрэбна быць яшчэ і тонкім псіхолагам.
– У чым заключаюцца абавязкі сацыяльнага работніка, добра знаёма, – працягвае размову жанчына. – Мая матуля вось ужо як пятнаццаць год шчыруе ў гэтай сферы, даглядае за састарэлымі. Я працую пяты год і, шчыра прызнаўшыся, на іншым месцы сябе ўжо і не ўяўляю. Вельмі люблю сваіх бабулечак і дзядуль, якіх у мяне на дадзены момант пяцёра. Яны мне замянілі маіх родных людзей, ад іх я шмат чаго пераймаю. Па-першае, жыццёвую мудрасць: на многія рэчы пачала глядзець больш па-філасофску. Па-другое, зносіны з людзьмі шаноўнага ўзросту навучылі мяне суперажываць, быць болей цярплі-вай і тактоўнай. Але самае галоўнае, што мая работа мне вельмі падабаецца і я адчуваю вялікае задавальненне ад таго, што магу некаму дапамагчы, прынесці карысць.
Сапраўды, жыццёвы прынцып Зоі Зубко – спяшайся рабіць дабро, і яна штодзень яго прытрымліваецца. Паход у магазін альбо ў аптэку, аплата за камунальныя паслугі, уборка ў памяшканні, прыгатаванне ежы – гэта далёка не поўны пералік паслуг, якія прадастаўляе сацыяльны работнік. А яшчэ пагаварыць па душах, шчыра, чыстасардэчна выслухаць, падтрымаць чалавека, суцешыць добрым словам. У кожнага з падапечных свой няпросты лёс. Вось, напрыклад, Анастасія Касьянчык, якой мінуў дзявяты дзясятак, перажыла жахі вайны. Яе ледзьве не застрэлілі фашысты, калі разам з бацькамі намагаліся вывезці на катаржныя работы ў Нямеччыну. Яна і сёння прыгадвае, як побач, літаральна ў некалькіх міліметрах ад галавы праляцела нацысцкая куля, поўнасцю аглушыўшы. Ад страху малое дзяўчо страціла прытомнасць. І зараз бабуля часта прыгадвае тыя жахлівыя гады, калі на нашай зямлі свае звярыныя парадкі ўсталёўвалі фашысцкія акупанты.
– Крый Божа, Зоечка, вам, маладым, зведаць тое, што давялося майму пакаленню, – кажа бабуля Насця, а на вачах зіхацяць слязінкі. – Беражыце мір, шануйце спакой на зямлі.
Каб неяк супакоіць бабулю, Зоя абдымае яе за худзенькія плечы, якія вынеслі на сабе шмат жыццёвых нягод, і быццам блізкага і роднага чалавека прыціскае да свайго сэрца. Яна перажывае за ўсіх сваіх падапечных і вельмі стараецца, каб кожны з іх адчуваў цеплыню і клопат. Сацыяльны работнік для старэнькіх людзей як той зямны анёл-ахоўнік, што заўсёды прыходзіць на дапамогу. У адказ яны называюць яе ласкава: “Зоечка, наша ўнучачка, альбо дачушка” і, захапляючыся самаахвярнасцю ды велікадушнасцю маладой жанчыны, зычаць ёй і яе сям’і моцнага здароўя, дабрабыту ды шчасця на доўгія гады.
Кацярына ЯЦУШКЕВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram