Гарачая пара гарадоцкіх хлебаробаў
Для хлебаробаў СВК “Гарадоцкі» жніво пачалося з уборкі азімага рапсу. У час, калі большасць гаспадарак Лунінеччыны страціла значныя плошчы гэтай культуры з-за неспрыяльнай зімоўкі, тут неабходна было ўбраць 150 гектараў. Пры сярэдняй ураджайнасці 21,1 цэнтнера на круг намалацілі 316,5 тоны зерня. На сённяшні дзень гарадоцкія працаўнікі — адзіныя ў раёне, хто выканаў дзяржзаказ па продажу масланасення дзяржаве.
Пасля невялікага перапынку, выкліканага ў асноўным частымі дажджамі, хлебаробы прыступілі да абмалоту азімых збожжавых. Работы пачалі з найбольш спелых участкаў, размешчаных непадалёк ад Кажан-Гарадка. Для таго, каб дабрацца да працуючых камбайнаў, давялося праехаць некалькі кіламетраў уздоўж палёў, дзе каласіліся яравыя збожжавыя. Уразіла іх заварожваючая прыгажосць і чысціня: на залацістай ніве не было заўважана ні адной галінкі пустазелля. Не прамінула адзначыць гэта ў размове з галоўным аграномам Сяргеем Скіба і начальнікам участка Уладзімірам Крываносам.
— Каласавыя, што там растуць, будуць абмалочаны на насенне. Гаспадарка наша насенняводчая, таму штогод удзяляем асаблівую ўвагу такім палям. У той жа час не горш выглядаюць і іншыя нівы, — растлумачылі яны.
У гэтым упэўніліся, калі пад’ехалі да двух камбайнаў, якія на 35-гектарным участку абмалочвалі азімае жыта. Адным з іх кіраваў добра вядомы на Лунінеччыне сваімі працоўнымі дасягненнямі Мікалай БОЎБЕЛЬ. Высыпаўшы зерне з напоўненага бункера ў кузаў МАЗа, якім кіраваў вадзіцель Віталь Агіевіч, ён на хвілінку вылез з камбайна, каб разам з памочнікам агледзець жняярку.
Сёлетняе жніво для яго — 33-яе. Знаёмячы са сваім памочнікам, Максімам ПАНАСЕВІЧАМ, які прыйшоў з рачнога порта Мікашэвічы, Мікалай Мікалаевіч адзначыў яго працавітасць і адказнасць. Пацікавілася, што прыемней: вадзіць судны па Прыпяці, ці камбайн — па ніве? У адказ пачула: і адна, і другая справы патрэбныя і вельмі цікавыя.
Як і належыць падчас работы тэхнікі на жніве, на ўскрайку поля “засумаваў” Іван Раковіч — вадзіцель аўтамабіля, які забяспечвае пажарнае прыкрыццё. Яшчэ летась ён гэтак жа, як і іншыя вадзіцелі на адвозцы, перавозіў зерне ад камбайнаў. Сёлета на яго долю выпала задача ахоўваць тэхніку і нівы ад узгаранняў…
Разам са старшынёй гаспадаркі Сяргеем Чырцом пабывалі на зернетаку, дзе знаходзілася больш як 200 тон зерня. Аператар зернесушыльнага комплексу Віктар ГРЫНЕВІЧ паведаміў, што збожжа паступае сюды з вільготнасцю 18-20 працэнтаў. Каб давесці яго да патрэбных 13 працэнтаў, затрачваецца прыкладна 6 гадзін. ЗСК-30 працуе ў кругласутачным рэжыме. Акрамя В. Грыневіча, комплекс пазменна абслугоўваюць аператары Васіль Ільіч і Віталь Каральчук.
Паназіралі таксама за ходам прэсавання саломы, вялізныя цюкі якой стараюцца адразу звозіць з поля.
Усяго “Гарадоцкаму” сёлета належыць абмалаціць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 1320 гектараў. Зрабіць гэта мяркуюць 4 наяўнымі камбайнамі. З тэхнікі на адвозцы будуць задзейнічаны 3 МАЗы і 2 ГАЗ-53.
Галіна КУЧЭЙКА