Калі работа па душы
Увод у строй сучасных малочнатаварных фермаў з даільнымі заламі, якія абсталяваны камп’ютарамі, у многім змяніў прывычнае ўяўленне аб жывёлагадоўчай галіне сельскай гаспадаркі. Новы імпульс набыла і прафесія аператар машыннага даення.
Магчымасць працаваць у такіх умовах на Лунінеччыне выпала пакуль не ўсім. З 35 наяўных МТФ, сучасных у раёне – 22. Тым не менш, на кожнай ёсць людзі, якія старанна выконваюць свае абавязкі і дабіваюцца выдатных вынікаў. Сярод іх аператар машыннага даення комплекса “Доўгае” ААТ “Вулькаўскі світанак” Валянціна Навіцкая, якая прафесіі прысвяціла амаль чвэрць стагоддзя.
Дзяўчынкай гадавалася ў простай сялянскай сям’і. Мама працавала ў жывёлагадоўлі, а тата – трактарыстам. Самая малодшая з 5 дзяцей, жыла бестурботна. Дапамагала бацькам упраўляцца па гаспадарцы і на прысядзібным участку, але яшчэ больш марыла аб сваёй дружнай сям’і. Таму і паспяшалася выйсці замуж пасля заканчэння 10-годкі, як ёй тады здавалася, за самага лепшага і самага каханага на зямлі чалавека. Ранняе замужжа стала нагодай да працаўладкавання. Не маючы спецыяльнасці, згадзілася на першую прапанаваную ў тагачасным калгасе работу даяркі. Працавала, пакуль не нарадзіла сыночка. А калі выйшла з дэкрэта, свабоднай групы кароў не аказалася, даверылі даглядаць цялят. Змена працоўнай дзейнасці не вельмі задавольвала, але выбіраць не даводзілася: з сям’ёй не атрымалася, як кажуць у народзе – “не сышліся характарамі”. Толькі праз тры гады маладой матулі ўдалося вярнуцца да любімай прафесіі. Ніколі не ленавалася, рана ўставала, даіла па 30-40 кароў… Найвялікшую палёгку адчула, калі комплекс абсталявалі малакаправодам:
– Падчас зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы знікла неабходнасць паднімаць і пераносіць 18-літровыя ёмістасці з малаком: за год атрымлівалася больш як 150 тон. Цяпер такія бачкі выкарыстоўваем толькі летам, калі каровы знаходзяцца на адгоннай пашы. У нас створаны добрыя ўмовы для работы. Ёсць усё неабходнае, каб мець малако сортам “вышэйшы + экстра”. Тут, праўда, не ўсё залежыць толькі ад аператара машыннага даення. Наша справа строга выконваць тэхналогію даення, выяўляць хворых кароў і паведамляць аб гэтым спецыялістам. Яны прымаюць адпаведныя меры. Дарэчы, знялі з нас і адказнасць за нованароджаных цялят. Раней у абавязкі ўваходзі-ла іх выпойванне ў першыя дні пасля ацёлу. Новыя тэхналогіі паступова сціраюць сувязь, што існуе паміж жывёлінай і чалавекам, які яе даглядае.
Летась Валянціна Міхайлаўна стала ў сельгаспрадпрыемстве першым аператарам машыннага даення, атрымаўшым больш як 6 тысяч кілаграмаў малака ў разліку на карову. Пры гэтым валавы надой склаў 280 тон.
Разам з такой жа адданай працаўніцай з Палескай станцыі Аленай Ільючык летась удзельнічалі ў абласным конкурсе на лепшага аператара машыннага даення. Крыху пазней яны прадстаўлялі Лунінеччыну на ўрачыстым мерапрыемстве ў Мінску, прысвечаным ушанаванню і ўзнагароджванню лепшых жывёлаводаў малочнай галіны:
– Для нас арганізавалі экскурсію, цудоўны канцэрт. А яшчэ больш прыемна было бачыць знаёмыя твары ўдзельнікаў абласнога конкурсу. Дэлегацыя Брэстчыны была прадстаўлена 35 працаўнікамі. Па дарозе назад дзяліліся не толькі ўражаннямі, але і вопытам работы. Дамоў прывезла акрамя падарункаў шмат прыемных эмоцый.
Дарэчы, у сямейным жыцці Валянціне Навіцкай таксама пашчасціла. Ёсць муж, тры сыны і дачка, старэйшыя ўжо маюць свае сем’і:
– Вяселлі двум сынам зрабіла за грошы, заробленыя на асноўнай рабоце, Той, хто ў нас працуе старанна, мае і адпаведныя даходы. Калі ў мяне была група першацёлак, я ў месяц 1200 рублёў зарабляла. Цяжка было, але затое вынік атрымаўся годным, – з гонарам завяршыла размову Валянціна Міхайлаўна.