Агропром

Кукуруза — гэта сіла

кукурузаКармавую базу грамадскай жывёлагадоўлі сёння ўжо немагчыма  ўявіць без кукурузнага сіласу. З увядзеннем у строй новых малочатаварных комплексаў для круглагадзічнага ўтрымання жывёлы ў памяшканнях у яго прымяненні ўзнікае яшчэ большая неабходнасць.Таму не дзіва, што гаспадаркі з года ў год у разумных межах павялічваюць  плошчы, адведзеныя пад культуру. 

Калі летась у СВК “Гарадоцкі” кукурузы сеялі 600 гектараў, то сёлета – ужо 700. Нягледзячы на тое, што з сяўбой запазніліся больш як на два тыдні, расліны ўпэўнена набіраюць сілу. Садзейнічаюць гэтаму цёплае сонечнае надвор’е і своечасовы догляд.

– Днямі закончылі хімпраполку, – расказвае галоўны аграном Сяргей Скіба.
– А зараз прыступілі да падкормкі кукурузы азотнымі ўгнаеннямі. Рабіць яе лепей у сухое надвор’е.

Пад’ехаўшы да аднаго з кукурузных палёў, здалёк заўважылі трактар, за якім веерам рассыпалася сухое ўгнаенне. За рулём знаходзіўся вопытны  механізатар Васіль БІРЫЛА ( на здымку):

– Другі дзень тут працую. Учора падкарміў 60 гектараў кукурузы, сёння да канца рабочага дня разлічваю – не менш як 90, а то і 100. Праз пару дзён  гэтую работу закончым і зноў сяду за прэс, сена прыбіраць трэба.

– Наогул, Васіль Іванавіч у нас спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. 200 гектараў яе пасадзіў, а восенню капаць будзе, – растлумачыў Сяргей Скіба. – Цяпер вось працуе на падкормцы раслін і падборы валкоў. За якую б работу ні браўся, усё ў яго атрымліваецца добра.

Гледзячы на замацаваную за трактарам “лейку” пацікавілася ў Васіля Бірылы:

– Прыстасаванне даволі простае, а як вы вызначаеце расход угнаення?

– Выбіраю аптымальную хуткасць руху трактара, якую вызначаю, прайшоўшы першую “паласу”…

Вяртаючыся з поля, па дарозе сустрэлі аўтамабіль, які вёз да трактара ўгнаенне. Ведаючы, што ў “лейцы” яно яшчэ было, спынілі вадзіцеля. Ім аказаўся добра вядомы ў раёне неаднаразовы пераможца спаборніцтваў на перавозцы збожжа ад камбайнаў Мікалай Кіндрук, а разам з ім накіроўвалася выгружаць угнаенне палявод Святлана Фарасцьянава.

НА СЕНАЖАЦІ
Як толькі ўстанавілася сухое надвор’е, працаўнікі СВК “Гарадоцкі” прыступілі да нарыхтоўкі сена. У дажджлівыя дні ўсю скошаную траву выкарыстоўвалі для закладкі сенажу, якога натрамбавалі 4657 тон, што складае 52 працэнта да задання.

У дзень наведвання гаспадаркі корманарыхтоўчае звяно раздзялілася на дзве часткі – адна займалася касьбой травы і згрэбваннем валкоў кукуруза2непадалёк ад Обруба, другая – прэсаваннем, падборам і адвозкай сена каля Дрэбска. Апошнім крыху не шанцавала: з рамонту яшчэ не выйшаў зламаны прэс, да таго ж, невялікую паломку ўхіляў у граблях і механізатар Раман Кіслюк ( на здымку):

– Не звяртайце ўвагі. Гэта звычайныя сялянскія будні. Праз 5 хвілін у мяне ўсё будзе ў парадку, – с аптымізмам запэўніў  Раман Раманавіч. – А там падыйдзе і прэс…

У яго аптымізм паверыла як толькі ўважліва прыгледзелася да тэхнікі, якую рамантаваў, – звычайны трактар “Беларус”, праўда, наперадзе пагрузчык, ззаду – граблі.

– Няўжо так лягчэй грабці сена?

– Яно-то не лягчэй, але выгадна: і мне, і гаспадарцы. Без прастоеў працую. Завяршыўшы адну аперацыю, адразу ж прыступаю да другой.
– З-за недахопу кадраў нашы механізатары вымушаны быць наватарамі, – растлумачыў Сяргей Скіба. – Тэхнікі ў нас шмат. Уся амаль новая, а вось трактарыстаў не хапае. Асноўны касцяк – 15 чалавек. За кожным па 2-3 адзінкі замацаваны.

– А дзе ж маладыя кадры,  якіх рыхтуе наш сельскагаспадарчы каледж?

– Прыходзяць. Адпрацуюць пэўны час, затым  – армія і “да пабачэння”. Жыць у сялянскім рытме ніхто не хоча. Пра работу з 8 да 17 гадзін мараць з выхаднымі ў суботу і нядзелю, ды заробак, каб не меншы быў за той, што вопытны механізатар за ўвесь светлавы дзень атрымлівае…

З думкай Сяргея Іванавіча згаджаюцца і механізатары Аляксандр Махнюк і Міхаіл Арашкевіч,  трактары якіх з прычэпамі ў чаканні рулонаў стаялі на ўзбоччы сенажаці.

– Нашым трактарам няма і паўгода. Амаль адначасова ўсе тры атрымалі, – расказвае Міхаіл Арашкевіч. – Чацвёртым кіруе начальнік участка Васіль Дземідовіч. Як толькі “запарка” на адвозцы, адразу ж на выручку прыходзіць. За адзін рэйс кожны з нас перавозіць па 14 рулонаў сена.

На дзень выхаду “ЛН” працаўнікі СВК “Гарадоцкі” справіліся з уборкай і падборам траў перашага ўкосу і прыступілі да касьбы атавы. Усяго яны нарыхтавалі больш як 300 тон сена і 4,7 тысячы тон сенажу.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть