Лунінеччына на фоне Брэстчыны
Як вядома, Брэстчына сёлета стала лідарам у краіне па тэмпах росту малака, яго таварнасці і сярэдняму надою ад каровы. Акрамя таго, у рэспубліканскім рэйтынгу вобласць замацавалася на першым месцы па вырошчванню буйной рагатай жывёлы і сярэднясутачных прывагах. Аб гэтых дасягненнях, а таксама аб тым, як выглядае Лунінеччына на фоне астатніх рэгіёнаў, расказвае намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы і харчаванню Людміла Ляшук:
– Аналізуючы ролю аграпрамысловага комплексу Брэстчыны, варта адзначыць, што ўдзельная вага сельскагаспадарчай вытворчасці ў валавым рэгіянальным прадукце складае 14 працэнтаў, а з улікам пера-працоўчых прадпрыемстваў – больш як 22. Асновай сельскай гаспадаркі з’яўляецца буйная таварная вытворчасць, на долю якой прыпадае 79 працэнтаў валавай прадукцыі, 17 працэнтаў – уклад асабістых прыватных гаспадарак і каля 4 працэнтаў – фермерскіх.
За студзень-кастрычнік вытворчасць малака на Брэстчыне ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася на 5,6 працэнта, вырошчванне буйной рагатай жывёлы – на 3,3, птушкі – на 5 працэнтаў.
У сярэднім ад каровы надаілі 4831 кілаграм малака, што на 205 кілаграмаў больш, чым за такі ж перыяд летась. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме павялічыліся на 15 грамаў і склалі 651 грам. На 1,7 працэнта вырасла колькасць малака, рэалізаванага на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам “экстра” і “вышэйшы”, і склала 91,5 працэнта (з іх 60,2 працэнта – “экстра”). Таварнасць малака – 90,6 працэнта.
Нягледзячы на анамальныя ўмовы надвор’я, аграрыі Брэстчыны атрымалі добры ўраджай збожжавых і зернебабовых культур: намалацілі 1,2 мільёна тон зерня з улікам кукурузы і 107 тысяч тон рапсу. Акрамя таго, бу-дзе сабрана не менш як 200 тысяч тон агародніны, уборка якой завяршаецца ў лістападзе.
Усё гэта дазволіла малочным заводам і мясакамбінатам павялічыць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі. У прыватнасці, вытворчасць сыроў тлустых і цэльнамалочнай прадукцыі вырасла на 8,6 працэнта, масла сметанковага – на 3,5, сухіх абястлушчаных малочных прадуктаў – на 2,5 працэнта, сухога цэльнага малака – у 6,2 раза; паўфабрыкатаў мясных – на 11,7 працэнта, каўбасных вырабаў і вэнджаніны – на 7,6 працэнта.
За 9 месяцаў крыху больш як 56 працэнтаў вырабленай малочнай прадукцыі і амаль 39 працэнтаў мясной было накіравана на экспарт у 34 краіны свету. Дарэчы, сёлета геаграфія экспартных паставак пашырылася на пяць краін – за кошт Таджыкістана, Пакістана, Ірака, Даніі і М’янмы. У цэлым сума экспартных паставак склала каля 495 мільёнаў долараў ЗША, што на 0,5 працэнта больш, чым за такі ж перыяд летась. Па-ранейшаму нашым асноўным партнёрам з’яўляецца Расійская Федэрацыя, куды з агульнага аб’ёму экспартных паставак накіравана прадукцыі на суму 423 мільёны долараў ЗША.
За кожным з гэтых паказчыкаў стаіць уклад лунінецкіх аграрыяў, якія сёлета занялі першыя месцы ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх вынікаў: на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, а таксама ў вытворчасці масланасення рапсу. Дарэчы, другога месца ў гэтай намінацыі сярод гаспадарак Брэстчыны ўдастоены калектыў дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі”.
Лунінеччына, якая займае 6,4 працэнта сельгасугоддзяў Брэстчыны, вырабляе каля 5 працэнтаў валавай прадукцыі. Па выніках 10 месяцаў 2018 года, у асноўным дзякуючы росту прадуктыўнасці жывёлы, прадукцыя малочнатаварных фермаў раёна павялічылася на 7,3 працэнта. Парадавалі і нівы: на 18 працэнтаў больш, чым летась, сабралі рапсу, на 12 – бульбы.
Варта адзначыць значны ўклад у агульную скарбонку работнікаў ААТ “Лунінецкі малочны завод”, якія за10 месяцаў перапрацавалі 66 тысяч тон малака, што на 2,5 працэнта больш, чым за такі ж перыяд 2017 года. Яны вырабілі 4,4 тысячы тон сухога абястлушчанага малака, што складае палову ад абласнога аб’ёму вытворчасці; 1 тысячу тон сухога цэльнага малака (67%); 1,5 тысячы тон масла сметанковага (8,3%); 10,3 тысячы тон цэльнамалочнай прадукцыі (2,1%). На экспарт малочным заводам пастаўлена 65 працэнтаў прадукцыі на суму 15,2 мільёна долараў ЗША. Прадпрыемства працуе з прыбыткам, рэнтабельнасць продажу – 2,6 працэнта.
Разам са станоўчым нельга не адзначыць, што ў раёне яшчэ застаюцца гаспадаркі з невысокім узроўнем вытворчасці. Менавіта яны з’яўляюцца асноўным рэзервам для далейшага росту. Вядома, што рэалізацыю намечаных праграм у большасці гаспадарак абмяжоўвае недахоп грошай. Аднак у нашай краіне няма багатых рэсурсаў, напрыклад, нафты, газу, вугалю, металу, якія дазваляюць лёгка ўтвараць фінансавыя фонды для інвеставання розных галін народнай гаспадаркі. З кожным годам бюджэтных сродкаў на развіццё выдзяляецца ўсё менш і разлічваць даводзіцца ў асноўным на свае сілы і выручку. Таму і задачы, што стаяць перад аграрным сектарам, неабходна вырашаць у наяўных аб’ёмах дзяржаўнай падтрымкі. А асноўныя сродкі давядзецца зарабляць самім, нарошчваючы вытворчасць прадукцыі, павышаючы яе якасць, рацыянальна выкарыстоўваючы наяўныя матэрыяльна-энергетычныя рэсурсы, што дазволіць зрабіць больш таннымі тэхналагічныя працэсы.
У цэлым жа наяўны патэнцыял Лунінеччыны аграрнай дазваляе дасягнуць большых вынікаў і ў стане забяспечыць фінансавую ўстойлівасць сельгасарганізацый і прад-прыемстваў.