Малако пад кантролем
Да новага года застаецца зусім мала часу, але, калі вельмі пастарацца, то яго можна эфектыўна выкарыстаць для паляпшэння вытворчых спраў. У гэтым перакананы аграрыі Лунінеччыны, балючай праблемай для якіх застаецца павелічэнне надояў малака. Менавіта яго рэалізацыя, асабліва ў зімовы перыяд, з’яўляецца асноўнай крыніцай грашовых паступленняў, ад якіх, у пэўнай меры, залежыць велічыня і своечасовасць выплаты заробкаў працаўнікам.
Выявіць найбольш слабыя бакі ў тэхналагічным працэсе вырашылі пры дапамозе навучальных нарад-семінараў, якія пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча сталі рэгулярна праводзіць на малочнатаварных фермах раёна. Спецыялісты райсельгасхарчу, плем- і ветстанцыі, дырэктары малочнага завода і райаграсервіса, кіраўнікі сельгас-арганізацый збіраюцца разам з адзінай мэтай – знайсці рэзервы ў кожным канкрэтным выпадку, паставіць перад выканаўцамі рэальныя задачы і падказаць шляхі іх выканання. І гэта дае пэўны плён: за чатыры дні з моманту правядзення першага семінара, а праходзіў ён на МТФ СВК “Лунінскі”, прыбаўка малака па фермах раёна склала 4 тоны. Калі справы пойдуць так і далей, то можна спадзявацца, што большасць сельгасарганізацый зможа да канца года пераадолець планку па надоях, атрыманых у 2012-ым. Упэўнена ўтрымліваюць іх філіял “Лобчанскае” “ААТ “Лунінецкі малочны завод”, СВК “Лунінскі”, “Хваецкае” і “Чучавічы”.
Чарговы семінар прайшоў на гэтым тыдні на базе КУП “Міжлескае”. На ім разглядаліся агульныя для ўсіх вытворцаў жывёлагадоўчай прадукцыі пытанні ачысткі фермаў ад арганікі, забяспечанасці грамадскага пагалоўя патрэбнымі камбікармамі, неабходнасці рацыянальнага іх выкарыстання. Акрамя таго ўсе кіраўнікі сельгасарганізацый трымалі справаздачы аб ходзе спраў у гаспадарках. Ім ставілі канкрэтныя задачы і назначалі даты, да якіх павінна быць выпраўлена сітуацыя. Адным з рэзерваў павышэння надояў, на думку старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча, павін-на стаць забяспечанасць дойнага пагалоўя шротам. Яго выкарыстанне дазволіць кампенсаваць недахоп камбікармоў, які атрымаўся з-за сёлетняга недабору зерня, і тым самым збалансаваць рацыён жывёлы па бялку.
Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Аляксандр Багук, з пачатку снежня гаспадаркі раёна атрымалі 250 тон шроту і будуць падвозіць яго і далей па меры неабходнасці. Што датычыць травяністага корму, у прыватнасці, сенажу і сіласу, то іх дастаткова.
Практычна да сярэдзіны чэрвеня ў малочнай галіне назіралася станоўчая дынаміка. Пагоршылася яна з моманту, калі трава на пашы, размешчанай на ўзвышшах, была скормлена, і пагалоўе патрэбна было пераводзіць на новыя плошчы, а яны ў большасці аказа-ліся затопленымі. Кампенсаваць летнія страты спа-дзяваліся з дапамогай збожжа, аднак і тут надзеі не апраўдаліся. Адзінае, што застаецца – гэта строгае захаванне тэхналогіі на кожным ланцужку вытворчасці. У таго, хто дбае, ужо атрымліваецца. Так, з дня апошняга семінара прадукцыйнасць дойнага статка значна павялічылі зноў-такі філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод, СВК “Лунінскі” і “Чучавічы”. На “плюс” выйшлі СВК “Гарадоцкі” і СП “Аграграніт”.