Агропром

Падарункі за перамогу

Сапраўднае свята сярод звычайных рабочых будняў днямі сустракалі жывёлаводы малочнатаварнай фермы №7 Язвінкі ААТ “Дварэцкі”.

Іх, як пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака, прыехалі павіншаваць выконваючы абавязкі намесніка старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і прамысловасці Сяргей Буткевіч, выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза Мікалай Казак, старшыні: абкама прафсаюзаў работнікаў АПК – Міхаіл Юхімук, райвыканкама – Аляксандр Пачко, райкама прафсаюза работнікаў АПК – Вольга Ермалёнак.

Урачыстасць ладзілася ў актавай зале адміністрацыйнага будынка, што падштурхнула працаўнікоў фермы змяніць рабочую форму на святочнае адзенне і на некаторы час забыць пра службовыя абавязкі. Вітаючы прысутных, Аляксандр Пачко адзначыў, што яму вельмі прыемна за калектыў, які сваімі адносінамі да справы славіць не толькі канкрэтную гаспадарку, але і Лунінеччыну ў цэлым. І пажадаў не спыняцца на дасягнутым. Атрымаўшы перамогу па выніках першага квартала 2017 года ў сваёй групе (сярод сучасных МТФ з прадуктыўнасцю дойнага статка да 5 тысяч кілаграмаў малака), пажадаў на наступны раз узяць такую ж  прыступку, але ўжо сярод фермаў з прадуктыўнасцю кароў да 6 тысяч кілаграмаў малака ў год. А шлях да гэтага будзе  няпростым. Умовы майскага надвор’я з нізкімі начнымі тэмпературамі запаволілі рост траў, што адаб’ецца на недаборы травяністых кармоў. У той жа час кампенсаваць гэта яшчэ можна, зрабіўшы ўпор на сяўбу аднагадовых культур…

Перш, чым уручыць Ганаровы дыплом пераможцам, Сяргей Буткевіч ахарактарызаваў агульны стан жывёлагадоўлі ў вобласці. Пры гэтым з гонарам адзначыў, што за апошнія 10 год Брэстчына зрабіла сапраўдную тэхналагічную рэвалюцыю ў жывёлагадоўчай галіне, што дазволіла ўдвая павялічыць прадуктыўнасць дойнага статка. Нехта можа сказаць, што пры тых надоях на карову, што мы атрымліваем зараз, а гэта ў сярэднім па вобласці 5200 кілаграмаў малака ў год, мы выглядаем даволі шэра ў параўнанні з некаторымі еўрапейскімі краінамі, дзе гэты паказчык 8 тысяч і больш кілаграмаў. Аднак, калі прааналізаваць колькасць утрымліваемага там пагалоўя і валавыя надоі, то вынік атрымліваецца амаль такі ж.

Што датычыць Лунінеччыны, то ў жывёлагадоўлі тут таксама зроблены добры задзел, раён развіваецца дынамічна, нягледзячы ні на якія складанасці. Яскравы прыклад таму сённяшні калектыў, які сваёй стараннай працай здолеў даказаць, што ў любых умовах, пры правільным падыходзе да спрывы можна дабівацца вынікаў. Тэмпы росту вытворчасці малака на Язвінскай ферме ў першым квартале на 44 працэнты перавысілі леташні паказчык. Да таго ж, у агульным надоі значна павялічылася ўдзельная вага высокагатунковай прадукцыі…

Шчырую ўдзячнасць за плённую працу і далейшых перамог пажадаў  калектыву язвінскіх жывёлаводаў Міхаіл Яхімук. Лідар абласнога прафсаюзнага руху рас-тлумачыў прысутным аб акцыях і іншых мерапрыемствах, праводзімых прафсаюзамі з мэтай падтрымкі лепшых працаўнікоў Брэст-чыны. Ён жа ўручыў калектыву заслужаныя падарункі. Грашовы сертыфікат на 500 рублёў – у дадатак да цёплых віншаванняў і пажаданняў загадчыца фермы Вольга Рудовіч прымала з рук Мікалая Казака.

Поспехаў у працы зычыў жывёлаводам і выканаўчы дырэктар гаспадаркі Віталь Карчэўскі. Ён падзякаваў кіраўнікам абласных і   раённых структур за ўвагу і аказаны давер, які  палічыў “авансавым” і запэўніў,  што калектыў будзе імкнуцца ісці наперад – будучыня ў гаспадаркі ёсць.

Не засталіся ў даўгу перад гасцямі і жывёлаводы, падарыўшы кожнаму сімвалічную часцінку цеплыні зямлі дварэцкай, яе добразычлівасці і сонечных усмешак – духмяны свежавыпечаны каравай.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть