Версия для слабовидящих
RU
BY
Лунинец online

Права на існаванне

редегировоНа мінулым тыдні на Дрэбскім сортавыпрабавальным участку прайшла прыёмка вынікаў работы. Праводзіла яе галоўны спецыяліст Дзяржінспекцыі па выпрабаванню раслін Алена Лобан.

Сур’ёзных заўваг у інспектара такога высокага рангу работа калектыву не выклікала. Калі і былі недапрацоўкі, то іх выправілі пасля ўзаемаправеркі, якая праводзілася ў пачатку чэрвеня. Удзел у ёй прымалі калегі з Нясвіжскай і Маладзечанскай сортавыпрабавальных станцый і Івацэвіцкага сортаўчастка.

Навесці ўзорны парадак на пасевах сёлета аказалася не так проста. Цёплае надвор’е і частыя дажджы спрыялі небываламу росту пустазелля. Калі ў пачатку вегетацыі расліны можна было без шкоды для іх апрацоўваць гербіцыдамі, то падчас інтэнсіўнага росту адзіным спосабам пазбаціцца ад зелля стала праполка. Працаёмкую работу выконвалі паляводы Наталля КАНАПАЦКАЯ, Валянціна і Ева ГЕРМАНОВІЧ, Любоў і Варвара ГРЫНЕВІЧ. Больш як 20 год гэтыя сціплыя працаўніцы даглядаюць доследныя ўчасткі. Кожную раніцу, атрымаўшы нарад, яны без лішніх слоў бяруцца за справу і выконваюць яе бездакорна, бо ведаюць, што іх уласныя на-дзелы з бульбай будуць своечасова апрацаваны ад пустазелля і жука. Гэтую работу добраахвотна ўзяў на сябе кіраўнік участка Сяргей Грыневіч.

– Упэўнены, любая жанчына будзе самааддана працаваць на вытворчасці, калі ведае, што дома ў яе ўсё ў парадку. Таму і стараемся па магчымасці знізіць іх нагрузку на прыватных падворках, – гаворыць Сяргей Рыгоравіч.
– Як бы ні ўдасканальвалася тэхніка і тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур, без працавітых рук, тым больш на нашых доследных плантацыях, пакуль яшчэ нельга дасягнуць высокай культуры земляробства і годнага догляду за раслінамі. Нягледзячы на наяўнасць малагабарытнай тэхнікі, з дапамогай якой выконваем амаль усе тэхналагічныя аперацыі,  не забываем і пра касу. Там, дзе не пройдзе трактар, падкосіць ёю пустазелле, падраўняе дарожкі і праходы палявод Іван Грыневіч.  

У тым, што ўсё сказанае – не проста словы, упэўнілася, пабываўшы ў адзін з ліпеньскіх дзён на доследным участку. Бела-ружова-фіялетавым рознацвеццем сустрэлі пасадкі бульбы. Раўнюткімі радочкамі на 60-ці сотках яе высаджана 32 гатункі, якія адрозніваюцца адзін ад другога не толькі квеценню, але формай і колерам лісця, вышынёй, смакам, часам выспявання і тэхналагічным прызначэннем. А назвы якія прыгожыя! “Лілея”, “Рагнеда”, “Таісія”, “Эстрэла”, “Вендзі”, “Катанія”, “Маніфест”… Цяпер бульба яшчэ цвіце, але пад некаторымі гатункамі ўжо трэскаецца зямля:

– Гэта першая прыкмета добрай урадлівасці, – заўважае Сяргей Рыгоравіч. – У той жа час не факт, што кожны з размешчаных тут гатункаў вытрымае выпрабаванне. Між тым, назіраць за іх ростам і развіццём – адно задавальненне. Вы б толькі бачылі, якімі вачыма глядзяць на сваіх “пітомцаў” іх  распрацоўшчыкі!

Поруч такімі ж акуратнымі радочкамі  растуць 7 гатункаў соі, затым 28 – сланечніку, 3 гатункі грэчкі. Апошні ўчастак усыпаны белавата-карычневымі духмянымі кветачкамі, якія, нібы магнітам, прыцягваюць да сябе пчол. А вось і проса – 7 гатункаў! Здаецца, нічога незвычайнага – зеляніна і мяцёлкі з зерняткамі, але ж якая прыгожая гульня колеру на іх. Сапраўднай царыцай выглядае кукуруза. Яе тут аж 132 віды! У залежнасці ад накіраванасці выкарыстання (на зерне ці на сілас) яе ствалы то ўзнімаюцца высока ў неба, то, распусціўшы шырокае лісце, моцна і прыземіста трымаюцца за глебу…

Усё гэтае і іншае хараство выдатна праглядваецца з любога боку, таму што кожны доследны ўчастак абсталяваны акуратнымі шыльдамі з назвай гатункаў і аддзелены адзін ад другога чыста падкошанымі тэхналагічнымі дарожкамі. Ды і пасаджана ўсё нібы пад лінейку… Гэтак жа акуратна на больш аддаленым участку растуць зерневыя і зернебабовая: 9 гатункаў лубіну, 6 – азімага жыта, 5 – азімай трыцікале, 9 – піваварнага і 2 – кармавога ячменю,  6 – аўса.

Сяргей Рыгоравіч не хавае задавальнення:

– Работа наша здаецца даволі сціплай, аднак без яе немагчымы рух наперад у развіцці сельскай гаспадаркі. Нездарма ў народзе кажуць: “Якое семя, такое і племя”. А каб гэтае насенне было самым прагрэсіўным, захоўваем не толькі тэхналогію вырошчвання, але і ўкладваем у яго душу.

← Предыдущая новость