Агропром

Прызванне бывае розным

ольга ванюкАператар па адкорму буйной рагатай жывёлы да 6-месячнага ўзросту Вольга ВАНЮК з СВК “Дварэцкі» стала пераможцай раённага спаборніцтва па выніках мінулага года.

Дзякуючы старанням і прыроджанай адказнасці, аператар па адкорму буйной рагатай жывёлы да 6-месячнага ўзросту Вольга Ванюк летась атрымала 840 грамаў сярэднясутачных прываг у сваёй узроставай групе жывёлы, а валавыя прывагі ў параўнанні з папярэднім годам выраслі на 18,1 тоны. Каб даведацца, як ёй гэта ўдалося, вырашыла сустрэцца з працаўніцай на ферме.

Як толькі пераступіла дэзінфекцыйны бар’ер, устаноўлены пры ўваходзе на тэрыторыю МТФ №5 у Вічыне, падышла акуратна апранутая жанчына. Гэта была Вольга. Вясёлая і жыццярадасная яна адразу запрасіла ў памяшканне, дзе ўтрымліваліся яе цяляткі. Уразілі пануючыя тут чысціня, цішыня, водар сена і малака… У асобных клетачках са свабодным выхадам у выгульны дворык неяк па-асабліваму ўтульна ляжалі цяляткі. У кармушках, акрамя сена, былі камбікорм, кукуруза, мел, у ёмістасцях — вада. Дзе-нідзе клетачкі пуставалі, а іх насельнікі гулялі на свежым паветры. Даведаўшыся, што нядаўна ў яе групе было 140 цялят, пацікавілася, як упраўляецца з імі.

— Не скажу, што лёгка. Без дапамогі калег, мужа, нават сына-школьніка наўрад ці здолела б. Цяжкай ручной работы шмат: і кармы раздаць трэба, і малаком кожнае цялятка да 40-дзённага ўзросту напаіць, і прыбраць за ўсімі. Таму, як толькі здараецца ў маіх памочнікаў свабодная хвілінка, адразу ідуць на ферму. Жывем мы непадалёку, што дазваляе ў любы момант пабываць тут, паглядзець, як адчуваюць сябе малыя, а калі трэба, то слабейшага дадаткова падкарміць. Таму і захаванасць жывёлы ў нас высокая.

Працую пяты год. Менавіта столькі часу прайшло з моманту ўвядзення ў строй гэтага памяшкання. Светлае, утульнае яно нібы само патрабуе ўтрымліваць яго заўсёды чыстым. Яшчэ нядаўна ў кожнай клетцы было па двое цялят. Аднак новымі патрабаваннямі такое забаронена. Не скажу, што раслі яны дрэнна. Цяпер жа месцаў усім не хапае, даводзіцца ставіць цялушачак і бычкоў у старым, размешчаным непадалёк цялятніку. Там умовы ўтрымання крыху горшыя і прывагі не такія высокія. Хаця даглядаю аднолькава, хаджу за імі, як за дзецьмі малымі. Вельмі перажываю, калі па нейкай прычыне цялятка пачынае скідваць вагу. Разам з фельчарам выяўляем прычыну і стараемся як мага хутчэй ухіліць яе. У нас вельмі кампетэнтны ветфельчар Лідзія Яцукевіч. Яна лечыць, а я старанна рэкамендацыі яе выконваю.

Як толькі цяляты дасягаюць 6-месячнага ўзросту, іх забіраюць на іншыя фермы, а мне даюць нованароджаных. Яшчэ нядаўна на нашай ферме былі дзве цялятніцы. З мінулага года засталася толькі я. Сваю работу лічу прызваннем, таму што люблю яе, перажываю за ўсё і адчуваю асабістую адказнасць. Да гэтага прывыкла змалку. Нягледзячы на тое, што ў сям’і расла пятым, самым малодшым дзіцём, на ўзрост паблажкі мне ніхто ніколі не рабіў. Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, і ў кожнага з дзяцей быў свой фронт работы. Яны ставілі задачу, а мы яе выконвалі.

З калектывам, які ўзначальвае Тамара Дашкевіч, мне таксама пашчасціла. Дружны ён у нас і працавіты. Хутчэй за ўсё таму наша ферма лепшая ў гаспадарцы.

Усяго на трох малочнатаварных фермах СВК “Дварэцкі” ўтрымліваецца 2878 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1145 кароў. Прыкладна трэць іх знаходзіцца на МТФ №5 у Вічыне. А вось удзельная вага прададзенага адсюль малака складае палову дзённага валу гаспадаркі. Ад 368 кароў штодзень тут маюць 5230 кілаграмаў малака, тады як у цэлым па гаспадарцы — 10680 кілаграмаў. У грашовым вылічэнні сутачны прыбытак фермы ў сярэднім вагаецца ад 21 да 25 мільёнаў рублёў.

З выганам кароў на пашу прадуктыўнасць дойнага статка паступова павялічваецца. На сённяшні дзень ад кожнай каровы вічынскай фермы надойваюць у сярэднім па 13,5 літра малака ў суткі, у той час як у цэлым па гаспадарцы — крыху больш як 10 літраў.

Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть