Рамонт у разгары
Зімовае зацішша на палетках аграрыі раёна выкарыстоўваюць для рамонту і падрыхтоўкі тэхнікі да чарговага сельскагаспадарчага сезона.
Не пустуюць у гэтыя дні і майстэрні ААТ “Лунінецкі райаграсервіс”. Як расказаў дырэктар Уладзімір Кузьменчук, прадпрыемства спецыялізуецца ў асноўным на рамонце энерганасычаных трактароў глебаапрацоўчай тэхнікі і збожжаўборачных камбайнаў. Пачатак кожнага каляндарнага года да часу, пакуль не выдзелены дзяржаўныя крэдыты сельгаспрадпрыемствам, працаўнікі выкарыстоўваюць для рамонту сваёй тэхнікі. На дзень наведвання майстэрань з-пад умелых рук рамонтнікаў на лінейку гатоўнасці ўжо выйшлі практычна ўсе агрэгаты для ўнясення ў глебу арганічных і мінеральных угнаенняў. Цяпер настала чарга пагрузчы-каў. З чатырох наяўных два “Амкадоры” таксама адрамантаваны.
Прасторная майстэрня выглядае пакуль паўпустой, толькі дзе-нідзе адчуваецца рух. Яно і зразумела: восем чалавек, якія тут пастаянна працуюць, заняты сваімі справамі. Так, у кузні сустрэлі слесара-вулканізатаршчыка па сумяшчальніцтву каваля Леаніда ГУРБАНОВІЧА, які разаграваў металічную дэталь для наступнай рэканструкцыі. У тругім пакоі замяняў электроды электрагазазваршчык Сяргей КОЛБІК. Віртуоз сваёй справы вось ужо 28 год бесперапынна працуе на прадпрыемстве. Былы воін-інтэрнацыяналіст, ён упэўнены, што толькі дзякуючы пастаянству аднойчы выбранай прафесіі і калектыву, можна дасягнуць і майстэрства, і павагі. Такой жа думкі прытрымліваецца і токар-фрэзероўшчык Ігар ВАЎКАДАЎ. Яго працоўны стаж у райаграсервісе перавысіў 20 год. Сёння ўжо немагчыма падлічыць, колькі складаных і больш простых дэталяў ён за гэты час рэстаўрыраваў. Засталі яго за падобнай работай. Ігар Пракопавіч уважліва абмяраў, а затым абточваў на станку палец пагрузчыка.
Пабывалі і на станцыі тэхабслугоўвання, якой загадвае Міхаіл Андрэйчук. Толькі летась тут удыхнулі жыццё ў 35 дызельных матораў, адрамантавалі шмат паліўнай апаратуры для збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі. З паступленнем сродкаў на набыццё маслаў і фільтраў для айчыннай энерганасычанай тэхнікі работы тут прыбавіцца. Пакуль жа вядзецца ў асноўным рамонт рухавікоў. Адным з лепшых матарыстаў з’яўляецца Віктар ФУРСЕВІЧ. Спецыяліст высокага класа, маючы 40-гадовы стаж пры выхадзе на пенсію, вось ужо тры гады працягвае свой працоўны шлях у калектыве, і гэта нягледзячы, што работа тут не з лёгкіх, і ўмовы зімой не вельмі камфортныя… На што Віктар Антонавіч растлумачыў: “Сагравае ў холад і надае сілы адчуванне, што цябе ў калектыве цэняць і вопыт твой патрэбен. А гэта — адно з важнейшых складаючых шчасця, як і сям’я, дзе разам з жонкай выгадавалі сына і дачку, якія падарылі ўнукаў Арцёмку, Карыначку і Дашачку”.
З’яўляючыся дылерам Мазырскага машынабудаўнічага і Смаргонскага агрэгатнага заводаў, райаграсервіс валодае правам гарантыйнага рамонту механізмаў гэтых вытворцаў. Не вытрымаў гарантыйнага тэрміну службы і адзін з агрэгатаў лесанарыхтоўчай тэхнікі, якая належыць мясцоваму лясгасу. Ухіленнем паломкі заняліся майстры-наладчыкі Мікалай Рока, Пётр Кулажанка і Віктар Емельяновіч. Кіруе дылерскім цэнтрам інжынер Дзмітрый Акінчыц.
Акрамя рамонтных работ, працаўнікі асобнага падраздзялення, механізаванага атрада займаюцца дастаўкай на палі і ўнясеннем у глебу арганікі. У іх распараджэнні — 18 трактароў і 4 пагрузчыкі. Ёсць таксама кормаўборачны камбайн, касілка і граблі, а таксама вялікагрузныя прычэпы, якія дазваляюць у корманарыхтоўчы сезон нарыхтоўваць сянаж, сена і сілас для сельгасарганізацый раёна.
Акрамя іншага, работнікі займаюцца і вапнаваннем кіслых глеб. Толькі сёлета для гэтых мэт Лунінеччыне выдзелена 20 тысяч тон даламітавай мукі, яшчэ 3 тысячы тон яе прадугледжана па Чарнобыльскай праграме. Работы распачнуцца, як толькі будзе адкрыта фінансаванне праграмы. Зімовыя маразы і сцюжа ім не перашкодзяць.