У «Хваецкім» адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК
Агропром

У «Хваецкім» адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці стаў па-сапраўднаму багатым на падарункі для працаўнікоў дзяржаўнага прадпрыемства “Хваецкае”.

Прасторная тэрыторыя перад Вулькаўскім 1 Цэнтрам культуры і народнай творчасці, дзе ладзілася ўрачыстасць, сустрэла выстаўкай тэхнікі і агрэгатаў да яе: тры аўтамабілі, столькі ж трактароў, адліваючыя свежай фарбай сеялка, плуг, граблі, кормараздатчык “Гаспадар”… Мужчыны, якія стаялі непадалёк  і яшчэ зусім нядаўна пра нешта спрачаліся, растлумачылі, што прадстаўленыя “выставачныя экспанаты” не што іншае, як тэхніка, якую сёлета набыла гаспадарка. А літаральна праз некалькі гадзін усе ўжо будуць ведаць, каму пашчасціць на ёй працаваць… Мнагалюдна было і ў фае ўстановы культуры, якое ўпрыгожвала восеньская экспазіцыя, расказваючая пра вясковы быт. Неўзабаве музыка паклікала ўсіх заняць месцы ў зале. І вось ужо пад песню “Хлеб-соль” у выкананні народнага аматарскага аб’яднання “Жывіца” маленькія танцоры ўручаюць каравай дырэктару сельгаспрадпрыемства Васілю Лазіцкаму, а нарэзаныя ломцікі белага хлеба раздаюць вяскоўцам у зале… Так прыгожа і рамантычна пачалося свята.

Прыемна было слухаць падзякі і віншаванні ў адрас спецыялістаў і працаўнікоў з вуснаў дырэктара сельгаспрадпрыемства Ва-сіля Лазіцкага, які таксама ўручаў заслужаныя прэміі лепшым. Літаральна на працягу ўсяго свята, якое доўжылася больш як 3 гадзіны,  на сцэну адзін за другім падымаліся працаўнікі. Спачатку былі вадзіцелі, трое з якіх у дадатак да матэрыяльнага заахвочвання атрымалі ключы ад новых аўтамабіляў ГАЗ, МАЗ і “Газель”. Затым столькі ж ключоў было ўручана ў  мазолістыя рукі механізатараў. Вельмі цёпла сустракаў кіраўнік  аператараў машыннага даення. Уручаючы ім прэміі, не пераставаў дзякаваць за працу людзям, стараннямі якіх значна павялічыліся надоі і палепшылася якасць малака. У сярэднім выручка ад рэалізацыі малака за дзень складала прыкладна 90 мільёнаў рублёў. Дэкада такой работы – і можна было купіць плуг, яшчэ 20 дзён – трактар. Не шкадаваў цёплых слоў кіраўнік у адрас жывёлаводаў, будаўнікоў і спецыялістаў, якія стараннай працай мацуюць гаспадарку, а таксама пенсіянерам, якія не здрадзілі калектыву ў самыя цяжкія пасляперабудовачныя часы. 

Павіншаваць калектыў і падзякаваць за плённую працу прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч, пракурор раёна Аляксандр Карлюк, які, дарэчы, уручыў Васілю Лазіцкаму Ганаровую грамату, і начальнік міжрай-аддзела КДБ Андрэй Кісель.

Не шкадавалі ў гэты дзень сваіх галасоў сама-дзейныя пявунні “Жывіцы”, а ног – маленькія, але такія вядомыя не толькі ў нас, але і за межамі Беларусі юныя танцоры “Мірыданса”.

Канцэрт яшчэ працягваўся, а трактарысту Валерыю Фядчэні, якому таксама былі ўручаны ключы ад новага трактара, не цярпелася хутчэй палюбавацца цяпер ужо сваёй  тэхнікай:

– Мне выдалі ключы ад МТЗ-82, а да яго – новыя граблі і апырсквальнік. Вось гэта радасць. Нарэшце зноў адчую прастору палёў і сенажацей. З-за адсутнасці ў гаспадарцы свабоднай тэхнікі апошнія тры гады працаваў слесарам на МТФ, хаця маю 24 гады механізатарскага стажу.

Васілю Лазько зноў дастаўся ГАЗ. А вось Ула-дзіміру Арашкевічу давя-дзецца прывыкаць да больш раскошнага і па габарытах і па грузападымальнасці МАЗа:

– Сёння яшчэ ўранку жывёлу перавозіў на сваім 14-гадовым ГАЗіку, а вось са свята паеду ўжо на МАЗе…

У словах вадзіцеляў было столькі непадробнай гордасці за аказаны давер, што нават не выклікала сумнення, – яны абавязкова будуць працаваць так, каб уручаная ім тэхніка апраўдала сябе на працягу года, як гэтага патрабуе Васіль Лазіцкі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть