Узнагарода для Сяргея
Здавалася б, сёння ўжо не здзівіць перадавікоў сельгасвытворчасці граматамі, дыпломамі і падзячнымі лістамі рознага ўзроўню, якімі іх перыядычна ўзнагароджваюць за лепшыя паказчыкі падчас выканання тых ці іншых сельгасработ.
Чарговая ўзнагарода, якую старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак днямі ўручала механізатару дзяржаўнага прадпрыемства “Хваецкае” Сяргею Есауленка (на здымку злева), была асаблівай. Падзячнага пісьма абкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовай прэміі ўдастоены механізатар, які працуе на Палессі толькі другі год. Ураджэнец Данецкай вобласці ў Беларусь пераехаў з сям’ёй з Украіны ў пошуках мірнага жыцця. Далёкі ад палітыкі земляроб аддана вырошчваў хлеб на радзіме, цяпер гэтак жа сумленна працуе на зямлі беларускай, якая паступова становіцца яму і яго сям’і другой Радзімай. Тут знайшла сабе справу па душы жонка Ганна, якая ўладкавалася на МТФ лабаранткай. А вучні мясцовай школы з задавальненнем прынялі ў свой калектыў іх дачушку, 6-класніцу Настачку.
Усхваляваны ад такой незвычайнай да сябе ўвагі, Сяргей Есауленка паспяшаўся крыху “прыцяніць” свае заслугі. Маўляў, выдатны старт да паспяховай сяўбы даў яму калектыў механізатараў, які своечасова падрыхтаваў глебу. Прыпомніў ён і сваю самую памятную ўзнагароду за працу на ўкраінскай зямлі: пышны каравай за другое месца на жніве. Было тады механізатару шаснаццаць…
– Нечакана і вельмі прыемна. Не думаў, што маю працу так высока ацэняць, – расчулена вымавіў Сяргей Аляксандравіч. – Абавязкова сфатаграфую ўзнагароду і па інтэрнэту адпраўлю бацькам ва Украіну. Вы нават уявіць не можаце, як яны радавацца будуць. Хутка летнія канікулы, тады і сустрэнемся з імі – мама і тата прывязуць да нас на адпачынак пляменніцу. А сённяшнюю прэмію абавязкова аддам жонцы, яна лепш ведае, на што патраціць грошы.