Жніво ў маладзёжным рытме
Уборачная кампанія, што стартавала ў дзяржаўным прадпрыемстве «Сінкевіцкі» ў панядзелак, сёлета мае адметную асаблівасць. Чатыры з пяці экіпажаў камбайнаў узначальваюць маладыя работнікі.
Добрага ўраджаю і плённай працы камбайнерам, вадзіцелям і прадстаўнікам іншых службаў, шчыра пажадалі падчас «Зажынак» кіраўнік «Сінкевіцкага» Віктар Дзеніскавец, начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарчу Барыс Абравец, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак і іншыя госці.
Уважліва і сур’ёзна слухалі настаяцеля Мокраўскага праваслаўнага храма ў гонар Пакровы Найсвяцейшай Багародзіцы Лявонція Пяшко. Адслужыўшы малебен аб поспеху ў справе і здароўі ўсіх удзельнікаў, ён благаславіў людзей, асвяціў тэхніку і ўручыў абразкі.
Права зжаць першыя каласы новага ўраджаю жыта атрымалі жыхаркі Сінкевіцкага сельсавета Марыя Юнкевіч, Кацярына Чарнавокая і Марыя Бакуновіч. Пад гукі старой беларускай абрадавай песні жанчыны ўручылі сноп дырэктару дзяржаўнага прадпрыемства «Сінкевіцкі» Віктару Дзеніскаўцу. З задавальненнем удзельнікі свята пачаставаліся караваем з мінулагодняга ўраджаю, які спякла спецыяліст па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Алена Вайцяхоўская. Неўзабаве ў поле выйшлі камбайны Сяргея Капліча, Міхаіла Рудзько, Івана Лукашэвіча, Мікалая Рудзько і Максіма Клеўжыца. Услед за імі «баявую пазіцыю» занялі вадзіцелі Сяргей Анцыбор і Анатоль Капліч – іх аўтамабілі «МАЗ» задзейнічаны на перавозцы збожжа. Не давялося доўга чакаць сваёй чаргі і МТЗ-2022 з рулонным прэс-падборшчыкам, на якім шмат год шчыруе механізатар Сяргей Шулякоўскі. Яго сын Міша – школьнік, які марыць працягнуць прафесію бацькі…
Прайшло некалькі хвілін, а ўся тэхніка ў полі працавала, як адладжаны механізм. Па словах галоўнага агранома дзяржаўнага прадпрыемства “Сінкевіцкі” Ірыны Антановіч, сёлета тут плануецца ўбраць плошчу ў 2012 гектараў, з якіх 1650 – збожжавыя і зернебабовыя культуры.