Дзмітрый КОЎШЫК: «Згода ў рабоце і жыцці»
ЭкономикаПромышленность

Дзмітрый КОЎШЫК: «Згода ў рабоце і жыцці»

Яшчэ ў Рымскай імперыі і Старажытнай Грэцыі рэгулярна праводзілася інвентарызацыя маёмасці. Дзяржава жадала дакладна ведаць, якой уласнасцю валодае кожны з яе падданых. У Беларусі тэхнічная інвентарызацыя аб’ектаў нерухомай маёмасці таксама мае свой летапіс, які вылічваецца некалькімі стагоддзямі. З моманту зараджэння і да сённяшніх дзён землеўпарадкавальная служба нашай краіны перажыла шэраг рэарганізацый і рэформаў. Каб даведацца больш падрабязна пра яе прызначэнне, функцыі і дзейнасць, звярнуліся да начальніка Лунінецкага філіяла РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” Дзмітрыя КОЎШЫКА.

– Мэта нашай дзейнасці заключаецца ў рэалізацыі ўскладзеных на Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь задач і функцый у частцы дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, ажыццяўленне адзінага працэсу вядзення дзяржаўнага зямельнага кадастру і ацэнкі нерухомай маёмасці. Паслугі насельніцтву рэгіёна, а гэта – Лунінецкі і Ганцавіцкі раён, забяспечвае 41 спецыяліст. Калектыў у нас параўнаўча малады, сярэдні ўзрост – прыкладна 35 год. Настроены заўсёды аптымістычна, што станоўча ўплывае на выкананне задач. Па выніках мінулага года занялі трэцяе месца сярод аналагічных прадпрыемстваў вобласці. У прыватнасці, даве-дзены план па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі перавыканалі больш як на 110 тысяч рублёў, чысты прыбытак склаў 101 тысячу рублёў пры плане 20 тысяч. Працуем рэнтабельна, сярэдняя заработная плата ў параўнанні з мінулым годам вырасла на 7,6 працэнта і дасягнула 845,7 рублёў.

– Лічбы сапраўды ўражваюць. У чым сакрэт?

– Заўважу адразу, што гэта не аптымізацыя. Філіял узначальваю з 2014 года, за гэты перыяд калектыў павялічыўся на 7 чалавек. Вось і ў лютым чакаем яшчэ двух маладых спецыялістаў. Улічваючы, што мы гаспадарча-разліковая арганізацыя, шмат робім у плане пошуку новых відаў паслуг. Так, напрыклад, многія грамадзяне дагэтуль не ведаюць, што нашы рэгістратары маюць такое ж права, як і натарыус, афармляць здзелкі куплі-продажу нерухомай маёмасці.

– Раскажыце крыху пра сябе і тое, чаму выбралі прафесію, якая звязана з землеўпарадкаваннем?

– Нарадзіўся ў Лунінцы. Тут жа закончыў СШ №1. Марыў стаць міліцыянерам, але калі надышоў час падаваць дакументы ў ВНУ, сябар прапанаваў паступіць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Атрымаўшы дыплом інжынера-землеўпарадкавальніка, па размеркаванню ў 2008 годзе трапіў у праектны інстытут “Белгіпразем” у Пінску. Потым пераводам быў прызначаны на пасаду намесніка начальніка землеўпарадкавальнай службы Лунінецкага райвыканкама. А з 2013-га ўладкаваўся ў філіял, які ў народзе ведаюць як БТІ. Завочна закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

– Да вас часта звяртаюцца грамадзяне на прыём?

– Афіцыйна прыёмным днём лічыцца серада, але дзверы майго кабінета заўсёды адкрыты. Звяртаюцца не толькі па пытаннях, што ўваходзяць у нашу кампетэнцыю. Аднак і ў гэтых выпадках імкнуся дапамагчы, звярнуўшыся ў адпаведныя інстанцыі. Неяк прыйшла жанчына, якая мела “баявы” настрой і, вырашаючы сваю праблему на павышаных танах, спрабавала справакаваць скандал, каб потым напісаць чарговую скаргу. Але яна была вельмі здзіўлена, калі знайшлі кансэнсус. Потым прасіла прабачэння і вельмі дзякавала…

– У вашым рабочым кабінеце нельга не звярнуць ўвагу фотарэпрадукцыі з адлюстраваннем вуліц Лондана. Марыце там апынуцца?

– Сапраўды ў мяне ёсць адна мара, якая звязана з Лонданам. З’яўляюся прыхільнікам футбольнага клуба “Арсенал” і быў бы вельмі шчаслівы калі-небудзь апынуцца на стадыёне “Эмірэтс” і з трыбун назіраць за гульнёй славутай лонданскай каманды… Захапляецца футболам і старэйшы сын Кірыл, якому 11 год. Ён трэніруецца ў спартыўнай школе і мае ў сваёй скарбонцы шмат узнагарод. Хто ведае, можа, яму ўдасца дабіцца вышынь у спартыўнай кар’еры. Я таксама калісьці займаўся ў ДЮСШ. Першымі трэнерамі былі Міхаіл Гарбачоў і Сяргей Пратасеня. Спорт дысцыплінуе, выхоўвае, вучыць перамагаць і дабівацца вызначаных мэт. Гэта адчуў на ўласным вопыце. Вялікі футбол пачынаецца менавіта з дзіцячага спорту, таму заўсёды адгукаюся, калі просяць аказаць фінансавую дапамогу ў правядзенні футбольных турніраў сярод юных спартсменаў. Дагэтуль сам гуляю ў міні-футбол, выступаю за каманду “Базар”. Наогул, пра футбол магу гаварыць бясконца.

– Ці лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

– Безумоўна. У мяне ёсць работа, якая прыносіць задавальненне, надзейны “тыл” і цудоўныя сыны. А яшчэ – мара, якая, вельмі спадзяюся, спраўдзіцца. Кажуць, што думкі матэрыялізуюцца. Ці так?

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть