Новы «офіс» леснікоў
Адразу дзвюма важнымі падзеямі адзначыўся мінулы тыдзень для лесаводаў Лунінеччыны. Выязны абласны семінар прадстаўнікоў Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання і дырэктараў лясгасаў сумясцілі з адкрыццём новага будынка Бастынскага лясніцтва.
Усяго за паўгода сіламі падрадчыка РУП «Завод газетнай паперы» і работнікаў лясніцтва з’явілася сучаснае памяшканне. На гэтыя мэты Лунінецкі лясгас асвоіў каля 180 тысяч рублёў. Цяпер новы аб’ект сапраўды ўпрыгожвае аграгарадок.
– Назваць офісам будынак ранейшага лясніцтва, якое размяшчалася ў Люшчы, – не сучасна і не актуальна, – патлумачыў дырэктар лясгаса Вячаслаў Торчык. – Трэба аддаць належнае супрацоўнікам, якія ўласнымі намаганнямі правялі шэраг унутраных і вонкавых работ і надалі ўвагу добраўпарадкаванню тэрыторыі.
Пасля перарэзвання чырвонай стужкі (гэта права прадаставілі генеральнаму дырэктару Брэсцкага ДВЛГА Аляксею Пракопаву, старшыні райвыканкама Аляксандру Пачко і дырэктару лясгаса Вячаславу Торчыку) для ганаровых гасцей і прысутных правялі невя-лікую экскурсію. Прасторныя кабінеты з сучаснай аргтэхнікай, актавая зала, санвузел, службовыя памяшканні і гаспадарчыя пабудовы – тут створаны камфортныя ўмовы для працы. У бліжэйшы час закончаць устаноўку боксавых гаражоў. На тэрыторыі паспелі ўладкаваць дэндрапарк. На 25 сотках «прапісалася» 20 відаў кустарнікаў і дрэў. Сярод «жыхароў» – ціс ягадны, елка звычайная, ліпа, клён, ясень, амфара, фарзіцыя, баярышнік, ядлоўцы, туі і іншыя. Частка іх – з гадавальніка лясгаса. У будучым тут створаць штучны пажарны вадаём.
Радуюцца новаму будынку і яго навасёлы – леснікі Леанід Бунас і Мікалай Радзюкевіч з Бастыні:
– Безумоўна, такой пераменай “месца жыхарства” задаволены. Як кажуць, да добрага прывыкаеш хутка. Цяпер да работы – рукой падаць. Будзем прывыкаць да ўласных кабінетаў. Раней туліліся ў двух…
– Вельмі прыемна пачынаць год такімі падзеямі. Новае лясніцтва – падарунак для ўсяго раёна. Адкрыццё і добраўпарадкаванне новых аб’ектаў паказваюць, што прадпрыемства паўнавартасна жыве, планамерна развіваецца, а яго кіраўніцтва думае пра заўтрашні дзень, – заўважыў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.
– Годны адміністрацыйны будынак – гэта не толькі імідж прадпрыемства, але і адпаведныя ўмовы працы, якія даюць стымул для новых здзяйсненняў, – дадаў Аляксей Пракопаў.
– Сёння ў Бастынскім лясніцтве працуе 27 чалавек. Ёсць надзейныя кадры, неабходная тэхніка для таго, каб рэалізоўваць усе планы, – запэўніў ляснічы Іван Шуляк.