Выйсці на бясстратнасць
Калі кіраўнікі часта мяняюцца, гэта нараджае, як мінімум, дзве праблемы. У кожнага начальніка – уласная манера зносін, кіравання і кантролю, а таксама сваё разуменне прыярытэтаў і мэт прадпрыемства. Людзі толькі паспяваюць прывыкнуць да вызначанага стылю, як зноў даводзіцца “перабудоўвацца” пад стыль новага дырэктара. Гэта вельмі складана. Між тым, ёсць і станоўчы бок у гэтай сітуацыі – новы начальнік задае эмацыянальны імпульс, ён матывуе людзей на рашэнне новых задач, і супрацоўнікі імкнуцца паказаць сябе з лепшага боку. Варта спадзявацца, што менавіта такім праявіць сябе Ігар ЦУРЫКАЎ, які ў пачатку года ўзначаліў ААТ “Палессеэлектрамаш”.
– Ігар Аляксандравіч, вы на Лунінеччыне чалавек новы. Раскажыце пра сябе, падзяліцеся ўражаннямі аб нашым горадзе.
– Нарадзіўся і вырас у Мінску. Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута па размеркаванню трапіў на Мінскі падшыпнікавы завод. Там за 18 год работы ад майстра цэха дарос да галоўнага металурга. Пазней курыраваў металургічную вытворчасць у Белутормеце. І вось цяпер назначаны на пасаду дырэктара ААТ “Палессеэлектрамаш”. Горад цудоўны, чысты і спакойны. Тут няма напружанага рытму і мітусні, якія ўласцівы мегаполісам… Што датычыць прадпрыемства, то яно зараз знаходзіц-ца не ў лепшай фінансавай сітуацыі, але, думаю, гэта – часовая з’ява. У завода ёсць патэнцыял, які дазваляе бачыць перспектывы яго далейшай дзейнасці і развіцця. На жаль, заробкі ў нас пакуль ніжэй за сярэднія па раёне. Але ж, будзем імкнуцца наладзіць вытворчасць такім чынам, каб зрабіць іх прывабнымі для кваліфікаваных кадраў.
– Што думаеце рабіць?
– Сядзець, склаўшы рукі, не збіраемся. Ужо сёння, хоць і дробнымі крокамі, але пачалі рухацца наперад, павялічваючы аб’ёмы выпуску рухавікоў і чыгуннага ліцця, прамысловых рухавікоў пераменнага току. Вядучыя краіны свету, у тым ліку і Расія, усё больш увагі надаюць каэфіцыенту карыснага дзеяння прамысловых рухавікоў пераменнага току. Так, з 2015 года ра-сіяне плануюць перайсці цалкам на рухавікі павышанай энергаэфектыўнасці. І ў гэтым напрамку ў нас ёсць канкрэтныя дамоўленасці з расійскімі партнёрамі. У нашай прадукцыі зацікаўлена і адно з чэшскіх прадпрыемстваў, якое абслугоўвае чыгунку. Ёсць дамоўленасці з замежнымі партнёрамі і па выбуховаабароненых рухавіках. Яны прызначаны для прываду механізмаў у хімічнай, газавай, нафтаздабываючай і сумежных абласцях прамысловасці.
– ААТ “Палессеэлектрамаш” ўваходзіць у склад холдынга “Беларускі металургічны завод”, і значыць, зацікаўлена ў развіцці чыгуналіцейнай вытворчасці. Што робіцца ў гэтым напрамку?
– Патрабаванні заказчыкаў да якасці павышаюцца, таму нам трэба ім адпавядаць. Магчымасці ЧЛЦ дазваляюць гэта рабіць, а таксама пашыраць асартымент выпускаемай прадукцыі. Знаходжанне ў холдынгу для нас вельмі важна. Уваходзячыя ў яго прадпрыемствы маюць магчымасць падзяліцца сваімі заказамі. Як гэта зараз робіць Магілёўскі металургічны завод, які перадаў нам частку аб’ёмаў на выраб каналізацыйных люкаў. У падобнай наменклатуры тавараў зацікаўлены шэраг еўрапейскіх прадпрыемстваў, таму работу ў гэтым напрамку працягнем. За сродкі з фонду аказання падтрымкі набылі статараскабіруючы станок, а таксама драбамётнае абсталяванне для ліцейнага цэха.
Акрамя фінансавай дапамогі “БМЗ” накіроўвае да нас вузкіх спецыялістаў. Так, зараз на ўчастку каляровых металаў яны дапамагаюць ажыццявіць наладку абсталявання для атрымання ліцейнай прадукцыі пад нізкім ціскам. Дзякуючы спецыялістам холдынга правялі абследаванне кранавай гаспадаркі. Такое супрацоў-ніцтва вельмі важна, таму вынікамі павінны даказаць, што здольны справіцца з пастаўленымі задачамі.
– На пачатак года на складах прадпрыемства знаходзіўся трохмесячны запас прадукцыі. Як зараз абстаяць справы?
– Пакрыху разгружаем склады, але справы ідуць не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б. Акрамя Расіі, даволі цесна супрацоўнічаем з Украінай. З-за сітуацыі, што склалася ў суседняй краіне, пастаўкі на нейкі час прыпыніліся. Але зараз зноў пачалі адгружаць прадукцыю. Разумею важнасць таго, што склады не павінны быць затаваранымі. Каб прадпрыемства працавала бясстратна, неабходна выпускаць і прадаваць прыкладна 8 тысяч рухавікоў і 500 тон чыгуннага ліцця штомесяц. На гэтыя лічбы будзем імкнуцца выйсці як можна хутчэй.
– Якім чынам мяркуеце справіцца з пастаўленымі задачамі?
– Зразумела, спадзяемся на калектыў. Ён у нас зла-джаны і працаздольны. Праўда, не заўсёды хапае ініцыятывы. Сёння на прадпрыемстве 800 працаўнікоў. У далейшым аптымізацыя будзе працягвацца. Гэта значыць, застануцца тыя, хто непасрэдна ўдзельнічае ў працэсе вытворчасці. Каб не скарачаць людзей, прапа-ноўваем перапрафілявацца. Зараз ідзе аб’яднанне штамповачна-абмотачнага і механазборачнага цэхаў у адно структурнае падраздзяленне. Хаця на дапамогу холдынга разлічваем, але і на магчымасці завода таксама. Спадзяемся, што ў мінімальныя тэрміны зможам выйсці на бясстратнасць.
Гутарыла
Алена ДАНІЛОВІЧ.