Гаспадыня-восень шчодра адарыла і кірмаш адкрыла
Першая нядзеля лістапада парадавала лунінчан не толькі цёплым надвор’ем, але і багатым на дары восені кірмашом.
Нягледзячы на тое, што цяпер у магазінах круглы год можна набываць садавіну і агародніну, гараджане па-ранейшаму стараюцца наведаць кірмаш у пошуку больш таннай прадукцыі. А яшчэ тут ёсць тавар, які не трапляе ў рознічны гандаль. Гэта саджанцы пладова-ягадных дрэў і кустарнікаў, дары лесу і пасек.
– Ой, крыху спазнілася на кірмаш, – расказвае лунінчанка Галіна. – Перад самым носам апошні куст хрызантэм забралі. Трэба будзе ў Баранавічы да гэтых прадаўцоў ехаць. У іх ёсць рэдкія сарты. У маёй калекцыі з 60 відаў такіх няма…
– Трэба сад абнавіць, – кажа Мікалай. – Пасаджу новую каштэлю, персік, грушу. Няхай унукі дзеда добрым словам успамінаюць…
– Мяне вельмі прывабіў водар спецый, – з усмешкай распавядае Ірына. – Спакусілася. Думаю, не пашкадую, што такую чаргу адстаяла.