На дзесятку
На дзесятку ацаніў рэканструяваны магазін “Альянс” старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.
Раней “Беленькі” (так называюць яго гараджане) уяўляў сабой два гандлёвыя аб’екты – “Прадукты” №16 і “Прамтавары” №24, агульны сярэднямесячны тавараабарот якіх складаў каля 20000 дэнамінаваных рублёў. У сакавіку 2015 года тут пачалася рэканструкцыя. А ў мінулую пятніцу ўрачыста расчыніліся дзверы “Альянса”. Шырокі асартымент кандытарскіх вырабаў беларускіх вытворцаў, а таксама разнастайнасць тавараў, якія ўпрыгожаць жыллё, несумненна, будуць дарэчы пакупнікам.
Акрамя жыхароў райцэнтра, на ўрачыстасці пабывалі ўдзельнікі абласнога семінара на чале са старшынёй праўлення аблспажыўсаюза Леанідам Янковічам. Ён расказаў, што зараз абласная кааператыўная структура аб’ядноўвае 11 узаемадзеючых паміж сабой галін. Гэта рознічны, аптовы і знешні гандаль, грамадскае харчаванне, прамысловасць, нарыхтоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, транспарт, будаўніцтва і іншае.
У склад аблспажыўсаюза ўваходзяць 15 раённых спажывецкіх таварыстваў, якія аб’ядноўваюць 76 філіялаў і ўнітарных прадпрыемстваў, а таксама 2 міжраённыя гандлёвыя базы, 3 транспартныя прадпрыемствы, 2 будаўнічыя арганізацыі, вылічальны цэнтр і УП «Брэсцкі рынак».
Падобныя семінары па абмену вопытам праводзяцца рэгулярна. На гэты раз наведалі прадпрыемствы Пінскага, Столінскага і Лунінецкага райспажыўтаварыстваў і падвялі вынікі выканання праграмы развіцця гандлёвай галіны аблспажыўсаюза.
– Мы працуем у складаны час, – канстатаваў Леанід Сцяпанавіч. – Аднак, калі падыходзіць да работы прынцыпова з веданнем справы, поспех абавязкова будзе. Прыкладам таму з’яўляецца Лунінецкае райспажыўтаварыства. Гэта – арыенцір, таму невыпадкова менавіта наведванне вашых аб’ектаў стала заключным этапам у мерапрыемстве.
Дык чаму можна павучыцца ў нашых кааператараў? Падчас экскурсіі ў “Кулінарыі” старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар расказаў, што з пачатку года сума інвестыцый склала больш як 550 тысяч дэнамінаваных рублёў, у тым ліку ў гандлёвую сетку – 450 тысяч. Актыўнымі тэмпамі ідзе камп’ютарызацыя – з 9 запланаваных аб’ектаў на 2016 год 7 падключаны да цэнтральнага офіса. Фінансавыя сродкі выдзелены і на аб’екты грамадскага харчавання. У прыватнасці, у бліжэйшы час новы выгляд набудзе “Кулінарыя”, дзе паявіцца сучаснае абсталяванне, а столікі для наведвальнікаў расставяць на месцы цяперашняга кафетэрыя “Хвілінка”. Дырэктар філіяла Валянціна Швед спынілася на асноўных паказчыках дзейнасці, адзначыўшы, што калектыў працуе прыбыткова.
Сучасныя падыходы ў рабоце выкарыстоўваюць кааператары пры продажы будаўнічых матэрыялаў. Так, пры наведванні магазіна “Стройуют” (філіял “Харчтавары”) звярнулі ўвагу на комплексны асартымент, гандлёвую залу, якая пашырылася за кошт складскога памяшкання больш як на 60 метраў. Да таго ж, тут аказваюць паслугі па бясплатнай дастаўцы буйнагабарытнага тавару. Тут жа можна аформіць беспрацэнтную растэрміноўку да 6 месяцаў. Гэта дазволіла павялічыць тэмпы росту з 71,6 працэнта ў 2015 годзе да 115 працэнтаў сёлета. Не спыняюцца на дасягнутым ва “Універмагу”, дзе апошнім часам паявілася шмат фірменных секцый. У прыватнасці, ААТ “Світанак”, “8 Сакавіка”, Дзяржынскай швейнай фабрыкі “Эліз”, ЗАТ СП “Белкельме” і іншыя. Такія новаўвядзенні таксама спрыяюць паспяховасці гандлёвай дзейнасці і павышэнню тавараабароту. Дадатковы даход “Прадуктоваму доміку” прыносіць летняя пляцоўка. Для дасягнення пастаўленых задач у магазіне “Усё для дома” акцэнт робяць на гаспадарчых таварах з улікам сезоннага попыту. На тэрыторыі філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне” абсталявана пляцоўка, з якой вядзецца рэалізацыя будаўнічых матэрыялаў. Тут можна набыць прадукцыю вядучых айчынных вытворцаў, у тым ліку мікашэвіцкага ААТ “Спецжалезабетон”. Як адзначыў Максім Андрэевіч, гэта адзіны філіял, які па выніках паўгоддзя па тэмпах росту перавысіў 100-працэнтны паказчык. І гэта нягле-дзячы на тое, што значная частка магазінаў размешчана ў вёсках. Госці пацікавіліся, колькі ў райспажыўтаварыстве аўтамагазінаў.
– Пакуль у нас іх няма, – адказаў кіраўнік праўлення. – Гандлёвыя кропкі працуюць ва ўсіх населеных пунктах. Але ёсць кадравыя праблемы. Таму можа атрымацца, што ў хуткім часе давядзецца задумацца аб набыцці спецыялізаванай тэхнікі.
Спыніўшыся каля магазіна-дыскаўнтара “Родны кут”, удзельнікі семінара заўважылі, што побач няма густа населеных жылых мікрараёнаў. У той жа час уразілі лічбы: рознічны тавараабарот у параўнанні з мінулым годам павялічыўся амаль у 3 разы. Сакрэтам падзяліўся дырэктар філіяла Рыгор Насеня, які запэўніў, што гэта – вынік праведзенай рэканструкцыі і сістэмы лаяльнасці цэн.
Сапраўды, наведваючы магазіны Лунінца, уражанне засталося самае прыемнае – як ад інтэр’ераў з сучасным абсталяваннем, так і ад насычанасці таварамі гандлёвых прылаўкаў. Нягледзячы на гэта, лунінчане мараць аб “Еўраопце”. Пра гэта яны вялі гутарку падчас адкрыцця магазіна “Альянс” са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко. У чарговы раз ён адказаў, што прадстаўнікі гэтай гандлёвай сеткі не звярталіся да ўлад з просьбай выдзеліць месца пад забудову…