Прадуктовы домік
Гандлёвых кропак у Лунінцы шмат, але адкрыццё кожнай новой успрымаецца, як адметная падзея. Сведчаннем таму стала вялікая колькасць пакупнікоў, што сабраліся ў чаканні ўрачыстага адкрыцця магазіна “Прадуктовы домік”, які знаходзіцца побач з аўтобусным прыпынкам “Хатні”.
Сабраўшыхся павітаў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, які адзначыў важнасць справы кааператараў у забеспячэнні насельніцтва таварамі, неабходнымі ў паўсядзённым жыцці. Пажадаў магазіну росквіту і заможных пакупнікоў.
Дырэктар філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне” Ніна Віцэнка расказала аб адметнасці гандлёвага аб’екта, адзначыўшы, што асноўны акцэнт яны зрабілі на дзіцячым харчаванні, разнастайнасць і вялікі асартымент якога потым адзначылі і спажыўцы. Пасля таго, як Уладзімір Кавалевіч разам з намеснікам старшыні праўлення райспажыўтаварыства Вольгай Швітковай перарэзалі чырвоную стужку, Ніна Аркадзьеўна ветліва запрасіла пакупнікоў у магазін і пачаставала першых 30 наведвальнікаў салодкімі прысмакамі.
Прадаўцы, а іх тут трое, прапанавалі ўзяць карзінкі, пакінуўшы свае сумкі ў камерах захоўвання, дапамагалі зарыентавацца ў гандлёвых залах і выбраць тавар. А я го тут сапраўды ўдосталь — больш як 5 тысяч найменняў.
Паназіраўшы за пакупнікамі, заўважыла, што найбольшай папулярнасцю карысталіся гарохавы суп у брыкетах, алей, крупа грэчневая, макаронныя вырабы, мука, мандарыны. Відавочна, што вызначальным стаў цэнавы фактар. На гэтыя і іншыя віды тавараў тут існуюць акцыі, таму яны тайней, чым у іншых магазінах горада.
— Цудоўны магазін, — сцвярджае Пётр Буракоў. — Мы вось з жонкай муку на былі. Будзем гасцей смачнымі аладкамі частаваць. Жывём тут недалёка, таму будзем часта сюды наведвацца.
Прыемна было пачуць ад Пятра Міхайлавіча, што ён з’яўляецца пастаянным падпісчыкам раённай газеты і нават выказаў падзяку за “Несцерку” ў адным з апошніх нумароў.
— Хаця магазін не вельмі вялікі, але тут даволі шырокі выбар прадуктаў, — дзеліцца ўражаннямі Надзея Садоўнікава. — Я вось баначку кукурузы купіла і яшчэ сёе-тое прыгледзела. Абавязкова вярнуся сюды зноў.
— Як цудоўна, што цяпер не трэба бегаць па розных кропках у пошуках харчавання для малыша, — далучаецца да размовы Ірына Даніловіч. — Тут ёсць сумесі айчыннай і замежнай вытворчасці для харчавання немаўлят літаральна з першага дня паяўлення на свет. А яшчэ — розныя пюрэ. Не трэба ламаць галаву і з набыццём бутэлечак, паільнічкаў, сосак і нават памперсаў. А яшчэ мне паказалі спецыяльны буклет, з дапамогай якога можна вызначыць, якая соска ці бутэлечка лепш падыдуць дзіцяці.
Мы жадаем магазіну пастаянных пакупнікоў, а жыхарам — выдатных якасных тавараў па даступных цэнах.
Алена ДАНІЛОВІЧ