Завочны клуб спажыўцоў

Салодкія клопаты

клубника 2 2016

На Лунінеччыну лета прыходзіць разам з першымі клубніцамі. Напэўна таму, гэтая  пара года тут самая доўгачаканая і жаданая. Не здаючы лідарства ў справе вырошчвання салодкай прадукцыі, гараджане і вяскоўцы з самай раніцы накіроўваюцца на дачы і агароды.

Сёлета надвор’е спрыяла руплівым гаспадарам. Толькі самыя першыя завязі імкнуўся пашкодзіць ранішні марозік, далей мінусавых тэмператур не назіралася. Не шкадавала вясна цёплага сонца і шчодрых дожджыкаў, дзякуючы якім доўгія загоны ярка зазелянелі і буйна зашапацелі лістотай. Хаця і дадавала гэта лішнія клопаты ў барацьбе з пустазеллем, але нашы працаўнікі работы не баяцца ніколі.
І вось на Дварэцкім перакрыжаванні паявіліся невялікія слоікі з ягадай. З кожным днём іх станавілася больш, а літаральна праз тыдзень замітусіўся, закіпеў «мурашнік» з вёдраў, скрынак, веласіпедаў і аўтамабіляў, які так знаёмы кожнаму мясцоваму жыхару.

Дзякуючы індывідуальнаму прадпрымальніку Ігару Пракаповічу, усе «клубнічнікі» цяпер гандлююць на спецыялізаваным рынку непадалёк ад «бетонкі». Знайсці дарогу да яго дапамагае адпаведны ўказальнік, а яшчэ прасцей ехаць следам за бясконцым патокам машын, які не сціхае з 6 гадзін раніцы да 10 гадзін вечара.

Калі ў мінулым годзе адкрыццё пляцоўкі было прынята ў штыкі, то сёлета асаблівых нараканняў не чуецца. Усё агароджана, ёсць санвузлы, вада і кантэйнеры для смецця, працуе магазін. Пакуль прасторна, але пік ураджаю наперадзе, таму і нязручнасці, магчыма, паявяцца, бо прапановы зрабіць асобнымі заезд і выезд не ажыццявіліся. Як і летась, даймае спякота, якая горш адчуваецца на раза-грэтым асфальце і хутчэй псуе выгляд прадукцыі.

Тыя, хто займаецца закупкай пастаянна, заплацілі за гандлёвыя месцы на некалькі дзён наперад і цяпер вяртаюцца сюды з упэўненасцю, што пляцоўка не будзе занятай. Кантралёры назіраюць за парадкам, тлумачаць менш дасведчаным, як лепш праехаць і дзе знаходзіцца адміністрацыйны будынак.

Дарога на рынак не асфальтаваная, але роўная. Новы тратуар палепшыў пад’езд для веласіпедыстаў. Іх, як заўсёды, многа, бо найпрасцей, жывучы непадалёк, сабраць некалькі вёдзер клубніц і прадаць іх свежымі. Робячы некалькі “рэйсаў” за дзень, яны адзначаюць, як моцна можа адрознівацца кошт.

– Аднолькавую ягаду прывезла раніцай, прадала па 15000. У абед хацелі купіць за 25, старгавалася за 28 тысяч. А пад вечар зноў толькі 17000. На другі дзень усё складвалася наадварот – спачатку даражэй, потым падзешавела, – расказвае Галіна з Дварца.

Здараецца, цана апускаецца да 10 тысяч за кілаграм і ніжэй. Гэта выклікае моцную незадаволенасць у прадаўцоў. Маўляў, ніхто не разумее, колькі клопатаў з вырошчваннем, наогул за такія грошы не варта гнуцца. Але, уздыхаючы, і не баючыся халоднай расы і паўдзённай спёкі, яны зноў накіроўваюцца на агароды.

– А што зробіш, даводзіцца працаваць. Дзе яшчэ зарабіць, калі дзірак у бюджэце так многа? – уздыхае Вольга з Вічына і апускае напрацаваныя рукі. Сама гадуе дваіх дачок, адна з іх – студэнтка. У калгасе плацяць мала, а куды без грошай?

Але па жорсткіх законах рынку калі дрэнна пастаўшчыку, то гэта на карысць таму, хто перапрадае клубніцы. У такія моманты веся- леюць скупшчыкі, якія з’ехаліся не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі. Ёсць расіяне, часцей з Бранска і Смаленска, і прадстаўнікі далёкага Каўказа. Куды паедзе наша танная ягада і па якому кошту знойдзе свайго пакупніка, яны дакладна не кажуць, але адназначна, шлях з далікатным таварам ім прадстаіць няблізкі.

– Будзе бачна па дарозе. Патэлефануем, параімся са знаёмымі. “Прагарэць” вельмі лёгка. Сапсуецца тавар раней часу, і ты ў “мінусе”, страчанага ўжо не вернеш. Сітуацыя на рынках мяняецца кожную гадзіну. Таму важныя не толькі сувязі, яшчэ дапамагае інтуіцыя, – з доляй жарту дзеліцца планамі мінчанін Джамбул, родам з Баку.

– Дзе вашы знакамітыя ягады? Чаго іх так мала? – праезджыя аўтамабілісты на трасе звяртаюцца да мясцовых прадаўцоў, што прымасціліся за столікамі на абочыне са шклянкамі і вядзерцамі. Атрымаўшы тлумачэнні пра рынак, задаволена ківаюць галавой – усё павінна быць на сваім месцы, а не на дарозе.
Паспрабаваць свежых клубніц і завезці ласунак у Расію тут спыніліся прадстаўнікі валейбольнай каманды, што былі на спаборніцтвах у Брэсце. Як жа праехаць Дварэц з пустымі рукамі?

Аб адкрытым нарыхтоўчым сезоне яшчэ сведчыць выязны гандаль райспажыўтаварыства, палаткі якога размясціліся побач з перакрыжаваннем. Асаблівага натоўпу тут пакуль не назіраецца, але кожны жадаючы можа купіць усё неабходнае. Ёсць некаторыя абмежаванні з продажам спіртнога, што не задавальняе выпівох, але радуе большасць мясцовых жыхароў.

Сітуацыя на дарозе знаходзіцца пад кантролем дзяржаўтаінспекцыі. Гэта дысцыплінуе некаторых закупшчыкаў, якія не супраць былі б па-ранейшаму разлажыцца са скрынкамі побач і першымі сустрэць ягаднікаў перад рынкам. Ды закон і парадак у нас аднолькавыя для ўсіх.

Сезон толькі пачаўся, наперадзе асноўныя клопаты і заробкі. Будзе масавая закупка ягад гандлёвымі арганізацыямі Лунінеччыны, актывізуюцца прыезджыя кааператары. Кошт залежыць ад попыту і прапановы, і ніколі не вядома, якім ён будзе заўтра. Самае папулярнае пытанне ў чэрвені, якое на Лунінеччыне чуецца нават часцей прывітання: “Што там, па чым?”. І ўсе разумеюць, што гаворка ідзе пра клубніцы. Бо яны – брэнд нашага раёна, нялёгкая праца і хаця б невялікія даходы амаль кожнага гараджаніна і вяскоўца.

клубника 1 2016 клубника 3 2016

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть