Анёлы-ахоўнікі ў белых халатах з Вулькаўскай амбулаторыі Лунінецкага раёна
ЗдоровьеМикашевичиНовости районаОбщество

Анёлы-ахоўнікі ў белых халатах з Вулькаўскай амбулаторыі Лунінецкага раёна

Няма на зямлі больш высакароднай справы, чым лячыць людзей, дапамагаць дзецям і дарослым пераадолець тую ці іншую хваробу, вяртаць чалавеку надзею і прагу да жыцця. У гэтым яшчэ раз пераканалася, калі пабывала ў Вулькаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, дзе працуюць сапраўдныя спецыялісты. Жыхарам аграгарадка і навакольных населеных пунктаў не трэба ехаць у раённую паліклініку, каб зрабіць электракардыяграму, здаць аналізы, атрымаць фізіяпрацэдуры, набыць лекі, палячыць зубы, а таксама трапіць на прыём да ўрача агульнай практыкі. Усё гэта можна атрымаць на месцы – у амбулаторыі, якую на працягу амаль 14 гадоў узначальвае абаяльная і надзвычай чулая Вольга Насковіч.

Калектыў  установы невялікі, але вельмі зладжаны і дружны. Тое, што тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, неабыякавыя да чужога болю медыцынскія работнікі, адзначаюць і самі пацыенты.

– З медыцынскім персаналам ды і амбулаторыяй нам пашанцавала, – гаворыць Наталля Яраховіч, якая прыйшла на прыём да ўрача. – Паглядзіце, якія тут створаны належныя ўмовы, не горш, чым у горадзе. І зубы можна на месцы палячыць, і аналізы здаць, і фізіяпрацэдуры атрымаць. Ёсць нават дзённы стацыянар. Медыкі чулыя, клапатлівыя. Вольга Валер’еўна заўсёды ўважліва выслухае, да кожнага чалавека знойдзе добрае слова. Лячыцца ў такога доктара  прыемна. Толькі ад адной яе шчырай, ветлівай усмешкі робіцца лягчэй на душы, весялей. Здаецца, што і хваробы ўсе яна адной рукой здымае.

“Наш доктар”, – так проста, нібыта самага блізкага і дарагога на свеце чалавека, называюць вяскоўцы Вольгу Насковіч. Для ўраджэнкі Дзятлавіч Вулька 2 і сапраўды стала другой малой радзімай. Тут яна знайшла сваё шчасце і сэнс жыцця. На жаль, часу ў доктара няшмат, таму гаворым літаральна на хаду. З самай раніцы Вольга Валер’еўна ў сваіх  медыцынскіх клопатах: прымае вяскоўцаў, паспела нават з’ездзіць на выклік да хворага.  Штодзень яна ў сярэднім абслугоўвае да 40 чалавек. Урач, тым больш на вёсцы, – гэта і тэрапеўт, і педыятр, і хірург, і псіхолаг у адной асобе. Забаліць спіна ці заколе нешта ў грудзях або схопіць жывот – і спяшаюцца людзі за паратункам да свайго доктара. І тут вельмі важна не разгубіцца, прыняць правільнае рашэнне, паставіць адпаведны дыягназ. А вопыту жанчыне не займаць.

– З рознымі праблемамі звяртаюцца вяскоўцы, – расказвае урач. – Ад прастуды да сардэчна-сасудзістых захворванняў. Але,  як гаворыцца, хваробу лепш па­пярэдзіць, чым потым яе лячыць. Таму вялікая ўвага надаецца прафілактыцы. Сказаць, што людзі больш хварэюць, нельга. Наадварот, стала лепшай дыягностыка. Ды і вяскоўцы пачалі больш сачыць за сваім здароўем.

Да пацыентаў, якія па тых ці іншых прычынах не могуць прыйсці ў амбулаторыю, медыкі, узяўшы неабходнае абсталяванне і прэпараты, накіроўваюцца самі. Дарэчы, участак, які замацаваны за Вулькаўскай амбулаторыяй,  немаленькі. Акрамя Вулькі 2, сюды ўваходзяць таксама Бродніца, Галы Бор і Добрая Воля. Калектыў абслугоўвае 1545 чалавек, з якіх 840 вяскоўцаў працаздольнага ўзросту.

У размове ўрач адзначае, што значную фундатарскую падтрымку медыцынскай установе аказваюць ААТ “Вулькаўскі світанак” і яго дырэктар Уладзімір Соц. Напрыклад, дзякуючы намаганням Уладзіміра Іванавіча, у амбулаторыі з’явіліся не толькі новая мэбля, але і сучасны апарат ультрагукавой тэрапіі, інгалятары. А летась мясцовае сельгаспрад-прыемства і фермеры набылі новенькі аўтамабіль.

– У такіх умовах працаваць адно задавальненне, – гаворыць фельчар-лабарант Надзея Вароніч.

Правая рука Вольгі Валер’еўны – яе памочніца Кацярына Чырэц, а таксама медсястра Вольга Вячорка. Добрыя словы з вуснаў урача гучаць і ў адрас зубнога фельчара Эдуарда Паўловіча, медсястры фізіяпрацэдурнага кабінета Валянціны Яраховіч, фельчара Бродніцкага ФАПа Святланы Ванюк. Не адзін год працуе акушэркай у Вульцы 2 Святлана Навіцкая, якой даводзілася двойчы прымаць роды ў хатніх умовах. Зараз немаўляткі, якім дапамагла з’явіцца на свет вопытны медработнік, растуць на радасць бацькам шчаслівымі і здаровымі. 

Узорны парадак і чысціню ў амбулаторыі падтрымліваюць Валянціна Яраховіч і Алена Петакова. Адным словам, абыякавых, выпадковых людзей тут няма. Кожны самааддана робіць сваю справу, стараецца, каб вяскоўцы менш хварэлі і жылі даўжэй, радуючыся кожнаму новаму дню.

Кацярына Яцушкевіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть