Аптэкі ў Лунінцы і Мікашэвічах — лепшыя ў Брэсцкай вобласці!
ЗдоровьеМикашевичиНовости районаОбщество

Аптэкі ў Лунінцы і Мікашэвічах — лепшыя ў Брэсцкай вобласці!

Якасна і бездакорна — на такіх двух пастулатах будуецца дзейнасць  Лунінецкай цэнтральнай раённай аптэкі №68. Невыпадкова, што яна ў чарговы раз заняла трэцяе месца сярод цэнтральных раённых аптэк Брэсцкай вобласці па выніках работы за мінулы год. Расказвае загадчык Аляксандра АГІЕВІЧ:

– 2022-гі стаў знакавым і яшчэ для двух аптэк, якія ўваходзяць у нашу структуру. Першыя месцы ў вобласці атрымалі аптэкі №203 4 катэгорыі, якая знаходзіцца на другім паверсе ў раённай паліклініцы, і №204 5 катэгорыі г. Мікашэвічы, размешчаная ў магазіне “Санта”. Прыемна адзначаць, што лідарскія пазіцыі мы трымаем на працягу некалькіх год.

– Як прадстаўлена аптэчная сетка на Лунінеччыне?

– На сённяшні дзень на тэрыторыі раёна функцыянуюць 23 аптэкі: 17 – Брэсцкага РУП “Фармацыя” дзяржаўнай формы ўласнасці і 6 – іншых (па тры – у Лунінцы і Мікашэвічах). Трэцяя частка нашых падведамасных аптэк знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Акрамя таго, каб наблізіць лекавую дапамогу да вясковых жыхароў, рэалізацыя лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння арганізавана на ўсіх ФАПах і ўрачэбных амбулаторыях – усяго 34 адрасы. Сваю дзейнасць будуем так, каб наша работа была якаснай і бездакорнай. Каб нашы кліенты заставаліся задаволенымі.

– Гэта ў многім залежыць ад работнікаў…

– У аптэчных установах раёна працуюць 58 чалавек, 47 маюць фармацэўтычную адукацыю. Кожны з іх разумее, што наша галоўная задача – аказаць якасную лекавую дапамогу насельніцтву, выслухаць чалавека і ў рамках сваёй кампетэнцыі дапамагчы кожнаму. Толькі ўявіце, асартымент прадстаўленых тавараў складае больш як 4000 найменняў.

– Аднак часам патрабуецца спецыфічны прэпарат. Як быць?

– У цэнтральнай аптэцы №68 і ў аптэцы №85 у Мікашэвічах вырабляюцца лекавыя сродкі па індывідуальных назначэннях урачоў. У асноўным яны выкарыстоўваюцца ў дзіцячай практыцы і дэрматалогіі.

– Лекі, безумоўна, важна. Але і сам чалавек павінен берагчы здароўе. Ці згодны?

– Менавіта таму, па традыцыі, часта з медыкамі цэнтральнай раённай бальніцы праводзім акцыі, накіраваныя на ўмацаванне здаровага ладу жыцця, выпускаем санбюлетэні і інфармацыйныя матэрыялы. Жыхары заўсёды могуць звярнуцца на “прамыя лініі” і падчас выязных прыёмаў. Папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца скідкі з рознічных цэн пры рэалізацыі айчынных і імпартных сродкаў па “Электронным рэцэпце”, “Моцнай картцы” і іншых праграмах лаяльнасці.

І гэтым не абмяжоўваемся. Стараемся падтрымліваць у належным стане нашы ўстановы, пры неабходнасці абнаўляем абсталяванне, паляпшаем умовы працы. Пастаянна праводзім азеляненне прылягаючых тэрыторый, упрыгожваем аптэкі да навагодніх святаў.

– Што ў планах?

– Яны ў нас з года ў год прыкладна аднолькавыя. Паўтаруся, працуем для людзей. Як і раней, паўсюль (нават у самых аддаленых ФАПах і амбулаторыях) забяспечваем неабходны пералік лекавых сродкаў. Прыемна, што, у тым ліку і з дапамогай нашых супрацоўнікаў, у людзей фарміруецца давер да айчынных прэпаратаў. Значыць, гэтак жа якасна, упэўнена і надзейна будзем працаваць і далей!

Гутарыў Аляксандр КОЎКА.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть