Будуй жыццё на пазітыве
Акцыя здароўя «Мой выбар – жыць з пазітывам» прайшла ў сельскагаспадарчым каледжы.
Спачатку прысутныя прынялі ўдзел у апытанні на вызначэнне ўзроўню стрэсу. Затым слова прадаставілі спецыялістам устаноў аховы здароўя.
– Пазітыўны погляд на жыццё падлетка напрамую залежыць ад мікраклімату ў сям’і, – расказала псіхолаг РЦГіЭ Святлана Дзмітрыева. – Важна прывіць падрастаючаму пакаленню ідэю здаровага ладу жыцця, выхаваць маральна, пазітыўна. Акцыя дазволіць вывучыць узаемаадносіны паміж роднымі. Калі яны пазітыўная, то і дзеткі вырастуць з нармальнымі поглядамі на жыццё. Калі гэтага няма, у юнакоў і дзяўчат з’яўляецца незадаволенасць, крыўда на свет, што прыводзіць да негатыўных наступстваў.
Эпідэміёлаг РЦГіЭ Аляксандр Дубініч (на здымку) праінфармаваў пра абстаноўку ў раёне па ВІЧ-інфекцыі. Валеолаг ЦРБ Жанна Кулеш растлумачыла, што толькі здаровы лад жыцця, заснаваны на прынцыпах маральнасці, рацыянальна-арганізаваны, актыўны, дазваляе да глыбокай старасці захоўваць псіхічнае і фізічнае здароўе.
– Увогуле, моцная, здаровая сям’я – аснова дабрабыту краіны, – лічыць нарколаг ЦРБ Алена Качановіч. – Менавіта бацькі перадаюць дзецям асновы веры, шляхі спасціжэння свету, звычаі, традыцыі. Выбар чалавекам пазітыўных формаў паводзін характарызуе яго правільную арыентацыю ў іерархіі сацыяльных каштоўнасцей.
Згадзіліся з калегамі супрацоўнікі каледжа – псіхолаг Наталля Ходзіна і медсястра Марыя Каратыш.
Наступным этапам стаў падзел аўдыторыі на дзве групы. Пакуль адна частка ўдзельнічала ў мазгавым штурме «10 аргументаў на карысць жыцця», іншыя мелі магчымасць вымераць артэрыяльны ціск, узважыцца і разлічыць індэкс масы цела. Займальна і актыўна прайшла віктарына па здаровым ладзе жыцця. Таксама студэнтам прапанавалі паглядзець відэаролікі пра ўплыў на арганізм псіхаактыўных рэчываў, а затым дыскуціравалі пра ўбачанае.