Бустэрная прышчэпка ўзмоцніць імунітэт (Лунінецкі раён)
ЗдоровьеМикашевичиНовости районаОбщество

Бустэрная прышчэпка ўзмоцніць імунітэт (Лунінецкі раён)

З нядаўняга часу многім здавалася, што COVID-19 развітаўся з намі: людзі перасталі насіць маскі, краіны адна за адной адмянілі каронавірусныя абмежаванні, І хаця сітуацыя на Лунінеччыне цалкам стабільная, усё ж на каварнае захворванне няварта махаць рукой нават тым, хто перахварэў – і нават нядаўна. Гутарым з галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна Віталем Дзегцяровым:

– Улічваючы адноснае зніжэнне замежнай турыстычнай актыўнасці і летнія канікулы, можна чакаць, што для распаўсюджвання трэба больш часу. Верагоднае пагаршэнне эпідэмічнай сітуацыі стане адчувальна ў жніўні, а пачатак вучобы ў верасні надасць паскарэнне новай хвалі COVID-19, як гэта было ў 2020 і 2021 гадах.

Хвароба, выкліканая штамамі “амікрону” ВА.4 і ВА.5, будзе працякаць, хутчэй, як рэспіраторнае захворванне – вірус звычайна лакалізуецца ў верхніх дыхальных шляхах. Больш за іншых рызыкуюць захварэць у шостую хвалю каронавіруса тыя, хто не прышчапляўся зусім ці прайшоў вакцынацыю ўжо даўно.

– Хто ў групе рызыкі?

– Цяжка пераносяць гэтую інфекцыю людзі, чый узрост дасягае 65 год і больш. Акрамя таго, шанцы заразіцца вышэй у тых, хто не мае абароны ад коронавіруса, а таксама пацыенты з аслабленым імунітэтам.

– Што цяпер можна зрабіць?

– Калі час рэвакцынацыі ўжо падышоў – прышчапляйцеся! Правядзенне дадатковай (бустэрнай) вакцынацыі супраць COVID-19 насельніцтва Рэспублікі Беларусь вызначана парадкам, які распрацавала Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і адобрыў Рэспубліканскі экспертны савет па імунізацыі. На дадзеным этапе тактыка кампаніі ўключае ўвядзенне да 3-ох бустэрных доз з інтэрвалам не менш як 6 месяцаў. Вызначаны мінімальны ўзровень ахопу прышчэпкамі ў кожным рэгіёне краіны – не менш за 70 працэнтаў вакцынаваных асноўным курсам да 1 ліпеня, з якіх не менш за 90 працэнтаў павінны быць прышчэплены бустэрнай дозай да 30 снежня 2022 года.

– Якія прэпараты цяпер ёсць у наяўнасці?

– Вакцына “Спутник Лайт” вытворчасці Расійскай Федэрацыі. У перспектыве – паступленне “Спутника V”. Падкрэслю, што на сённяшні дзень няма адназначна зацверджанага абароннага ўзроўню антыцелаў супраць COVID-19. Таму для бустэрнай вакцынацыі неабходна арыентавацца не на колькасць, а на час, які прайшоў пасля ўвядзення другога кампанента асноўнага курсу. Паўторныя дозы прэпаратаў звычайна не выклікаюць непажаданых рэакцый і пераносяцца дастаткова добра, а больш напружаны імунітэт дапаможа абараніць ад цяжкага цячэння захворвання, што важна ва ўмовах паяўлення новых штамаў віруса.

– Для бустэрнай вакцынацыі неабходна звяртацца ва ўстановы аховы здароўя па месцы жыхарства. Ці так?

– Абсалютна верна. Дадам, што па стане на 12 ліпеня паўторную імунізацыю на Лунінеччыне прайшлі звыш 4,6 тысячы чалавек. Раю ўсім прыняць правільнае рашэнне, прыслу-хоўвацца да рэкамендацый урачоў і памятаць, што хваробу нашмат лягчэй папярэдзіць, чым лячыць!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть