Каронавірус: 30 ложкаў для лячэння хворых адкрылі ў неўралагічным аддзяленні раённай бальніцы
ЗдоровьеНовости района

Каронавірус: 30 ложкаў для лячэння хворых адкрылі ў неўралагічным аддзяленні раённай бальніцы

Каронавірус, па ўсяму бачна, адступаць не збіраецца. Насцярожваюць лічбы: у цэлым па краіне: на сённяшні дзень зарэгістравана 1888 захварэўшых.
Пагоршылася сітуацыя і ў нашым раёне. За адносным перыядам спакою назіраецца павелічэнне колькасці каронавірусных хворых. У вялікай ступені менавіта гэтым абумоўлена прыняцце рашэння адкрыць з 13 верасня 2021 года на базе неўралагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы 30 ложкаў для лячэння хворых на каронавірус жыхароў Лунінеччыны.
Як паведаміў намеснік галоўнага ўрача Лунінецкай ЦРБ Эдуард Канапацкі, свабодныя ложкі ў “новым” аддзяленні яшчэ ёсць, але іх не так і многа. Таму ў перспектыве не выключана магчымасць павялічыць так званую абсервацыю за кошт тэрапіі. А гэта яшчэ 60 ложкаў.
Эдуард Аляксандравіч расказаў, што да асенняй хвалі каронавіруса медыкі падрыхтаваліся загадзя. Практычна штомесяц удасканальваюцца і праходзяць неабходнае ўзгадненне пратаколы лячэння, у дастатку лекавых сродкаў. Абсталявана асобнае аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі, дзе на сённяшні дзень знаходзіцца адзін хворы. Не адчуваюць медработнікі недахопу ў сродках індывідуальнай абароны.
Аднак па-ранейшаму непакоіць абыякавасць людзей да пагрозы, якую нясе з сабой вірус. У мінулым засталася сацыяльная дыстанцыя, якую сёння практычна ніхто не захоўвае. Большасць людзей грэбуюць маскамі ды і наведванне людных месцаў не лічаць нечым незвычайным. Таму і не дзіўна, што вірус, не адчуваючы перашкоды, шпарка набірае размах распаўсюджвання. Разам з тым, зразумелыя і простыя меры перасцярогі не губляюць сваёй актуальнасці.
На думку галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Віталя Дзегцярова, рост захворванняў на каронавірус у пэўнай ступені абумоўлены пачаткам новага навучальнага года ў школах. Дзеці вярнуліся ў арганізаваныя калектывы і сталі галоўнымі разносчыкамі віруса.
Карыстаючыся выпадкам, пацікавіліся ў Віталя Дзегцярова, ці не небяспечна ў такой сітуацыі праводзіць вакцынацыю тым, хто яшчэ не зрабіў прышчэпку.
– Вакцынацыя сёння застаецца адзіным эфектыўным метадам барацьбы супраць каронавіруса, – запэўніў Віталь Анатольевіч. – Прышчэпку рабіць не толькі можна, але і трэба. Асабліва, калі ўлічыць што пры неспрыяльным сцячэнні абставін каронвірус можа “накласціся” на вірус грыпу. Разам з тым, у нашым раёне праз прышчэпачны кабінет прайшлі прыкладна 19 працэнтаў дарослага насельніцтва. Лічба хоць і большая, чым у сярэднім па вобласці, але вельмі малая для таго, каб пэўна скзаць, што мы разам зрабілі ўсё для таго, каб спыніць пандэмічную пагрозу. Вакцыны сёння ў дастатку. Ёсць прыкладана 1000 доз абоіх кампанентаў “Спутника V”. Днямі атрымалі разнарадку на 7000 доз кітайскай вакцыны “Sinovac”. Варта паспяшацца засцерагчы сябе ад каронавіруса яшчэ да абастрэння сітуацыі з грыпам.
Таццяна ВАЦЯХОЎСКАЯ.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть