Не хвароба, а стан душы
2 красавіка — Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму
Вялікая колькасць бацькоў ва ўсім свеце сёння сустракаюцца з сур’ёзнай праблемай — у іх малых пацвярджаецца ранні дзіцячы аўтызм. Развеяць шэраг міфаў, якія атручваюць жыццё сем’ям, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай, дапамагла псіхолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Дзмітрыева:
Аўтызм — псіхічнае захворванне.
— Гэта далёка не так. Яго праявы неўралагічныя, а не псіхічныя. Пра гэта сведчаць прыклады з жыцця, калі грамадства не давяло такіх людзей да стану разумовай адсталасці, а прадаставіла магчымасць вучыцца разумець.
У лячэнні можа дапамагчы псіхіятр.
— Нельга даваць лекі для псіхічна хворых псіхічна здаровым. Дзіця, якое знаходзіцца пад нейралептыкамі не ў стане развівацца.
Аўтызм — не вылечваецца.
— Ужо дастаткова прыкладаў паспяховай барацьбы. Спосабы работы з такімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі пастаянна развіваюцца.
Гэта генетычнае, прыроджанае адхіленне.
— Парушэнне ўспрымання свету прыводзіць да павышанай нервовай узбуджальнасці і да ахоўных паводзін, каб пазбегнуць таго, што можа прычыніць боль. Новае палохае аўтыстаў. Насцярожана ставяцца яны і да іншых дзяцей, ад якіх увогуле незразумела, чаго чакаць. У такіх умовах непаўналетнія замыкаюцца, іх цяжка чамусьці навучыць. Яны пачынаюць траціць шмат сіл на супраціўленне новаму, чым на яго ўспрыманне.
Аўтызм — вынік паводзін.
— На самай справе, гэта растройства, якое ўплывае на работу мозга. Таму лячыць трэба арганізм у цэлым.
Прычына ўзнікнення — халодныя адносіны маці, алкагалізм або наркаманія бацькоў.
— У меркаванне, што дзеці з аўтызмам нараджаюцца толькі ў дрэнных бацькоў, не паверыць ні адзін чалавек, знаёмы з праблемай. На жаль, такіх мала. Для абывацеля гэтая думка цалкам лагічная.
Аўтысты не ўмеюць любіць і суперажываць.
— Яны сапраўды нестандартна праяўляюць свае пачуцці. Напрыклад, пацалункі і абдыманкі могуць быць для іх невыносныя на фізічным узроўні. Аднак многія даказалі, што могуць адчуваць па-сапраўднаму: любіць, сябраваць, спачуваць, клапаціцца пра іншых.
У гэтых людзей паніжаны інтэлект.
— Справа не ў тым, што ў чалавека з аўтызмам зніжаны магчымасці развіцця, наадварот, шмат у каго інтэлект вышэй сярэдняга, паколькі некамуніка-бельнасць прымушае вучыцца, але ў іншым накірунку. Ёсць два шляхі работы з такімі дзеткамі, якія не выключаюць, а дапаўняюць адзін аднаго. Можна лячыць, а можна навучыць жыць з незвычайным станам душы. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія атрымалі магчымасць развівацца, не саступаюць здаровым, і дасягаюць вялікіх поспехаў у розных сферах дзейнасці.
Дзеці-аўтысты маюць патрэбу ў спецыяльных навучальных установах.
— Ім не патрэбны прыгнёт у выглядзе асаблівых школ і садкоў. У такіх установах немагчыма навучыць будаваць адносіны са звычайнымі людзьмі. Дастаткова таго, каб у звычайных ствараліся ўмовы для іх развіцця.
Гутарыла Марына АРЭШКА