Небяспечныя чатырохногія сябры
Пасля чатырохгадовага перапынку на тэрыторыі раёна склалася неспрыяльная эпідсітуацыя па шаленству сярод жывёлін. Зарэгістраваны два выпадкі захворвання сярод лісіц (вёскі Вялікія Чучавічы і Бродніца). Людзі, якія мелі кантакты з хворымі істотамі, зараз праходзяць курс прафілактычных прышчэпак.
Шаленства выклікаецца смяротным вірусам. Часцей за ўсё разносчыкамі іх з’яўляюцца ваўкі, лісіцы, бадзячыя сабакі і кошкі. Хвароба перадаецца праз сліну і ўкусы.
Захворванне можа не назірацца на працягу ад трох тыдняў да аднаго года. Калі вас пакусалі, неабходна прамыць месца пашкоджання моцным мыльным растворам, апрацаваць яго ёдавым настоем і тэрмінова звярнуцца да ўрача-хірурга. Памятайце: медыцына пакуль не мае сродкаў лячэння шаленства. Толькі своечасовыя прышчэпкі абароняць вас ад смяротна небяспечнай інфекцыі.
Каб пазбегнуць захворвання, неабходна ведаць і выконваць шэраг патрабаванняў:
- рэгіструйце і штогод прышчапляйце дамашніх жывёлін супраць шаленства;
- не дапускайце стасункаў дамашніх “чатырохногіх” з бадзячымі і дзікімі;
- трымайце дваровых сабак на прывязі;
- выгульвайце сабак у намордніку і на кароткім павадку;
- заўважыўшы якія-небудзь змяненні ў паводзінах жывёліны, звярніцеся да ветурача;
- не дазваляйце дзецям гуляць з незнаёмымі дамашнімі або бадзячымі кошкамі і сабакамі.
Галіна КАНАПАЦКАЯ,
загадчык аддзела эпідэміялогіі РЦГІЭ.
Васіль БОЙКА,
урач-хірург ЦРБ