Поспех і мары ўрача Паліны Кульгун з Лунінецкага раёна
ЗдоровьеНовости районаОбщество

Поспех і мары ўрача Паліны Кульгун з Лунінецкага раёна

У аглядзе-конкурсе ўстаноў аховы здароўя па павышэнні якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва па выніках работы за 2022 год сярод участковых бальніц на Брэстчыне першае месца прысуджана калектыву Чучавіцкай УБ на чале з загадчыцай Палінай КУЛЬГУН.

З Палінай Віктараўнай, якая пакуль часова працуе ў тэрапеўтычным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, сустрэліся напярэдадні Дня жанчын. У гутарцы малады ўрач расказала, як удалося дасягнуць значнага поспеху, аб чым сёння марыць і што асацыіруецца з прыгожай датай – 8 Сакавіка.

Малая радзіма Паліны Кульгун – вёска Бродніца. Вучылася ў школе, а пасля 8 класаў паступіла ў тагачасны ліцэй у Лунінцы. Мэтанакіравана выбрала хіміка-біялагічны профіль, таму што хацела звязаць сябе з медыцынай:

– Ведаеце, у дзяцінстве марыла стаць ветэрынарам, бо вельмі люблю жывёл. Аднак стала, так бы мовіць, “чалавечым доктарам” – гэта адзін з маіх любімых жартаў…

У 2011 годзе вытрымала ўступныя экзамены ў Гомельскім медыцынскім універсітэце. Не імкнулася завучваць шматлікі матэрыял на лекцыях, але ўсе дысцыпліны даваліся добра. Пры паступленні скарысталася мэтавым накіраваннем па Брэсцкай вобласці, таму ведала, што ў якасці маладога спецыяліста вернецца ў Луні-нец. На базе ЦРБ праходзіла інтэрнатуру, што, безумоўна, вельмі дапамагло ў далейшай дзейнасці.

– Інтэрнатура ў нас шматпрофільная, – зазначыла Паліна Кульгун. – Гэта паспрыяла азнаямленню з работай многіх урачоў. Кожны з ахвотай дзяліўся каштоўным вопытам і карыснымі парадамі. Выказваю шчырую ўдзячнасць усім, хто падтрымліваў у пачатку кар’еры. Часцей за дапамогай звярталася да намесніка галоўнага ўрача Эдуарда Канапацкага, які курыруе нашу работу на раёне. Але самыя сардэчныя словы адрасую Ганне Галубовіч – яна была загадчыцай, калі я ўладкавалася ў бальніцу. Увогуле, працую пяты год. Выконвала абавязкі не толькі на сваім участку, але і ў прыёмным аддзяленні, тэрапіі, прайшла ўсе хвалі COVID-19. Гэта проста грандыёзны вопыт!

З цеплынёй у голасе Паліна Віктараўна прыгадвала сваіх настаўнікаў у медыцыне. І, адказваючы на пытанне пра поспехі ў дзейнасці, падкрэсліла:

– Добра ўсвядоміла, што пацыенты вераць у доктара і спа-дзяюцца на яго дапамогу. Ганна Паўлаўна ведае, напэўна, кожнага жыхара свайго ўчастка, яго праблемы, хваробы. Іншы раз здавалася, што яна памятае нават тыя прэпараты, якія назначыла для лячэння. Вось такую рысу імкнулася пераняць… Хаця, прызнаюся, здараліся выпадкі, калі нешта палохала, але страху ніколі не паказвала.

Наша перамога ў конкурсе цалкам заслужаная. Калектыў Чучавіцкай бальніцы вельмі працавіты і добрасумленны. Паверце, у скарбонцы дасягненняў гэта далёка не першыя ўзнагароды. Большасць калег нарадзіліся і выраслі ў вёсцы, некаторыя сюды прыехалі і стварылі свае сем’і. Да кожнага пацыента ставяцца як да блізкага чалавека, хварэюць сэрцам і душой за іх. Заўсёды імкнуцца максімальна дапамагчы, падтрымаць у меру сіл. Ведаю і тых, хто чужы боль ці бяду прапускае праз сябе, што, напэўна, не зусім правільна… Таму хочацца, каб іх намаганні шанавалі крыху больш.

Маладая загадчыца стараецца зарадзіць падначаленых аптыміз-мам і энтузіязмам. Па магчымасці імкнецца выцягнуць з руціны на актыўны адпачынак:

– Нават набыла для гэтага мяч і ракеткі… Калі ёсць добрая нагода, магу прыгатаваць нешта смачнае да чаю, узняць усім настрой.

Зрэшты, больш згуртавала калектыў яшчэ адна перамога: на пасяджэнні гаспадарчага актыву вясковых медыкаў адзначылі дыпломам у раённым спаборніцтве ў галіне матэрыяльнай вытворчасці.

У кожнай з нас вясна асацыіруецца з кветкамі і цяплом. Па-ліна Кульгун – не выключэнне. Віншуючы жанчын з 8 Сакавіка, доктар пажадала моцнага здароўя, душэўнай цеплыні, міру і любові:

– А яшчэ беражыце сябе, надавайце больш часу сваім захапленням, прыслухоўвайцеся да інтуіцыі – яна, як правіла, не падводзіць! Зычу разумення і пад-трымкі з боку родных і блізкіх – без надзейнага тылу немагчыма аддавацца сваёй рабоце.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть