Святлана Хлебус, галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лунінецкая ЦРБ”: “ПРАФЕСІЯ МЕДРАБОТНІКА НЕ ПАВІННА ВЕДАЦЬ ВЫПАДКОВЫХ ЛЮДЗЕЙ…”
ЗдоровьеНовости района

Святлана Хлебус, галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лунінецкая ЦРБ”: “ПРАФЕСІЯ МЕДРАБОТНІКА НЕ ПАВІННА ВЕДАЦЬ ВЫПАДКОВЫХ ЛЮДЗЕЙ…”


Святлана ХЛЕБУС на пасадзе галоўнага ўрача сустракае прафесійнае свята першы год, хаця на ніве медыцыны Лунінеччыны – амаль 20. Гэтая акалічнасць дае права мець свой погляд на праблемы аховы здароўя, вылучаючы сярод іх найбольш вострыя.
— Сёння асабліва турбуе дэмаграфічная сітуацыя. Яна застаеццанестабільнай. Калі летась удалося дасянуць станоўчага балансу, то сёлета па выніках пяці месяцаў узровень агульнай нараджальнасці знізіўся, а смяротнасці — павялічыўся. Трывожыць кадравая праблема. Прычым адчувальная яна не толькі на Лунінеччыне, але і ў іншых рэгіёнах вобласці. Стараемся вырашаць яе кардынальна. Агітаваць выпускнікоў шкл паступаць у медыцынскія ВНУ неабходнасці няма. Штогод штурмуюць гэтыя альма-матэр мноства выхадцаў з нашага раёна. Вось толькі замацавацца на радзіме пасля атрымання дыплома імкнуцца далёка не ўсе: адпрацуюць належныя два гады – і да пабачэння.
— Як думаеце, у чым справа?
— Розныя могуць быць прычыны. Нехта стварае сям’ю і выязджае на новае месца жыхарства, хто-ніхто вяртаецца на сваю малую радзіму. Нярэдка выхадцаў з малых гарадоў вабяць буйныя мегаполісы, дзе сёння медработніку працаўладкавацца праблемы не складае. Вось толькі перавагі жыцця там сумніўныя. Асабіста я ніколькі не шкадую, што ў свой час, нарадзіўшыся ў невялікай вёсцы Манасеева, пасля школы вырашыла паступаць у Гродзенскі тады яшчэ медінстытут, скончыла яго і вярнулася на радзіму, дзе адбылася ў прафесіі і знайшла сямейнае шчасце. Разумею, што сённяшняй моладзі трэба ўсё і адразу, але так не бывае. Варта набрацца цярпення, настойлівасці – тады ўсё атрымаецца. Заўсёды на гэта нацэльваю маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць у раён. Сёлета іх будзе 15. Вядома ж, пасля адпрацоўкі застануцца на Лунінеччыне далёка не ўсе. Але тыя, хто вырашыць прысвяціць сваё жыццё нашаму прыгожаму краю, упэўнена, не пашкадуюць.
— Што яшчэ хвалюе кіраўніка медыцынскага ведамства?
— Вядома ж, якасць медыцынскага абслугоўвання і яго даступнасць. З уводам у строй новай раённай бальніцы медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ўзнята на новы ўзровень, але час не стаіць на месцы. Таму мы пастаянна клапоцімся пра ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так, летась новага абсталявання закуплена на амаль 95 тысяч рублёў. У арсенале медыкаў паявіўся вельмі патрэбны апарат для холтэраўскага манітарыравання электракардыяграмы і артэрыяльнага ціску, за што вялікі дзякуй генеральнаму дырэктару РУВП “Граніт” Эдуарду Генадзьевічу Гаўрылковічу. У ліку пастаянных спонсараў – ААТ “Спецжалезабетон” на чале з Васілём Паўлавічам Басевічам. Многае купляем за ўласныя сродкі. Вось і сёлета з пачатку года ад пазабюджэтнай дзейнасці маем больш як 430 тысяч рублёў. Не так даўно здолелі набыць двуххвалевую лазерную хірургічную сістэму, якая дазволіць укараняць так званую “хірургію аданаго дня”, калі пасля надзвычай ашчаднага аператыўнага ўмяшальніцтва ўжо на наступны дзень пацыент можа адпраўляцца дадому. Гэта асабліва важна пры правядзенні маніпуляцый па выдаленню павялічаных вен. Істотна абнавілі начынне нашых лабараторый, што дазваляе на больш высокім узроўні дыягнаставаць самыя розныя захворванні. Таму і надалей будзем імкнуцца развіваць укараненне платных паслуг, а разам – павялічваць даходы і магчымасці рабіць медыцынскае абслугоўванне больш сучасным.
— Цікава, а што сярод медпаслуг найбольш прыбытковае?
— Вядома ж, стаматалогія. Яна дае прыкладна трэць ад усіх пазабюджэтных даходаў. Каля 15 працэнтаў прыбытку прыносяць усе віды медаглядаў. Практыкуем таксама рэалізацыю лякарственных сродкаў па заказах пацыентаў, аказваем платную медыка-сацыяльную дапамогу, праводзім платную дыягностыку… І ўсё ж, нягледзячы ні на што, не забываем пра тое, што медыцына павінна быць даступнай для простага чалавека. Нарматыў бюджэтнага фінансавання на аднаго чалавека складае 254 рубля. Між тым, і гэта таксама трэба ведаць, кошт аднаго дня ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі – 388 рублёў, у кругласутачным стацыянары – 47 рублёў. Гэтыя выдаткі таксама кладуцца на бюджэт.
— Набліжаецца прафесійнае свята. Чым адметнае яно сёлета?
— Па выніках мінулага года мы пацвердзілі статус лідараў, заняўшы па ўсіх паказчыках другое месца ў рэспубліцы. Віншуючы калег з Днём медыцынскага работніка, хачу падзякаваць ім за працу і адданасць прафесіі, якая не павінна ведаць выпадковых людзей. А разам – пажадаць здароўя, дабрабыту і ладу ў сем’ях.
СЛЕД НА ЗЯМЛІ

Ах, які хуткаплынны час! Здаецца, толькі ўчора маладзенькай, нясмелай дзяўчынай пасля заканчэння Пінскага медвучылішча пераступіла парог вясковага фельчарска-акушэрскага пункта, а як адно імгненне праляцелі амаль 40 год! Цяпер у Ракітна яе ніхто не кліча Сонечкай, а толькі паважліва – Соф’яй Леанідаўнай. Ды і яна памятае не адно пакаленне сяльчан, якім цярпліва і настойліва, у любое надвор’е спяшалася на дапамогу.
Чамусьці з вялікага мноства самых складаных медыцынскіх выпадкаў найбольш памятаюцца роды, якія па прычыне бездарожжа, калі да парадзіх не магла “прабіцца” машына “хуткай дапамогі”, не-не ды і даводзілася прымаць на даму. Ні з чым непараўнальная адказнасць за жыцці мамы і малыша прывучылі ў самыя складаныя хвіліны быць сабранай і па-мудраму рызыкоўнай. На шчасце, усё заканчвалася добра, і С.Л. Валько працягвала самааддана несці няпростую ношу вясковага фельчара.
Сёння сама даецца дзіву, як паспявала адначасова назіраць да двух дзясяткаў цяжарных жанчын, патраніраваць па 35 дзетак ва ўзросце да года ды яшчэ не адмаўляць у выкліках на дом да хворых вяскоўцаў. Заўсёды выручаў надзейны сябра веласіпед. Ён і цяпер самотна прытуліўся ў калідоры ФАПа, цярпліва чакаючы, калі ўладна возьмуць яго цёплыя рукі гаспадыні.
— Усё, адпрацавала, — усміхаецца Соф’я Леанідаўна, прыбіраючы з ілба непаслухмяную пасмачку валасоў. – Пайду ўнукаў гадаваць, хопіць, што ўласныя дзеці раслі без нагляду. Ды і бацькам, што жывуць на Піншчыне, клопат патрэбен. Асабліва надакучваць яны не хочуць, але мне усё часцей хочацца дзяліць з імі турботы старасці і сустракацца не толькі ў святы.
Яна мужна шукае апраўданне выпакутаванаму рашэнню развітацца з любімай работай, хоць і ў думках, і на словах не саромеецца сумна спытаць: як буду без іх – вяскоўцаў, што за доўгі час работы сталі блізкімі, бы родныя людзі? І не знаходзіць адказу…
Зразумела, з часам усё ўсталюецца. Свядомасць як належнае прыме новы жыццёвы паварот, не такімі трывожна-балючымі акажуцца ўспаміны. Хіба толькі след, пакінуты вясковым фельчарам у лёсах жыхароў Ракітна, застанецца нязменна яркім і па-добраму светлым, быццам цёплы сонечны прамень, што здолеў прабіцца праз сцюжу жыццёвых нягод.
КАЛІ НЕ ПАМЫЛЯЕЦЦА СЭРЦА
Галоўнай медыцынскай сястры УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Святлане ГАРАГЛЯД несумненна пашанцавала ў жыцці. На яе прафесійнае сталенне прыпалі самыя знакавыя падзеі ў развіцці лунінецкай медыцыны. І галоўная з іх – увод у строй новай раённай бальніцы.
Зрэшты (і ў гэта цяжка паверыць, бо Святлана Антонаўна – маладая і вельмі прывабная жанчына), праектаваліся карпусы якраз тады, калі яна пасля заканчэння тагачаснага Гродзенскага медыцынскага інстытута вярнулася на радзіму дыпламаваным спецыялістам.
Праз нейкі час новабудоўлю “замарозілі”, і гэта быў, бадай, самы сумны перыяд за ўвесь час работы на ніве медыцыны. І не толькі для Святланы Гарагляд. З дакорам глядзелі на свет пустымі аканіцамі закінутыя гмахі, быццам нема дакаралі за чалавечую безгаспадарчасць. Затое калі будоўля “ажыла”, радасці медыкаў не было мяжы.
А для галоўнай медыцынскай сястры гэты час стаў сапраўдным выпрабаваннем. Неаднойчы даводзілася ўдзельнічаць ў сумесных з будаўнікамі рабочых планёрках, звяртаць увагу на шматлікія дробязі, якія іншы раз выпадалі з поля зроку рабочых, але ад якіх залежалі зручнасць і камфорт пацыентаў.
Святлана Антонаўна і сёння не пазбавілася гаспадарскай рысы ў падыходзе да справы: звяртае ўвагу не толькі на якасць работы сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу (а іх у падпарадкаванні амаль 800 чалавек), але і на парадак у бальнічных памяшканнях і на падведамаснай тэрыторыі. Дарэчы, кветнікі, якімі здзіўляе сёння ўсіх бальнічны двор, у немалой ступені заслуга галоўнай медсястры.
А яшчэ Святлана Гарагляд імкнецца ісці ў нагу з часам, бо, як кажа сама, стаяць на месцы не дазваляе характар. Гэта яна некалі пераканала кіраўніцтва бальніцы ў неабходнасці адкрыць на базе медустановы абсалютна новае аддзяленне – касметалагічнае. Сёння, каб тарпіць на прыём да спецыялістаў (а сярод іх і сама Святлана Антонаўна) запіс на тыдні наперад. Сучаснае абсталяванне і найноўшыя прэпараты, а таксама прымальны кошт робяць запатрабаванымі абсалютна ўсе касметалагічныя працэдуры.
А яшчэ Святлана Антонаўна цудоўная мама дачушкі і сына. Адказваючы на пытанне, як у сям’і ўдаецца сумяшчаць неспакойную работу жонкі-медыка і не менш клапатлівую і рызыкоўную – мужа-праваахоўніка, заўважыла: “Проста, трэба вельмі любіць тое, чым займаешся”. Яно і так: розум засцеражэ ад таго, што рабіць няварта, і толькі сэрца падкажа, якой справе прысвяціць жыццё. Сэрца Святланы Гарагляд не памылілася.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть