«Цярпенне, усмешка і жаданне зразумець» Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (Лунінецкі раён)
ЗдоровьеМикашевичиНовости районаОбщество

«Цярпенне, усмешка і жаданне зразумець» Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (Лунінецкі раён)

Цярпенне, усмешка і жаданне зразумець — усё гэта спатрэбіцца для стасункаў з дзецьмі, у якіх ёсць пэўныя праблемы па здароўі. Гэта не па чутках ведае калектыў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі на чале з дырэктарам Ірынай Яцукевіч. У сценах будынка па вуліцы Крупскай, 3 у Лунінцы пануе свая атмасфера. Кожная дэталь інтэр’ера, створанага ўмелымі рукамі таленавітых работнікаў, прасякнута любоўю. Трапіўшы сюды, пераконваешся, што фармалізму і абыякавасці тут не месца, таму што хлопчыкі і дзяўчынкі гэта адчуваюць асабліва востра.

Нядаўна тыдзень для калектыву прайшоў пад сімвалічным дэвізам “Вучымся жыць разам”. Яго мэта – расказаць пра людзей з аўтызмам. Нагадаем, што яны пакутуюць на расстройства развіцця, пры якім мозг і нервовая сістэма функцыянуюць нетыпічна: складана даюцца стасункі, праблематычна наладжваюцца сацыяльныя ўзаемадзеянні, цяжка прытрымліваюцца правілаў паводзін. Сваю ўвагу канцэнтруюць на асобных дэталях, ім уласцівы высокі ўзровень трывогі і сэнсорныя асаблівасці. Падобная інфармацыя лягла ў аснову тэматычных матэрыялаў, падрыхтаваных для класных гадзін у лунінецкіх СШ №3 і №2, а таксама гімназіі. Дарэчы, на сустрэчах у апошніх дзвюх установах адукацыі пабывала сацыяльны педагог Валянціна Лаская.

– Дапамагчы малышу з аўтызмам могуць ранняя дыягностыка, рэабілітацыя і педагагічнае суправаджэнне, – гаворыць намеснік дырэктара Наталля Бярозка. – З такой задачай нашы спецыялісты спраўляюцца паспяхова.

І гэта не проста словы. Упэўніліся на справе, калі зазірнулі ў клас настаўніцы Іны Грыневіч. На ўроку прысутнічалі 8 хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту. Было бачна, што да сэрца кожнага выхаванца Іна Рыгораўна падабрала свой ключык. Зрэшты, здзіўляцца няма чаму: у калектыў прыйшла з моманту адкрыцця груп – практычна 20 год таму. Падчас нашага візіту дзеці азнаёміліся з чарговымі тэмамі па асновах жыццядзейнасці, гаспадарча-бытавой працы, камунікацыі, музычна-рытмічным і карэкцыйным занятках. Многія неаднаразова парадавалі пэўнымі поспехамі бацькоў і педагогаў.

– Паверце, за перыяд навучання мы прывыкаем да сваіх выхаванцаў, – зазначыла настаўніца. – Застаемся сябрамі з іх мамамі і татамі нават, калі нашы дарогі разышліся. Цікавімся лёсамі выпускнікоў. У большасці яны пераходзяць “пад крыло” работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У наступным годзе развітаюцца з цэнтрам 9-класнікі настаўніцы Таццяны Куліш, якая рэалізоўвае праграму спецыяльнай адукацыі. Вучні якраз займаліся лепкай і з радасцю прадэманстравалі яркія і акуратныя работы. Таццяна Уладзіміраўна, чый педагагічны стаж вылічваецца дзесяцігоддзямі, пра кожнага выхаванца можа расказваць бясконца. Усе яны – актыўныя ўдзельнікі розных мерапрыемстваў. У некаторых ёсць здольнасці ў матэматыцы, чытанні, пісьме. У кагосьці праяўляюцца гаспадарлівыя адносіны, імкненне дапамагчы бліжняму. Іншы раз яны не супраць паразважаць аб жыцці ці пабыць псіхолагам: выслухаюць, супакояць, пашкадуюць, абдымуць… Але ўсіх аб’ядноўваюць неверагоднае жаданне адабрэння і шчырае чаканне пахвалы ў свой адрас. І дарослыя не скупяцца на цёплыя словы і пачуцці!

– Магу смела назваць сваю работу цяжкай, але я вельмі люблю дзяцей, – прызнаецца педагог. – Яны ў мяне самыя лепшыя, добрыя, матываваныя. Заўсёды радуюся няхай і самым маленькім, але ўсё ж перамогам. Для бацькоў, якім выпала далёка нялёгкая ноша, гэта таксама важна. І яны цэняць намаганні калектыву цэнтра.

Згодна з такім меркаваннем настаўнік-дэфектолаг дашкольнай групы Ганна Ярмашук. Яе можна лічыць прафесіяналам, які знаходзіць кантакт з дзецьмі, мамамі і татамі вось ужо 20 год запар. Працоўную біяграфію выпускніца педагагічнага вучылішча пачынала ў Любачынскай школе. Разам з першымі крокамі на ніве адукацыі ўладкавала сямейнае жыццё. Пасля дэкрэтнага водпуску новым месцам работы стаў карэкцыйна-развіваючы цэнтр. З разуменнем кіраўніцтва аднеслася да жадання завочна закончыць універсітэт. За перыяд сесій Ганна Адамаўна паспявала засумаваць па выхаванцах, таму з радасцю прыступала да абавязкаў. Сёння дэфектолаг шчыруе ва ўсіх сферах, дзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак могуць быць парушэнні. Наколькі гэта ўдаецца, бацькі бачаць на індывідуальных адкрытых занятках, а дома – замацоўваюць навыкі.

У базе дадзеных цэнтра налічваецца 14 юных жыхароў Лунінеччыны, у якіх, акрамя іншага, назіраюцца расстройствы аўтыстычнага спектра. У свеце ж людзей з падобнымі праблемамі вельмі многа. І важна не лічыць іх хворымі, а адносіцца крыху дабрэй і цярплівей. Мы разам вучымся быць талерантнымі і павінны прымаць чалавека такім, які ён ёсць. Памятайце аб гэтым!

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ 

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть