У Лунінецкім раёне колькасць захворванняў гепатытамі больш чым у тры разы ніжэй абласнога ўзроўню
ЗдоровьеМикашевичиНовости районаОбщество

У Лунінецкім раёне колькасць захворванняў гепатытамі больш чым у тры разы ніжэй абласнога ўзроўню

Па інфармацыі Лунінецкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у першым паўгоддзі на Лунінеччыне колькасць выяўленых парэнтэральных вірусных гепатытаў засталася на мінулагоднім узроўні – 3 выпадкі. Паказчык захворваемасці складае 4,6 – на 100 тысяч насельніцтва, тады як на Брэстчыне – 15,9. Усяго ж на дыспансерным уліку знаходзяцца 278 чалавек.

Расказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталь Дзегцяроў:

– Гэпатыт – гэта запаленчае захворванне печані, як правіла, віруснага паходжання. Існуюць пяць асноўных тыпаў – A, B, C, D і E. Яны адрозніваюцца, маюць свае шляхі перадачы, закранаюць розныя групы насельніцтва і прыводзяць да шматлікіх наступстваў для здароўя. Гепатыты А і Е перадаюцца праз брудныя рукі, з вадой ці ежай, якая змяшчае вірус, а вось астатнія – праз кроў і іншыя біялагічныя вадкасці: напрыклад, падчас ін’екцый, манікюру, педыкюру, пірсінгу, татуажу. Сумна могуць закончыцца неабароненыя палавыя кантакты. Рызыка ўзрастае ў некалькі разоў пры частай змене партнёраў. А яшчэ маці можа перадаць інфекцыю дзіцяці, што адбываецца падчас родаў. Вось чаму асаблівай увагі патрабуе своечасовая дыягностыка пры цяжарнасці.

Таксама трэба быць асцярожным пры бытавых кантактах, калі з блізкіх хтосьці хварэе. Вірус не перадаецца са сліной, пры размове, чыханні, поціску рукі, абдымках, карыстанні агульным посудам. Небяспеку ўяўляюць толькі тыя прадметы, на якія можа трапіць кроў: брытвенныя і манікюрныя прыналежнасці, зубная шчотка, расчоска, мачалка, ручнік. Для кожнага з членаў сям’і гэтыя рэчы павінны быць індывідуальнымі.

Каб сябе засцерагчы, варта адмовіцца ад ужывання наркотыкаў, захоўваць вернасць партнёрам, выкарыстоўваць асабістыя прыналежнасці ў быце, прайсці вакцынацыю.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть