Да шчасця – праз фарбы «крочыць» лунінчанка Вольга Калянковіч
Заўсёды захаплялася людзьмі, якія ўмеюць ствараць прыгожае амаль з нічога – з кавалка каменю, палоскі тканіны, чыстага аркуша паперы…
Лунінчанка Вольга Калянковіч – менавіта з такіх людзей. Адным узмахам яе пэндзліка нараджаецца цэлае жыццё… Новае, незвычайнае, таямнічае, прыгожае. Белы ліст раптам распускаецца дзясяткамі яркіх сланечнікаў, ажывае агнямі невядомага вячэрняга горада, заманьвае маўклівым, вечна філасофскі-задуменным Месяцам… Гэтаму яна вучыць і сваіх выхаванцаў, якія з задавальненнем наведваюць аб’яднанне па інтарэсах Лунінецкага ЦДТ “Чароўны пэндзлік”.
На пытанне з чаго ўсё пачалося і што прымусіла ўзяцца за фарбы, Вольга Калянковіч адказвае:
– У свой час сама была выхаванкай ЦДТ. Наведвала многія гурткі, але самым захапляльным і цікавым стаў “мастацкі роспіс па дрэве” пад кіраўніцтвам Аксаны Куліковіч, якая сваёй дабрынёй, эмацыянальнасцю і прагай да творчасці падштурхнула мяне звязаць жыццё з педагогікай. Пасля заканчэння СШ №2 г. Лунінца паступіла ў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт мастацтва і дызайну.
Вольга Віктараўна ў свеце мастацтва не навічок. У 2018-ым споўніцца 5 год, як яна ў новым статусе пераступіла парог Цэнтра дзіцячай творчасці.
– Займаюся з выхаванцамі – на гадзіннік не гляджу, – заўважае малады педагог. – Прыемна назіраць, калі яны ствараюць…
Вакол яе заўсёды дзеці. Нават падчас нашай размовы вучні то звярталіся за дапамогай, то прыхіляліся да педагога, нібы сарамлівае немаўля да маці, то абдымалі, з інтарэсам слухаючы яе гісторыі. Яно і зразумела, чаму яны так цягнуцца да настаўніцы. Вольга Віктараўна не ідзе па шляху правядзення стандартных заняткаў, а імкнецца ўнесці ў іх нотку крэатыву і арыгінальнасці. Праз гутаркі, цікавыя гісторыі пра мастакоў і мастацтва, сустрэчы і іншыя формы развівае прагу дзяцей да прыгожага. Так нараджаюцца сюжэты і карціны…
– Кожнае дзіця геніяльнае па-свойму. Галоўнае – заўважыць здольнасці і падтрымаць схіль-насці.
Многія навучэнцы ў той ці іншай ступені перанялі ад выкладчыцы жаданне і ўменне ствараць прыгожае, увасабляць чароўныя ідэі ў рэальнае жыццё:
– Вольга Віктараўна вельмі энергічная і таленавітая. Усё імкнецца паспець, паспрабаваць, рэалізаваць. Добразычлівая, пазітыўная, ініцыятыўная і заўсёды сустракае ўсмешкай. А яшчэ – зусім не крычыць, а цярпліва тлумачыць і выпраўляе памылкі.
Разам з вучнямі Вольга Калянковіч стала актыўнай удзельніцай і пераможцай многіх раённых і абласных мерапрыемстваў. На першым годзе работы скарбонку дасягненняў ЦДТ папоўнілі Дыпломы рэспублікан-скага ўзроўню. Яе выхаванцы занялі ганаровае першае месца ў выставе-конкурсе “Калядная зорка” і трэцяе – у “АрхНавацыя”.
– Жывапіс для мяне – спосаб выказацца, – прызнаецца мастачка. – Расказаць свету, якім я яго бачу, якія эмоцыі выклікае ў мяне падзея або нечыя словы. Маім работам не ўласціва фатаграфічная дакладнасць – гэтаму вучу і дзяцей. Падчас заняткаў іншы раз чую: “Рэчка зусім непадобная на сапраўдную. І дрэвы там растуць зусім іншыя”. Справа не ў дрэвах – кажу я ім. І не ў канкрэтыцы пейзажа, над якім вы працуеце. Самае каштоўнае ў кожным творы – асабісты погляд аўтара.
У класе Вольгі Віктараўны не бывае пуста – там заўсёды ідзе работа. Хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігаюць таямніцы аднаго з самых магічных відаў мастацтва – жывапісу, шукаюць уласныя сюжэты і колеры. А яшчэ яны вельмі любяць сваю выкладчыцу. І, здаецца, я ведаю – за што…