Дачка святога
Дачка святога — настаўніца матэматыкі СШ №2 г. Лунінца Ларыса Пераверзева (1922-1989).
Упачатку 1940-ых дзве сястры з Міншчыны паявіліся ў Кажан-Гарадку. У старажытным паселішчы настаяцелем Свята-Мікалаеўскага храма служыў іх дзед па маці — протаіерэй Мікалай Рудзько. Па дасягненню ўзросту ён выйшаў за штат. Бацькі пераехалі да малодшай дачкі (і вандравалі ўслед за зяцем-свяшчэннікам). Старэйшая ж унучка засталася працаваць настаўніцай мясцовай школы. У 1948-ым завочна закончыла фізіка-матэматычны факультэт Пінскага настаўніцкага інстытута (а вось працягнуць набыццё адукацыі ў БДУ ёй не дазволілі ўлады — па надуманых прычынах адмаўлялі ў прыёме дакументаў…). У гэты час уладкавалася ўжо ў чыгуначную школу Лунінца, дзе ніхто не ведаў сумнай сямейнай тайны калегі.
Пэўна, ёй было наканавана застацца ў нашым горадзе. Адначасова з дзённай СШ, выкладала матэматыку і ў вячэрняй школе. Тут працягваў вучобу, што прыпыніла вайна, ураджэнец Курскай вобласці, былы франтавік Аляксей Пераверзеў, які працаваў памочнікам машыніста паравознага дэпо. Настаўніца і вучань пакахалі адзін аднаго. I іх, перафразуючы назву кінастужкі, “Вясна на Чырвонаармейскай вуліцы” (дзе неўзабаве пабудавалі “хрушчоўку” для чыгуначнікаў) працягвалася ўсё жыццё.
У маленькай кватэры выраслі трое дзяцей. Мама паказвала ім фотаальбом з дыхтоўнымі здымкамі пачатку XX стагоддзя. Кожны быў падпісаны: “Брат майго дзеда… — афіцэр царскай арміі”, “Мая бабуля. — студэнтка Кіеўскага вышэйшага вучылішча жывапісу”, “Сястра майго бацькі… — заслужаная настаўніца БССР”, “Мой пляменнік Яўген Мігай, выпускнік Бауманскага вучылішча, які ў вайну скасаваў “бронь” і ў 1943-ім загінуў у танкавым змаганні пад Прохараўкай”… Фотаальбом яскрава занатаваў мінулае роду. Аднак, у нядаўняй гісторыі нашай краіны былі такія трагічныя старонкі, што дагэтуль прымушаюць да пакаяння. Гэта — неабгрунтаваныя рэпрэсіі розных год.
Дагэтуль няма дакладных звестак аб лёсе Уладзіміра Талюша (1891-1933). Вядома, што сын дыякана закончыў Мінскую духоўную семінарыю і выкладаў у царкоўна-прыходскіх школах. У 1914-ым быў мабілізаваны ў царскую армію і мужна змагаўся на франтах Першай сусветнай вайны. У 1920-ым, ажаніўшыся з дачкой духоўнай асобы, быў рукапаложаны ў свяшчэнніка. Служыў у прыходзе сваёй роднай вёскі Залужжа Старадарожскага раёна. З узмацненнем пазіцый Савецкай улады больш жорсткай была і барацьба “ваяўнічых бязбожнікаў” з рэлігіяй. Калі стала немагчымым выплаціць падаткі і Свята-Георгіеўскаму храму пагражала закрыццё, настаяцель звярнуўся да прыхаджан за дапамогай. Хтосьці паскардзіўся ўладам — і ў 1933-ім свяшчэнніка арыштавалі. За возам, на якім увозілі бацьку, з плачам беглі дзеці, не слухаючы нецэнзурнай лаянкі, якой адганялі канваіры. Толькі пушчаная ў ход плётка прымусіла спыніцца.
У сямейным архіве захаваўся адзіны фотаздымак — і некалькі паданняў. Быццам адукаванага свяшчэнніка не расстралялі ў Мінскай турме, як большасць яго братоў па сану. Веданне французскай і англійскай моў спатрэбілася на будаўніцтве Беламорканала. Туды і накіравалі Уладзіміра Талюша перакладчыкам тэхнічнай дакументацыі. Быццам бы бабуля Зінаіда Мікалаеўна ў лагеры наведала мужа і потым жыла надзеяй на яго вызваленне. На жаль, памерла ў 1946-ым. Дакументальна гэты факт не пацверджаны. Жыціе свяшчэннапакутніка, які кананізаваны Беларускай царквой у 1999-ым і ўнесены ў спіс Новапакутнікаў і Спавядальнікаў Расійскіх у 2000-ым, абставіны гібелі выкладае наступным чынам: “Асуджаны да 10-ці год турмы, у зняволенні і прыняў пакутніцкую канчыну».
На ўрачыстасці з нагоды ўшанавання дваццаці трох святых Мінскай епархіі, сярод якіх — і Уладзімір Талюш, былі запрошаны яго нашчадкі. Усе яны маюць вышэйшую адукацыю. Цікава, што нават у замужжы ўнучкі захавалі прозвішча свайго бацькі, — яны Пераверзевы. Алена асталявалася ў Вялікіх Чучавічах, дзе ў свой час сям’я маладых спецыялістаў атрымала кватэру. У Лунінцы засталася Зінаіда, якая падтрымлівала на схіле год бацькоў. Iнжынер Лунінецкай кацельні цяпер зберагае гісторыю роду:
— У свядомасці не ўкладваецца, за што знішчалі людзей, якія ўзбагачалі інтэлект і духоўнасць нацыі?! Мяркую, што гэта несправядлівасць ляжыць у аснове многіх заганаў. Застаецца звяртацца, у тым ліку і да іконы дзеда: свяшчэннапакутнік Уладзімір, малі Бога за нас.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.