День молодежи 2016
У раёне шумна і весела адсвяткавалі Дзень моладзі. Сотні юнакоў і дзяўчат прыйшлі ў гэты дзень на пляцоўку каля Лядовай арэны, каб прыняць удзел у разнастайных мерапрыемствах.
Свае акцыі правялі райкам БРСМ і Чырвоны Крыж. З паказальнай праграмай выступіў клуб «Самурай»
і лепшыя спартсмены па пауэрліфцінгу.
Падчас конкурсу па фігурным ваджэнні веласіпеда ўсе жадаючыя маглі прадэманстраваць свае ўменні, а самыя здольныя ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Крыху пазней пачалі работу пляцоўка “Спяваем караоке” і фотавыстава “Савецкая моладзь”. Самыя маленькія мелі магчымасць паказаць свае таленты падчас конкурсаў малюнкаў на асфальце, “Рыбалка” і “Гарадскі паляўнічы”. Шмат жадаючых было сфатаграфавацца з роставымі лялькамі і паўдзельнічаць у акцыях “Бурбалкі” і “Моладзь супраць СНІДу”.
Актывісты валанцёрскага руху райкама БРСМ «Добрае сэрца» разгарнулі маштабную дзейнасць па зборы прысмакаў, цацак і іншых канцылярскіх тавараў для дзяцей з сацыяльнага прытулку.
Бурнымі апладысментамі сустракалі маладых перадавікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый падчас узнагароджвання пераможцаў конкурсу “Малады чалавек года”.
Увесь вечар працавалі разнастайныя атракцыёны, а заканчэннем свята стала маладзёжная дыскатэка.